Rzeczpospolita паведамляе, што Польшчу наведвае ўсё больш замежнікаў, якія прыязджаюць сюды на адпачынак. Напрыклад, чэхі і венгры задаволеныя тым, што за адпачынак на курортах яны плацяць менш грошай, чым у сябе на радзіме. Адна з прычын, чаму замежнікі едуць у Польшчу, а не Іспанію ці Італію, гэта вялікая спякота гэтым летам.
У Польшчу ўсё часцей прыязджаюць іспанцы, якія маюць дамы на ўзбярэжжы Міжземнага мора. Яны здаюць іх замежнікам, якія прыязджаюць туды ў пошуках сонца, у тым ліку палякам, а самі едуць на польскія Мазуры ці на Балтыйскае мора. Бо ў іх яшчэ будзе сонца ў канцы верасня і ў кастрычніку.
Большасць замежнікаў – гэта брытанцы, немцы і скандынавы. Вялікая група турыстаў з Блізкага Усходу з'явілася ў Кракаве і Закапанэ, дзякуючы прамым авіяспалучэнням. А чэхі пачалі прыязджаць летась, іх усё больш.
«На дадзены момант Польшча мае гасцінічную базу абсалютна сусветнага ўзроўню. Нам не трэба мець абсалютна ніякіх комплексаў з гэтай нагоды», – лічыць Мацей Нюкель (Maciej Nykiel), дырэктар турагенцтва Nekera.
Аднак ён прызнае, што нельга параўноўваць адпачынак на польскім узбярэжжы з тым, што нам вядома з курортаў Карыбскага ці Міжземнага мора, бо гэта зусім розныя прадукты. Пачынаючы ад тэмпературы марской вады ці колькасці цёплых сонечных дзён і заканчваючы адсутнасцю прапановаў all inclusive (усё ўключана), да якіх палякі прывыклі за апошнія 25 гадоў.
нг