Беларуская Служба

Польскі партал піша пра Арыну Сабаленку, якая «сядзіць на двух крэслах»

23.06.2023 19:03
«Яна сказала, што не падтрымлівае Лукашэнкі «ў гэты момант». Слова «ў гэты момант» мяне засмучае».
Арына Сабаленкаtwitter.com/TheTennisLetter

Буйнейшы польскі партал wp.pl заняўся тэмай адной з найлепшых ракетак свету Арыны Сабеленкі і яе палітычных поглядаў. Для гэтага польскія журналісты апыталі некаторых беларускіх спартоўцаў, якія выказалі сваё меркаванне і падтрымалі народ падчас мірнай рэвалюцыі 2020 года. Пасля нападзення Расіі на Украіну, падчас якога лукашэнкаўская Беларусь выступіла ў ролі суагрэсара, Сабаленка ўхілялася ад палітычных дэкларацый, нягледзячы на пытанні журналістаў. Партал зазначае, што раней Сабаленка часта фатаграфавалася з дыктатарам, а сам Лукашэнка падымаў тост за яе перамогу падчас Australian Open 2023.

Валейбаліст Артур Удрыс, які падтрымаў беларускі народ у 2020 годзе, гаворыць, што словы Арыны Сабаленкі на Адкрытым чэмпіянаце Францыі па тэнісе нікога не пераканалі. «Яна сказала, што не падтрымлівае Лукашэнкі «ў гэты момант». Слова «ў гэты момант» мяне засмучае», – сказаў Удрыс. Валейбаліст зазначае, што ў 2020 годзе, калі частка беларускіх спартоўцаў выказалася супраць насілля, Сабаленка «не была з намі». «Тады мы ўбачылі, хто падтрымлівае народ, а хто стараецца «сядзець на двух крэслах». Яна з самага пачатку сядзела на двух крэслах. Калі мы пратэставалі супраць фальсіфікацыі выбараў, Сабаленка рабіла выгляд, што нічога не адбылося. Толькі раз напісала ў Інстаграме, што яна – супраць насілля адносна нявінных людзей, але не зазначыла, хто адказны за гэтае насілле», – зазначае Артур Удрыс.

Былы капітан жаночай беларускай зборнай па баскетболе Кацярына Сныціна выказвае падобнае меркаванне. «Арына Сабаленка сябе паводзіць, быццам бы не можа вырашыцца. Я пагадзілася з тым, што не вярнуся ў Беларусь, пакуль там існуе рэжым. Магчыма, яна баіцца шмат што страціць. Хоць я ведаю людзей, якія выказалі сваю грамадскую пазіцыю і былі прымушаныя пакінуць сваю радзіму, не маючы грошай», – гаворыць спартоўка. «Сабаленка пасля выбараў апублікавала толькі адзін пост, у якім асудзіла насілле. Ад пытанняў, датычных вайны ва Украіне, яна ўхіляецца. Ад спартоўцаў такога маштабе чаканні нашмат большыя», – зазначае Кацярына Сныціна.

вс