Пачынаць на новым месцы, ды яшчэ ў сталым узросце…
Спадар Андрэй у Беларусі займаўся бізнесам, згадвае, што да 2020 года справы ішлі няблага, але пасля вядомых падзей сітуацыя змянілася, і, як многім іншым беларусам, яму давялося пакінуць краіну.
Суразмоўца кажа, што яму давялося прыехаць літаральна на пустое месца з пустымі кішэнямі. Паводле яго слоў, пачынаць на новым месцы, калі лічыш грошы, каб схадзіць у магазін, вельмі складана.
— Па-першае, гэта шок, асабліва ў сталым узросце — пачынаць усё спачатку невядома дзе і невядома як. Да гэтага не рыхтаваўся.
— А калі казаць пра цяжкасці, то гэта пра што?..
— Па-першае, ты нікога тут не ведаеш, не ведаеш мовы. Па-другое, тут іншыя правілы вядзення таго ж бізнесу, іншыя адносіны паміж людзьмі. Ты выстройваў свой бізнес на радзіме, дзе цябе ўсе ведалі і ты ўсіх ведаў, і ў цябе чым далей, тым больш ішло ў рост. Ды і пачынаць усё спачатку ў 20–30 гадоў лягчэй: і мазгі працуюць, і энергіі больш, а тут ужо і здароўе не тое, і няма ніякага рэсурсу.
Цяжэй за ўсё — усвядоміць, што ты не можаш вярнуцца
Але тут, на новым месцы, спачатку трэба легалізавацца, што для кожнага пераехаўшага з Беларусі — своеасаблівы стрэс. Спадар Андрэй кажа: калі б не дапамога, парады землякоў і проста знаёмых, самому з гэтым было б справіцца вельмі складана. А з іншага боку, ён ад самага пачатку зразумеў і пэўныя перспектывы.
— Большасць з тых, хто правёў тут два–тры гады, неяк усталяваліся. А самы цяжкі час — гэта першыя паўгода–год, калі зусім нічога не разумееш. Калі мінула два–тры гады, людзі яшчэ сумуюць, хвалююцца, але неяк усё ўжо наладзілася, яны зарабляюць — прынамсі, на тое, каб спакойна жыць. Цяжэй за ўсё — усвядоміць, што ты не можаш больш вярнуцца. Думкі кшталту: «а можа, усё ж паехаць і пачаць там, дзе ўсё знаёма і зразумела» — з імі трэба змагацца.
Тое, што сніцца па начах…
Трохі падумаўшы, суразмоўца сваім ціхім і ўпэўненым голасам працягвае і кажа, што ўсё ж самыя складаныя праблемы, з якімі даводзіцца сутыкацца, — у самім чалавеку.
— Асноўныя праблемы, як гэта можа не дзіўна прагучаць, усё ж эмацыйныя і псіхалагічныя, бо цяжка адаптавацца. Ты нават апранаешся ў стане вымушанай бездапаможнасці. Павінен вучыцца ўсяму спачатку — нават тапаграфію чужога горада вывучаць, як там што ў крамах набываць, прывыкаць да іншых цэнаў…
І вельмі складаная гісторыя — гэта сны. Тое, што сніцца па начах. Я напачатку думаў, што з розуму выжываю, а потым, пачытаўшы, пагаварыўшы з людзьмі, зразумеў, што сцэнарыі гэтых сноў у беларусаў вельмі падобныя. І ты, калі прачынаешся ўначы ў халодным поце, дзякуеш, што гэта быў толькі сон.
— І што гэта за сны такія?
— Першае — табе сніцца, што ты зноў на радзіме, у Беларусі. Ты радуешся знаёмым месцам, знаёмым людзям. А потым імгненна з’яўляецца думка: а як жа я ізноў буду адсюль выбірацца? А другі сцэнар — ты разумееш, што знаходзішся ў Польшчы, але за табой тут ганяюцца беларускія сілавікі, і ты ўцякаеш, як у дзяцінстве ўцякаў у снах ад нейкіх бармалеяў…
Удзячны палякам, што адчынілі дзверы для нас
Спадар Андрэй распавядае, што яму спадабаліся польскія гарады, інфраструктура ў іх, але асаблівую ўвагу ён звяртае на саміх палякаў.
— Гэта дзіўна, але я нават не чакаў, што з іх боку ўсё будзе так добра. Я яшчэ не прайшоў легалізацыю, не навучыўся тут ні зарабляць, ні жыць, але я ўжо ўдзячны, бо разумею, як палякі адчынілі дзверы для беларусаў, для ўкраінцаў, для ўсіх нас, каму давялося з’ехаць.
У гэтым ёсць і карысная цікавасць для польскай дзяржавы, бо ў Еўрасаюзе існуюць квоты на прыём уцекачоў, і лепш, калі гэта будуць уцекачы з блізкіх суседніх дзяржаў, з якімі лягчэй знайсці паразуменне.
Але ўсё роўна для мяне гэта дзіўна, бо, можа, толькі ў адсотку выпадкаў ты сустракаешся з нейкімі непаразуменнямі. Пераважная большасць людзей станоўча ставіцца да нас, цярпліва слухаюць, калі спрабуеш нешта патлумачыць на ламанай польска-беларускай мове, адказваюць на пытанні, дапамагаюць. Адчуваю сябе з гэтага боку вельмі ўдзячны палякам.
Ніякая старонка не перагорнута…
Цікава было пачуць ад спадара Андрэя яго думку наконт таго, ці хутка скончыцца для беларусаў гэтая вымушаная эміграцыя. Ён сумна ўсміхнуўся і ціха кажа, што гэтага б вельмі хацелася, але, маўляў, хутка нічога не будзе, калі не адбудзецца нечага зусім незвычайнага.
— Сістэма шырока распаўсюджаная і працуе, нічога не спынілася, ніякая старонка не перагорнута, ніхто нічога не забыў. Працягваюцца помсты за 2020 год. Мінула пяць гадоў, а ўсё новыя і новыя арышты: адны крымінальныя артыкулы змяняюцца на іншыя, людзей закрываюць паўторна, некаторых — па трэцяму разу, а да некага прыходзяць упершыню.
Народ сядзіць ціха: хто можа — з’язджае, хто не можа — прыстасоўваецца, але ніякага руху няма наогул. Я разумею, што гэта можна называць доўгатэрміновай камандзіроўкай, як некаторыя кажуць, але разумею, што ў сталым узросце, верагодней за ўсё, гэта ад’езд назаўсёды…
Вось так, сумна, нічога не дадаючы, спадар Андрэй падсумоўвае нашу размову.
Павел ЗАЛЕСКІ