Беларуская Служба

Беларуская эмігрантка: «У Беларусі тэхнічна больш прасунутая бухгалтэрыя, але ў Польшчы да бухгалтара ставяцца больш па-чалавечы»

27.01.2024 12:13
Яна пакінулі бізнес у Беларусі і разам з мужам і трыма дзеткамі пераехалі ў Польшчу.
Аўдыё
  • Беларуская эмігрантка: «У Беларусі тэхнічна больш прасунутая бухгалтэрыя, але ў Польшчы да бухгалтара ставяцца больш па-чалавечы»
 .
Ілюстрацыйны здымак. Чамаданыфота: Pixabay.com/Kaserei

Пачыналі з нічога. Вывучылі мову, аднавілі бухгалтарскае агенцтва, прынялі на працу наёмных работнікаў, абслугоўваюць беларускія і польскія фірмы і мараць аб вяртанні дамоў.

Цяпер аб гэтым толькі згадваем

Спадарыня Вольга ў Беларусі працавала бухгалтарам. У свой час скончыла палітэхнічны ўніверсітэт. Разам з мужам арганізавалі турыстычную фірму, прымалі турыстаў з замежжа і адпраўлялі беларусаў паглядзець іншыя краіны.

-Часцей за ўсё мы прымалі турыстаў з Польшчы, хаця былі і з іншых краінаў. У нас была такая найбольшая атракцыя – беларуская вёска. Асабліва гэта любілі польскія турысты. На вогнішчы гатавалі гуся, альбо яшчэ нешта. У нас была там была свая сядзіба. Мясцовыя старэйшыя людзі паказвалі турыстам, як у Беларусі пякуць хлеб, наагул нашы беларускія традыцыі.

Спадарыня згадвае, што турыстам былі цікавыя беларускія традыцыі, многія імкнуліся не проста глядзець, але і спрабавалі самі ўдзельнічаць у працэсе,

-Турыстам у нас вельмі падабалася, бо многія прыязджалі да нас паўторна. Дарэчы, палюбілі нашы харчы: малочныя прадукты, цукеркі і розныя іншыя салодкія рэчы.

20-ы год змяніў жыццё

Мая суразмоўніца кажа, што і ім падабалася працаваць з замежнікамі. Імкнуліся рабіць усё, каб як мага шырэй наблізіць іх да беларускіх традыцый і беларускай прыроды. Але прыйшоў 20-год, які ўнёс свае карэктывы ў жыццё.

-Так, 20-год, склалася даволі складаная сітуацыя, стала небяспечна жыць у Беларусі. У нас дзеці, страшна стала і мы вырашылі з’ехаць, як і многія іншыя беларусы.

Праўда, як кажа суразмоўніца, нічога не забылася, усё засталося ў памяці і нават часта згадваецца.

-Тое, як людзі тады сабраліся ўсе разам, выйшлі на плошчу, праявілі такую волю. Мы такога самі не чакалі. Былі на пад’ёме эмацыйным. Праўда, з іншага боку было страшна, калі ідзеш па вуліцы з дзіцячай люлькай, а з падваротні выбягаюць людзі ў чорных масках. Гэта было жудаснае адчуванне. Нават калі цяпер гэта ўзгадваеш, то ідуць дрыжыкі па целу. Страшна.

У спадарыні Вольгі трое дзетак і яны ўсе разам папросту селі ў сваю машыну, загрузілі неабходныя рэчы і паехалі, як згадвае суразмоўніца, папросту ў нікуды. У Польшчы, нягледзячы на пандэмію, ім хутка давялося ўладкавацца.

-Напачатку было страшна, бо не ведаеш што рабіць, куды кідацца. Муж адразу, як і многія беларусы, пайшоў працаваць у таксі. І гэта нас выратавала, бо за яго заробак мы маглі аплаціць кватэру і ўтрымаць сям’ю. Потым ён стаў кіроўцам аўтобуса і мы нейкі час так жылі. А я пайшла вучыцца. Была на курсах, перавучвалася тут на бухгалтара. Было не проста, але ў мяне была моцная матывацыя, я разумела, што павінна гэта рабіць.

