Беларуская Служба

Як еўрапейкі святкуюць Жаночы дзень

08.03.2024 13:48
Італьянкі падкрэсліваюць сваю неардынарнасць, ірландкі галасуюць на рэферэндуме аб ролі жанчын у сям’і, а полькі дамагаюцца ліквідацыі забароны на аборты.
Шэсце з нагоды святкавання Міжнароднага жаночага дня ў БерлінеEPA/HANNIBAL HANSCHKE Dostawca: PAP/EPA.

Ужо больш за сто гадоў 8 сакавіка ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны жаночы дзень. Ён быў заснаваны ў 1910 годзе жанчынамі-сацыялісткамі ў Капенгагене. Іх мэтай было прапагандаваць ідэю роўных правоў для жанчын, у прыватнасці яны дамагаліся права голасу.

З нагоды Жаночага дня старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен напісала на сайце X, што, хоць Еўропа дасягнула поспехаў у плане гендарнай роўнасці, але шлях да поўнай роўнасці яшчэ доўгі. У апублікаваным у сваім профілі відэа кіраўніца Еўракамісіі падкрэсліла, што гендарная роўнасць прыносіць карысць усім.

- Гендарна роўная Еўропа - гэта лепшая Еўропа не толькі для жанчын, але і для кожнага з нас. Аднак гендарная роўнасць не існуе сама па сабе, а патрабуе ўвагі і прыхільнасці нас усіх нас кожны дзень.

Сёння ў Італіі было арганізавана мноства культурных мерапрыемстваў у сувязі з Міжнародным жаночым днём. У Мілане адкрылася выстава фотапартрэтаў знакамітых італьянак пад назвай «Extraordinary». Распавядае карэспандэнт Польскага радыё Пётр Кавальчук.

- Выстава дэманструецца ў былым прамысловым комплексе, дзе калісьці выраблялі паравозы і трамваі. Сёння тут месціцца цэнтр культуры пад назвай «Паравая фабрыка». Там можна ўбачыць партрэты 110 італьянскіх жанчын, каму здалося рэалізаваць амбітныя планы. Сярод іх ёсць Эмма Баніна – былая кіраўнічка італьянскай дыпламатыі, сенатар Лільян Сэгрэ, якая перажыла дэпартацыю ў Аўшвіц, спявачка ды акторка Альбаро Вагэр. Рымская галерэя сучаснага мастацтва паказвае працы славутых італьянскіх мастачак. Жанчыны сёння ў Італіі могуць бясплатна наведваць музеі ды ўстановы культуры, а на горналыжных курортах – ездзіць за палову цаны.

У Ірландыі сёння жанчыны ідуць галасаваць, каб выкрэсліць з Канстытуцыі артыкул, які абавязвае іх займацца домам, коштам працы. 

Гісторык з Дублінскага ўніверсітэцкага каледжу прафесар Катрыёна Бамант сказала карэспандэнту Польскага радыё, што палажэнні канстытуцыі 1937 году адлюстроўваюць менталітэт тагачаснага грамадства. Сёння шматлікія ірландскія жанчыны адчуваюць, што гэтая норма стварае атмасферу, у якой іх роля абмежаваная.

— Ірландыя атрымала незалежнасць у 1922 годзе. Ірландцы ў свае першыя гады засяродзіліся на стварэнні ідэнтычнасці, каб аддзяліцца ад каланіяльнага мінулага. Гэта вельмі традыцыйная, кансерватыўная краіна, дзе больш за 90 працэнтаў насельніцтва - католікі. Існуе ўяўленне, што сям'я з'яўляецца трывалым стрыжнем грамадства, якое забяспечвае яго трываласць. А без жанчыны, якая ўтрымлівае сям'ю, няма і самой сям'і. Гэта справа культуры. Гэта стварае пэўную атмасферу, дзе чакаецца што жыццё жанчын і дзяўчат абмежаванае роллю жонкі ды маці.

«Давайце прыбярэм гэтыя састарэлыя палажэнні», - заклікае кіраўнік арганізацыі «Адна сям'я» Мэры Кэрыган. Суразмоўца Польскага радыё сцвярджае, што настаў час перамен.

— Гэтыя палажэнні вельмі сэксісцкія, і састарэлыя. Яны не маюць нічога агульнага з рэаліямі паўсядзённага жыцця сучасных жанчын і мам. Мы лічым, што жанчына знаходзіцца там, дзе яна хоча. Магчыма, дома, а можа на працоўным месцы. Для большасці жанчын іх месца і тут, і тут. Прычым палажэнне канстытуцыі распаўсюджваецца толькі на жанчын, якія ўступілі ў шлюб. У законе нічона няма пра маці-адзіночак, якія ў мінулым сталі ахвярамі дыскрымінацыі

У Польшчы ў часы Польскай Народнай Рэспублікі жаночы дзень быў абавязковым і адзначаўся ў школах і на працы. Цэнтральнае святкаванне Дня жанчын было адменена ў 1993 годзе. Сёння жанчыны ў Польшчы дамагаюцца перагляду закону аб абортах, які ў значнай меры забараніў правядзенне гэтай аперацыі ў Польшчы. Адрыян Зандбэрг, сустаршыня Lewica Razem, лічыць, што Сейм павінен як мага хутчэй прагаласаваць за праекты, якія прадугледжваюць змены ў заканадаўстве адносна абортаў.

- Для нас важна, каб зліквідаваць пагрозу для жыцця і бяспекі жанчын, каб перастала існаваць сітуацыя бяспраўя для польскіх грамадзянак, калі ў іх забралі права, якое даступна для грамадзянак іншых краін ЕС. Мы хочам вяртання да еўрапейскіх стандартаў, каб польскі парламент прагаласаваў за іх.

З апошніх даследаванняў вынікае, што жанчыны ў Польшчы ездзяць бяспечней. Яны выклікаюць менш аварый, едуць павольней і менш агрэсіўна на дарозе. Даследаванні Аўтатранспартнага інстытута паказваюць, што жанчыны за рулём уяўляюць меншую небяспеку на дарозе. Праблемы з пагашэннем даўгоў маюць амаль удвая менш жанчын, чым мужчын - сведчаць звесткі рэестра даўжнікоў BIG InfoMonitor і базы крэдытнай інфармацыі.

У Польшчы існуе традыцыя нефармальна святкаваць Дзень мужчын, які выпадае неўзабаве пасля Дня жанчын, гэта значыць 10 сакавіка. 

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч