Якімі законамі ў Польшчы рэгулюецца служба ў войску і прызыў з запасу, прызыў добраахвотнікаў, падрабязна піша Марцін Карвоўскі, рэдактар BiznesAlert.pl.
У прыватнасці ў Законе аб абароне Айчыны сказана, хто абавязаны абараняць Радзіму:
Абавязак абароны Айчыны ўскладаецца на грамадзян Польшчы, якія паводле ўзросту і стану здароўя здольныя выконваць гэты абавязак. Грамадзянін Польшчы, які адначасова з'яўляецца грамадзянінам іншай краіны, не мае абавязку служыць, калі пастаянна пражывае па-за межамі Рэспублікі Польшча.
Што такое вайсковая служба? Яна дзеліцца на актыўную службу і рэзервовую. Другая дзеліцца на актыўны і пасіўны рэзерв. Варта памятаць, што рэзервіст – гэта вайсковец.
Хто не служыў у Войску Польскім і баіцца мабілізацыі пакуль можа спаць спакойна. У выпадку патрэбы спачатку мабілізуюць салдат запасу. Па-першае, у гэтым ёсць лагічныя прычыны: гэта людзі падрыхтаваныя і здольныя служыць. Па-другое, гэта дакладна прапісана ў Законе аб абароне Айчыны. Вайскоўцы запасу ў мірны час атрымліваюць мабілізацыйнае прызначэнне на зададзеную пасаду або для выканання пэўнай функцыі. У выключных сітуацыях грамадзянскія асобы могуць атрымаць працоўныя заданні. У абодвух выпадках размеркаванне ажыццяўляецца шляхам выдачы мабілізацыйнай карты ў мірны час.
Аднак у выпадку мабілізацыі або ваеннага становішча на ваенную службу могуць быць прызваны асобы, здольныя да ваеннай службы. Акрамя таго, у абедзвюх гэтых сітуацыях вы можаце добраахвотна служыць. Такі чалавек павінен быць паўналетнім і не старэйшым за 50 (для жанчын) і 60 (для мужчын). Інфармацыя аб прызыве на службу агучваецца шляхам выдачы прызыўной карткі або шляхам апублікавання. Прызначаная асоба павінна зʼявіцца ў прызначаны дзень або «неадкладна». Што гэта значыць неадкладна? У дадзеным выпадку да шасці гадзін. Прызыўнік павінен мець з сабой прызыўны білет, ваенную кніжку і службовае пасведчанне. Пажадана, але не абавязкова, браць з сабой таксама туалетныя прыналежнасці, запасную бялізну і паёк на адзін дзень.
Варта памятаць, што абавязак абараняцца вызначаны Канстытуцыяй. Прызыў у войска адбываецца падчас мабілізацыі, гэта значыць, прынамсі, калі існуе прамая знешняя пагроза для ўсёй краіны. Таму не варта здзіўляцца, што ў такой сітуацыі спробы незаконнага ўхілення ад службы ў войску караюцца пазбаўленнем волі.
Аўтар прыводзіць у артыкуле пра службу ў Войску Польскім выказванне міністра грамадзянскай абароны Швецыі Карл Оскара Боліна на канферэнцыі Folk och Försvars: «У Швецыі можа быць вайна, – чытаем у заяве міністра Боліна, апублікаванай на сайце ўрада Швецыі. – Галоўны мой намер – апеляваць не да вашага страху, а да вашага ўсведамлення сітуацыі. Я хачу адчыніць дзверы, якія часта заблакіраваны і пахаваны патрабаваннямі і выклікамі штодзённага жыцця. Дзверы, якія многія шведы, магчыма, трымалі зачыненымі ўсё жыццё. Дзверы ў прастору, дзе мы сутыкаемся з важным пытаннем: кім мы будзем, калі прыйдзе вайна?»
biznesalert.pl/вх