Беларуская Служба

Беларускае Купалле ў Варшаве: вяртанне да таго адзінства, якое прынёс беларусам 20-ты год

26.06.2023 12:02
Беларусы вучыліся танцаваць народныя танцы, плялі вянкі, слухалі песні Піта Паўлава, польска-беларускага гурту Ясакара і сям’і Бартосікаў. 
Аўдыё
  • Беларускае Купалле ў Варшаве
   .
Беларускае Купалле ў Варшаве.фота: БСПР/нг

Былі беларускія народныя танцы, пляценне вянкоў, вогнішча і настальгічныя песні. Беларусы Варшавы, госці польскай сталіцы ды ўсе, каго цікавіць старажытны абрад, удзельнічалі ў традыцыйным святкаванне летняга сонцастаяння – Купальскай ночы. Пляж на беразе Віслы быў сведкам цікавых традыцый – беларусы вучыліся танцаваць народныя танцы, плялі вянкі, слухалі песні Піта Паўлава, польска-беларускага гурту Ясакара і сям’і Бартосікаў. Купалле зладзіў Цэнтр беларускай салідарнасці і Тэатр «Купалінка».

Васіль, адзін з вядучых мерапрыемства: Праграма насычаная. На беразе Віслы сабраліся ініцыятары Купалля з Тэатра «Купалінка» і Цэнтру Беларускай Салідарнасці, каб зладзіць традыцыйную імпрэзу. Сабралася шмат людзей. Зараз будзе граць Піт Паўлаў, праспяваюць спадар Бартосік з сям’ёю. Паралельна расказваем пра Купалле – адно з нашых традыцыйных святаў. Гэтае паганскае фактычна свята захавалася пры хрысціянстве. Па традыцыі, усё дрэннае палілася ў святым вогнішчы, а людзі збіраліся разам, каб супрацьстаяць ліху. І таксама варажылі, каб даведацца сваё будучае. Як правіла, гэта пытанне пра суджанага (суджаную). Але гісторыя развіваецца на нашых вачах, магчыма, мы даведаемся нечага большага.

Гэта быў дзень, калі людзі змагаліся з ліхам перш за ўсё ўнутры сябе. Нашы продкі верылі, што зло матэрыяльнае, яго трэба прагнаць, раніцай у гэты дзень абмыцца святой расой, прайсціся ў збожжы. У гэты дзень нават зёлкі набывалі сваю лекарскую моц. Таму збіралі зёлкі, а сімвалам шчасця была папараць-кветка.

Наталля Локіць з калектыву «Купалінка»: Вырашылі сабрацца, паспяваць, пагуляць у беларускія народныя гульні, сплесці вяночкі, загадаць жаданні. У беларусаў цяпер адно жаданне, якое ўсё больш падмацоўваецца. Калі мы сюды збіраліся, то казалі ў сям’і, што трэба гэтае жаданне пусціць у вяночку па Вісле. Мы ж, беларусы, любім верыць у цуды. Ведаеце, псіхолагі раяць часам адключаць тэлефоны, адрывацца ад навін. Тут можна гэта зрабіць. Таксама адчуць еднасць. Калі мы святкавалі Новы, 2021, год, сын мне сказаў, што ён хоча, каб у нашых сэрцах заўжды жыло тое, што адбывалася ў жніўні 20-га года – якія мы былі шчаслівыя, натхнёныя. Гэтыя святы нас крышку туды вяртаюць, калі мы адчувалі плячо адзін аднаго.   

Слухайце далучаны гукавы файл аўдыё

нг


Беларускае Купалле ў Варшаве. Беларускае Купалле ў Варшаве.
Беларусы прыйшлі з нацыянальнымі сцягамі. Беларусы прыйшлі з нацыянальнымі сцягамі.
Традыцыйныя танцы. Традыцыйныя танцы.