Школа створана, каб дзеці маглі працягваць сваю беларускую адукацыю
Цудоўны стары будынак на ціхай вулачцы амаль над Вартай. Побач цэнтр гораду, Тумскі востраў адкуль пачынаўся горад.
У суботу тут чутны беларускія галасы. У адным з класаў урок беларускай мовы, у іншым беларускай гісторыі, а побач дзеткі развучваюць беларускія песні, асобна урок танцаў. Такое ўяўленне, што насамрэч патрапіў у Беларусь.
Кіраўнік Беларускай школы спадар Ілля распавядае, што працаваць яны пачалі ў верасні і зараз распачынаецца другая чэцверць навучання. Нагадвае, што ўсе іх вучні абавязкова наведваюць польскія школы, а сюды прыходзяць толькі па суботах.
Умовамі, у якіх адбываюцца заняткі, кіраўнік задаволены. І важна, паводле яго, што тут беларускім дзеткам створана знаёмая атмасфера. Маўляў, многія, калі пачалі наведваць польскія школы, не адразу да іх прызвычайваліся, паколькі ўся сістэма адукацыі, мова навучання – гэта ўсё вельмі новае для іх. І галоўнае, што тут яны маюць магчымасць не забывацца на сваю беларускасць.
-Адпачатку мэтай стварэння суботняй школкі было тое, каб дзеці найперш маглі працягнуць сваю беларускую адукацыю. І нягледзячы на тое, што большасць з іх у Беларусі вучыліся ў расейскамоўных школах, але тут, многія ўпершыню, маюць сапраўдныя беларускія заняткі з настаўнікамі, якія праводзяць з імі па-беларуску, а не проста робяць гэта дзеля выгляду. Гэта было нашай мэтай і мы робім гэта і зараз.
Спадар Ілля зазначае, што, ствараючы беларускую школку, было чаканне, што сюды прыйдуць беларускія дзеці з беларускай мовай, але большасць з іх ведаюць лепш расейскую і польскую, а таму працы перад настаўнікамі шмат.
-Але ў прынцыпе нешта рухаецца, нешта змяняецца. Я ўжо бачу, як дзеці часта карыстаюцца беларускімі словамі. Вось цяпер, калі мы калядавалі, дзеці былі з намі і часта дагаворвалі за калядоўшчыкаў патрэбныя фразы па-беларуску. І на бацькоў гэта таксама ўплывае. Наведваючы нашы канцэрты мерапрыемствы, яны таксама змяняюцца і ў іх шмат што адкладваецца ў галаве.
У школе зараз займаецца 40 беларускіх дзяцей. Хаця, як кажа суразмоўца, напачатку іх было ў два разы болей. У іх восем настаўнікаў і яшчэ некалькі прыходзяць на падпрацоўку займацца з дзецьмі.
-Кожны клас мае па чатыры ўрокі. Усяго ў нас пяць класаў згодна з узростам. А першых класаў два, бо найболей малых дзяцей. І ў гэтыя чатыры ўрокі ўваходзіць абавязкова беларуская мова і гісторыя Беларусі. А далей усё розніцца: нехта мае больш музыкі, нехта больш танцаў, а нехта болей малюе.
І самыя складаныя тэмы стануць зразумелымі, калі іх падаць цікава
Настаўніца беларускай мовы спадарыня Алена, размаўляючы са мной, падкрэслівае, што галоўнае дзеля чаго існуе гэта школа – каб дзеці маглі захаваць сваю беларускую ідэнтычнасць, ведалі, разумелі родную мову і маглі на ёй размаўляць.
-Дзеці размаўляюць кожны на сваёй мове, але ў класе імкнуцца адказваць па-беларуску і для іх гэта добрае развіццё, добры падмурак. Чым больш чалавек ведае моваў – тым больш для яго адкрыты свет. І тое, што закладваецца ў дзяцінстве потым недзе ўсплывае. Я спадзяюся, што і ў нашых дзетак некалі нешта ўсплыве, адкладзецца ў душы.
Настаўніца гісторыі, спадарыня Ларыса, кажа, што ўпершыню мае досвед, каб выкладаць свой прадмет малым дзеткам. Але, паводле яе, нават самыя складаныя тэмы, калі распавесці так, каб дзецям было цікава, яны абавязкова ўсё зразумеюць. Наагул, настаўніца кажа, што выкладаючы гісторыю Беларусі ў гэтай школе, ёй пастаянна даводзіцца прыводзіць гістарычныя параўнанні з тым, што адбывалася ў іншых краінах.