Цяпер цікавей весці бухгалтэрыю па-польску

Была яшчэ адна праблема. Па прыезду ў Польшчу на польскай мове мог размаўляць толькі муж, а спадарыня Вольга і дзеці мовай не валодалі. Яна кажа, што асвойвала мову паралельна з авалодваннем прафесіі бухгалтара на польскі лад.

-Цяпер мне ўжо цікавей працаваць з польскай мовай, бо гэта зусім па-іншаму, не так, як у Беларусі. Ты адчуваеш сябе ў два разы мацнейшай, бо магла гэта зрабіць на іншай мове. І мне гэта дадае нейкага азарту.

Паколькі бухгалтэрыя па-польску пакарылася маёй суразмоўніцы, яна разам з мужам адкрыла бухгалтарскае агенцтва і пачала прапаноўваць свае паслугі кліентам.

-Мы, як правіла, дапамагаем беларусам, якія сюды прыязджаюць і адкрываюць фірмы, ІП, мы вядзём у іх бухгалтэрыю.

-Вы так хутка зарыентаваліся…

-Справа ў тым, што я падобнае агенцтва адчыніла яшчэ ў Беларусі і быў досвед, а таму ідэя адкрыць тут сваё прысутнічала і я разумела, што трэба рабіць і ўсё, бо няма іншага выйсця.

Свая фірма, абслугоўваем беларусаў і палякаў

Усё пачыналася, як кажа спадарыня Вольга, павольна і паціху. Напачатку быў адзін, затым два кліенты, спрацавала сарафаннае радыё і цяпер дзеля таго, каб абслужыць усіх жадаючых у бухгалтарскае агенцтва набралі наёмных супрацоўнікаў з беларусаў.

Дарэчы, для перавучвання беларусаў вядзенню польскай бухгалтэрыі яна сама зрабіла адмысловы бухгалтарскі курс на расейскай мове, што дапамагае іншым асвоіць прафесію.

Цікаўлюся – ці моцна адрозніваецца вядзенне бухгалтэрыі ў Польшчы ад тае, што ў Беларусі?

-Розніца вялікая і перавучвацца неабходна. Найперш у падатках розніца. Тое, што ў нас значнае, то тут наадварот. У Беларусі бухгалтэрыя тэхнічна больш прасунутая, там выстаўляюць электронныя рахункі-фактуры і дзяржава адразу бачыць, што адбываецца. Мы рабілі гэта ўжо з 2016 года, а тут яшчэ дагэтуль іх не ўвялі. Гэта значыць польская дзяржава не настолькі кантралюе аперацыі ў бізнесе. Хаця стаўкі падаткаў тут вышэйшыя, чым у Беларусі. Але з іншага боку ў Польшчы значна спакайней весці бухгалтэрыю, няма такога гнёту, што калі не там паставіў коску, то цябе ўжо за гэта пакараюць. Можна заўсёды патэлефанаваць, патлумачыць памылку і на тым баку цябе заўсёды зразумеюць і не будзе ніякага пакарання. Тут гэта больш чалавечна і прасцей працаваць бухгалтару.

Няма дня, каб не ўзгадалі Беларусь

Як бы жыццё наладзілася ў чужой краіне. Але, як кажа спадарыня, кожны дзень у іх у размовах з мужам згадваецца Беларусь. Яны сумуюць па родных, блізкіх, па знаёмых мясцінах. Суразмоўніца прызнаецца, што былі хвіліны настальгіі, калі хацелася ўсё пакінуць і вярнуцца дадому.

-Быў такі перыяд, першыя дзевяць месяцаў мінула, і вельмі хацелася дадому. Мовы не ведала, працы не мела і думала, што з дзецьмі вярнуся, але тут пачалася вайна. І нам стала зразумела, што дарогі назад няма. Муж дагэтуль вельмі хоча вярнуцца, дзеці ўжо больш-менш звыкліся, а я нават не ведаю ці змагу тут усё пакінуць, бо працы шмат.

Павел ЗАЛЕСКІ