Беларуская Служба

У Польшчы выбралі «Спартоўца 2023 года» - ім стала сусветна вядомая тэнісістка Іга Свёнтэк

08.01.2024 19:44
У мінулым годзе дзяўчына таксама стала лаўрэаткай гэтага прэстыжнага звання.
Аўдыё
  • У Польшчы выбралі «Спартоўца 2023 года»
Iga Świątek
Iga ŚwiątekPAP/EPA/STEVEN MARKHAM

У Польшчы выбралі «Спартоўца 2023 года» - ім стала сусветна вядомая тэнісістка Іга Свёнтэк. Дарэчы, у мінулым годзе дзяўчына таксама стала лаўрэаткай гэтага прэстыжнага звання.

Іга Свёнтэк, несумненна, найбольш вядомы ў свеце польскі спартовец у апошнія гады. Яе прозвішча бадай што з прозвішчам футбаліста Роберта Левандоўскага ведаюць усе прыхільнікі спорту ў свеце. Але Роберт на гэты раз не трапіў нават у дзясятку прэтэндэнтаў да прэстыжнага звання.
Свёнтэк цяжкай працай і сваімі дасягненнямі заслужыла, каб быць «Спартоўцам 2023 года». Яна выйграла 68 матчаў, заваявала шэсць званняў, у тым ліку адзін у Турніры Вялікага шлему, заняла першае месца ў сусветным рэйтынгу тэнісістак і на кортах зарабіла амаль 10 млн долараў.
Карэспандэнт Польскага радыё паразмаўляў з іншай вядомай польскай тэнісісткай Агнешкай Радваньскай з нагоды прызнання звання «Спартовец 2023 года». Радваньска лічыць, што першае месца ў рэйтынгу для тэнісісткі – гэта добрая нагода для папулярызацыі тэнісу як спартовай дысцыпліны ў Польшчы.

- Я лічу, што так – гэта добрая нагода для папулярызацыі тэнісу, тым больш, што канкурэнцыя немалая: у рэйтынгу – найбольш вядомыя спартоўцы з розных спартовых дысцыплін. Іда Свёнтэк чарговы раз заняла першае месца. Я спадзяюся, што не апошні. Дзякуючы ёй тэніс, так бы мовіць, пайшоў уверх. Хацелася б, каб вядомых прозвішчаў польскіх тэнісістаў было як мага больш і каб тэніс станавіўся ўсё больш папулярным.

Польскае радыё задало таксама пытанне Агнешцы Радваньскай, на якога спартоўца яна глядзела з сімпатыяй? Вядомая тэнісістка адказала...

- Я захапляюся ўсімі, бо, нягледзячы на тое, што ў кожнай спартовай дысцыпліны свае асаблівасці, то кожны спартовец аддае ўсё, каб дасягнуць поспехаў. Гэта гады цяжэйшай працы і высілку, гэта вялізная дысцыпліна, адмова ад нармальнага жыцця, гэта не толькі поспехі, але і паразы... Гэта таксама слёзы, боль... Таму няма нейкай спартовай дысцыпліны лепшай, лягчэйшай альбо больш прыемнай. Гэта цяжкая праца.
Званне «Спартовец года», акрамя Ігі Свёнтэк, атрымалі таксама польскі спідвеіст Барташ Змарзлік, які заняў другое месца, і валейбалістка Аляксандра Сліўка, якая трапіла на трэцюю пазіцыю.

У дзясятку таксама ўвайшлі бягуння Наталля Качмарэк (4 месца), лыжны скакун Пётр Жыла (5 месца), кідальнік молада Войцех Навіцкі (6 месца), тэнісіст Губерт Гуркач (7 месца), байдарачніцы Мартына Клят і Гелена Вісьнеўская (8 месца), фехтавальшчыцы Рэната Кнапік-Мязга, Мартына Сватоўска-Вэнглярчык, Магдалена Паўлоўска і Эва Тшэбіньска (9 месца) і гальфіст Адрыян Мэронк.

Узнагароду ад імя Ігі Свёнтэк, дарэчы, як і год таму, прыняў яе бацька Томаш. Сама тэнісістка цяпер знаходзіцца ў Аўстраліі, дзе разам з польскай зборнай прайшла ў фінал турніру United Cup. Аднак Іга запісала кароткае прывітальнае відэа. «Спадзяюся, што аднойчы мне ўдасца быць на ўрачыстасці ўручэння звання «Спартовец года», – сказала тэнісістка.

«Спартовец года» прыдумала найстарэйшая польская спартовая газета Przegląd Sportowy («Спартовы агляд»), якая выдаецца з 1921 года па сённяшні дзень. Упершыню званне было прызнанае ў 1926 годзе. Пасля шведскай «Залатой медалі» газеты Svenska Dagbladet, якая ўручаецца з 1925 года, польскі спартовы конкурс – найстарэйшы ў свеце.

На конкурс 30 спартоўцаў выбірае капітул узнагароды, у склад якога ўваходзяць экс-спартоўцы, спартовыя журналісты і дзеячы. З гэтага складу грамадзяне выбіраюць найлепшых польскіх спартоўцаў за пасярэдніцтвам галасавання.

Рэкардысткай па атрыманні звання была польская лыжніца Юстына Кавальчык, якая займала першае месца ажно пяць разоў – з 2009 па 2013 гады.

вс

слухайце аўдыёфайл