Штогод 15 жніўня ў Польшчы адзначаюцца два святы: Войска Польскага і Маці Божай Зельнай, нагадвае інтэрнэт-выданне Gazeta Pomorska.
Свята Маці Божай Зельнай, а дакладней Унебаўзяцце Найсвяцейшай Дзевы Марыі, з'яўляецца святам Рыма-каталіцкай царквы – адным з самых старажытных святаў, якое бярэ свой пачатак яшчэ ў V стагоддзі.
У сваю чаргу, свята Узброеных сіл Рэспублікі Польшча, таксама вядомае як Дзень Войска Польскага, зʼяўляецца дзяржаўным святам.
У адпаведнасці з Законам ад 18 студзеня 1951 года аб непрацоўных днях, Унебаўзяцце Найсвяцейшай Дзевы Марыі 15 жніўня зʼяўляецца дзяржаўным святам. Гэта азначае, што 15 жніўня крамы, офісы, дзяржаўныя ўстановы не працуюць.
Чаму свята Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі называюць святам Маці Божай Зельнай? Як адзначыў кс. Рышард Валоўскі, гэта перш за ўсё звязана з гісторыяй Унебаўзяцця Марыі.
- Існуе шмат апокрыфаў, гэта значыць пабожных аповедаў, якія па простаму тлумачаць праўды веры. І ў адным з такіх апокрыфаў ёсць прыгожая гісторыя пра смерць і ўнебаўзяцце Марыі. Паводле апокрыфа, калі Маці Божая памерла, апосталы хацелі яе пахаваць. Цела паклалі ў труну, але прыйшлося чакаць, бо спазняўся Няверуючы Фама. Калі ён нарэшце прыбыў, хацеў убачыць цела Найсвяцейшай Панны Марыі. Калі труну адкрылі, цела Марыі не было ўнутры, толькі духмяныя лілеі і іншыя кветкі і травы. Свята Маці Божай Зельнай таксама звязана з порамі года. Сярэдзіна жніўня – час жніва, першыя дажынкі. Таму ў гэты дзень асвячаюцца кветкі, збожжа, зёлкі і гародніна.
Унебаўзяцце Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Рыма-каталіцкай царкве зʼяўляецца абавязковым святам. Гэта азначае, што ў гэты дзень католікі абавязаны ўдзельнічаць у святой імшы.
15 жніўня – Дзень Войска Польскага
Другое свята, якое адзначаецца 15 жніўня, гэта Дзень Войска Польскага, які быў заснаваны ў памяць Варшаўскай бітвы (яе таксама называюць Цудам на Вісле). Гэта была пераможная бітва ў 1920 годзе падчас польска-бальшавіцкай вайны. Варшаўская бітва вызначыла незалежнасць Польшчы і сарвала планы распаўсюджвання рэвалюцыі на Заходнюю Еўропу.
Афіцыйная назва гэтага свята – свята Узброеных Сіл Рэспублікі Польшча. Яно было ўведзена актам Сейма ад 30 ліпеня 1992 года.
яс