У Латвіі выдадзены першыя пастановы аб выездзе з краіны грамадзян Расіі, якія не здалі абавязковых экзаменаў па латышскай мове – паведамляе Forsal.pl са спасылкай на агенцтва LETA.
Упраўленне па грамадзянстве і міграцыі (УПГМ) выдала першыя тры пастановы аб выездзе з краіны людзей, якія не падалі дакументаў на новы від на жыхарства ў Латвіі. Пасля атрымання позвы ў чалавека ёсць 30 дзён, каб пакінуць Латвію, у адваротным выпадку яму можа пагражаць «гвалтоўная» дэпартацыя.
Летам 2022 года парламент вырашыў, што грамадзяне Расіі могуць атрымаць пастаянны від на жыхарства ў Латвіі толькі пасля таго, як пацвердзяць сваё веданне дзяржаўнай мовы – латышскай – на ўзроўні А2. Змены ў заканадаўстве тычацца людзей, якія мелі латвійскае грамадзянства або мелі статус «неграмадзян», але атрымалі расійскае грамадзянства і мелі пастаянны від на жыхарства ў Латвіі. Ёсць выключэнні з правілаў, напрыклад, звязаныя з узростам або станам здароўя.
Грамадзяне Расіі павінны былі падаць адпаведныя дакументы ў ведамства да пачатку верасня 2023 года, інакш іх дазвол на пастаяннае пражыванне стаў несапраўдным і яны павінны былі пакінуць Латвію да снежня, калі не пададуць дакументы на часовае пражыванне або візу. У верасні парламент прыняў рашэнне падоўжыць тэрмін здачы іспытаў на два гады. Гэта тычыцца людзей, якія «праявілі ініцыятыву» да здачы экзамену, і людзей, якія не здалі па важных прычынах.
нг