-Мы пачалі вывучэнне гісторыі з першабытнага грамадства, але пастаянна распавядаем дзецям пра ўзнікненне нашых народных святаў, традыцыяў. Вось сёння, да прыкладу, знаёміліся з тым, як з’яўлялася маёмасная няроўнасць, багатыя і бедныя на нашых землях, як пераходзілі ад матрыярхату да патрыярхату. Здавалася б складаная тэма, але ў нас у класе атрымалася гэта зразумець.
Настаўніца танцаў, спадарыня Наста падкрэслівае, што яе прадмет карысны не толькі таму, што дзеці развіваюць сваю фізічную актыўнасць. Яна таксама ставіць на мэце знаёміць іх з беларускімі нацыянальнымі танцамі, якія з’яўляюцца вялікай часткай любой культуры. І ўрэшце, паводле яе, любы культурны чалавек павінен умець танцаваць.
-Мы і традыцыйныя беларускія танцы вучым. Вось у першай чэцверці вывучылі традыцыйны беларускі танец. Ён просты, складаецца з двух простых рухаў, але яго сэнс у яднанні, калі шмат людзей па колу рухаюцца разам і могуць адчуваць адзін аднаго.
А вось настаўніца спеваў спадарыня Вольга ўпэўнена, што без песні не можа існаваць ніводзін народ. Паводле яе, для дзяцей і іх бацькоў існаванне такой школы ў эміграцыі вялікі падарунак.
-Дзеці, як правіла, песенную культуру свайго народу не ведаюць. Таму вельмі важна, калі яны прыходзяць на заняткі, слухаюць беларускія песні, запамінаюць нейкія словы і цэлыя моўныя звароты, убіраюць ў сябе нашы традыцыйныя полькі, пляскі, каб потым маглі гэта ўтрымаць і несці далей, бо без гэтага беларуская культура знікне. Песня – гэта душа народу.
Мы задаволеныя – гэта вельмі важна для нашых дзяцей
Пасля заняткаў у калідоры дзяцей чакаюць іх бацькі. Дарэчы, распавядаюць, што прыязджаюць сюды з самых розных мікрараёнаў гораду. Амаль усе кажуць, што гэта адзінае месца, дзе іх дзеці ўсе разам могуць быць у беларускім асяроддзі. Спадарыня Святлана ўпэўнена, што і дзецям тут падабаецца.
-Я асабіста вельмі радая, што ў нашых дзетак ёсць такое беларускамоўнае асяроддзе. Маёй дачцэ вельмі падабаюцца ўрокі танцаў і спеваў. Яна больш за ўсё гэтым захапляецца.
Спадарыня Алеся дадае:
-Гэта вельмі важна для нашых дзяцей, бо ім не стае стасункаў паміж сабой. Усе жывуць у розных кутках гораду і практычна не сустракаюцца. Таму гэтая школа такая своесаблівая пляцоўка для іх сустрэч. І яны з вялікай радасцю кожную суботу збіраюцца сюды, бо ведаюць, што могуць пабыць з сябрамі.
У спадарыні Юлі беларускамоўная сям’я, дзеці з дзяцінства выхоўваюцца па-беларуску. І таму для яе важна, што ёсць такая прастора, дзе яны могуць вучыцца і мець сяброў беларусаў. Ёсць, паводле яе, і іншыя выгады.
-Мне, як маме, гэта вельмі падабаецца. А калі яшчэ разглядаць гэта з пункту гледжання бацькоў, то суботай ты прыходзіш, аддаеш сваё дзіця на тры гадзіны ў бяспечную прастору і ў выходны дзень можаш займацца чым хочаш. І ў той самы час дзіця займаецца карысным: атрымлівае вельмі каштоўныя веды пра Беларусь, вучыцца беларускай мове, тут і танцы, тут і спевы і гісторыя. Я вельмі задаволеная.
Бачу, як дзеці пасля заняткаў на выхадзе са школы спяшаюцца распавесці сваім татам і мама, што сёння вывучылі. А калі бацькі развітваюцца па-расейску, папраўляюць і кажуць што на беларускай мове трэба казаць: да пабачэння.
Павел ЗАЛЕСКI
Слухайце аўдыё!