Дзве траціны тэрыторыі краіны пацярпелі ад раптоўных паводак; краіна сутыкнулася з найбуйнейшым стыхійным бедствам у сваёй гісторыі, заявіў прэм'ер-міністр Славеніі Роберт Голаб пасля пасяджэння Савета нацыянальнай бяспекі, піша польскі партал forsa.pl. Прэмʼер дадаў, што асабліва моцна пацярпела дарожная і энергетычная інфраструктура, а таксама сотні дамоў.
Даліна вёскі Чрна-на-Карошкем у паўночнай частцы краіны ўсё яшчэ цалкам адрэзана ад рэшты краіны, пітная вада туды будзе дастаўляцца па паветры, – сказаў прэмʼер Голаб. Пры гэтым славенскі прэмʼер-міністр ацаніў, што на дадзены момант няма неабходнасці ўводзіць надзвычайнае становішча, бо «ў краіне дзейнічае адна з лепшых у Еўропе сістэм дапамогі ў выпадку стыхійных бедстваў».
Паводле уладаў Славеніі, за апошнія два дні аднатавана каля 3 тыс. надзвычайных сітуацый, розныя ратавальныя мерапрыемствы праводзіліся ў 145 з 212 муніцыпалітэтаў Славеніі, а больш за 100 чалавек былі эвакуяваныя.
«Гэтыя лічбы гавораць пра катастрофу жахлівых маштабаў, якой Славенія не бачыла з часоў незалежнасці», – заявіла прэзідэнт краіны Наташа Пірц Мусар, якая адзначыла, што некалькі краін ужо прапанавалі дапамогу Славеніі. Ад сябе адзначым, што Польскі Чырвоны Крыж таксама накіраваў гумканвой у Славенію.
У чацвер і пятніцу ў Славеніі прайшлі моцныя дажджы і ў выніку адбыліся паводкі, загінулі як мінімум тры чалавекі. Некалькі гарадоў апынуліся пад вадой, разбураныя масты, а ўлады Любляны звярнуліся па дапамогу да суседняй Аўстрыі.
Славенія папрасіла Аўстрыю прыняць параненых у шпіталь у памежным горадзе Клагенфурт. Славенская міністр замежных спраў Таня Фаён размаўляла са сваім аўстрыйскім калегам Аляксандрам Шаленбергам, каб абмеркаваць апаражненне Аўстрыяй вадасховішчаў на рацэ Драва, якая цячэ з Аўстрыі ў Славенію. Фаён асцерагаецца, што азёры могуць разліцца, што прывядзе да далейшых разбурэнняў у Славеніі.
эж