21 траўня беларусы праводзяць Дзень палітвязня ў памяць грамадскага актывіста Вітольда Ашурка, які быў асуджаны за свае палітычныя погляды ды загінуў у гэты дзень у шклоўскай калоніі чатыры гады таму.
На сённяшні дзень у Беларусі тысячы чалавек сталі палітычнымі вязнямі. З траўня 2020 года 3940 чалавек атрымалі ў Беларусі статус палітвязня. Паводле дадзеных Праваабарончага цэнтра «Вясна» 1189 палітвязняў застаюцца цяпер за кратамі. 2716 палітвязняў цалкам адбылі прызначаныя ім тэрміны. 300 чалавек былі вызваленыя рэжымам праз «памілаванне». Васьмёра палітычных зняволеных памерлі за кратамі.
Вось ужо 4 год беларускія грамадскія ініцыятывы, праваабаронцы і дэмакратычныя сілы ладзяць у гэты дзень акцыі салідарнасці з усімі палітвязнямі і іх сем’ямі, каб ніводзін чалавек у Беларусі не сядзеў за свае перакананні.
Адна за такіх акцый - Ланцуг Салідарнасці са здымкамі палітвязняў – прайшла ва Уроцлаве ў цэнтры гораду на Сольнай плошчы. Распавядае адзін з удзельнікаў Зміцер.
— У нас адбываецца Ланцуг салідарнасці з партрэтамі палітвязняў. Асобна мы трымаем партрэты людзей, якія загінулі ад рук рэжыму пасля выбараў і ў турмах. Мы рыхтуем акцыю лісты палітвязняў ды шэраг іншых. Падобныя мерапрыемствы адбываюцца не толькі ва Уроцлаве, але іншых гарадах Польшчы.
Кожны свядомы беларус павінен памятаць пра дзень Салідарнасці з палітвязнямі перакананы Франак Аслаўскі адзін з лідараў суполкі «Беларусы Уроцлава».
— У гэты дзень у 2021-м годзе загінуў першы палітвязень, таму наша акцыя – гэта ўшанаванне памяці людзей, якія загінулі, які дагэтуль працягваюць знаходзіцца ў турмах, у нечалавечых умовах. Гэта сігнал для іх, што пра іх памятаюць, каб хоць неяк іх падтрымаць. Вядома, ім вельмі цяжка. Мы можам зладзіць акцыю, паліцыя нас сцеражэ, каб нас не пакрыўдзілі. Нешта такое ў Беларусі цяпер немагчымае. Усе мы, хто тут сабраліся, маем надзею, што калісьці ў Беларусі таксама настане такі дзень, што мы збяромся ў Мінску ў плошчы, каб ушанаваць нашых герояў і ніхто нас не будзе ганяць. Такі момант наступіць!
Пакуль жа беларусы ва Уроцлаве аказваюць дапамогу былым палітвязням, якія спрабуюць пачаць зноў жыццё на чужыне, пасля вымушанай эміграцыі, распавядае Зміцер.
— Мы аказваем дапамогу палітвязням па прыездзе сюды, бо многія прыязджаюць без ведання мовы, і мясцовых рэалій. Ім патрэбна дапамога: матэрыяльная дапамога і псіхалагічная, дапамога ў сацыялізацыі, каб яны не пачуваліся самотнымі ды бачылі, што ёсць салідарнасць і падтрымка.
Дзейнічае адмысловы шэлтар, сродкі на яго дзейнасць збіралі падчас сустрэчы з беларускім пісьменнікам Сашам Філіпенкам, якая прайшла ў сераду ва Уроцлаве. Гаворыць адзін арганізатараў сустрэчы.
— Ва Уроцлаве ёсць шэлтар, дзе жывуць былыя палітвязні, іх родзічы, якім мы часам нават не можам аб’явіць публічны збор сродкаў, бо ў Беларусі застаюцца ў іх пад пагрозай рэпрэсій бацькі, сёстры, браты. Вядома, што мы не можам дапамагчы ўсім адразу, але сёння, калі мы сабраліся разам, мы можам зрабіць малую справу, прадэманстраваць салідарнасць не толькі на словах, але і ў дзеянні.
Уроцлаўскія беларусы зазначаюць, што ім важна праводзіць акцыі памяці ды любыя іншыя публічныя мерапрыемствы, каб нагадваць Еўропе пра боль і высілкі беларусаў. Гаворыць Зміцер.
— Для нас важна выходзіць на такія акцыі, бо Уроцлаў – гэта турыстычны горад, дзе шмат замежнікаў з Нямеччыны, з Чэхіі, прадстаўнікоў іншых народаў. Таму мы гэта робім, каб паказаць, што Беларусь жыве і нават, калі мы пакуль не дома, мы перажываем за нашу краіну і трымаемся разам. У нас адбываюцца розныя мерапрыемствы, куды мы запрашаем не толькі беларусаў, але ўкраінцаў і палякаў ды іншых. Мы ладзім шмат культурных мерапрыемстваў ды асветніцкіх: спеўныя сходы, курсы «Мова нанова», народныя святы. Неўзабаве будзе Купалле. Хоць мы на чужыне зараз але мы ўдзячныя польскай дзяржаве і народу за падтрымку, за тое, што яны нас прымаюць і ставяцца шчыра і адэкватна да нас.
У Беларусі тысячы людзей сутыкнуліся з палітычнымі рэпрэсіямі, сталі палітвязнямі, знаходзяцца цяпер за кратамі толькі таму, што марылі пра вольную і дэмакратычную Беларусь. 21 траўня беларуская дыяспара ў Польшчы ды іншых краінах Еўропы правяла акцыі Салідарнасці з палітвязнямі ў Беларусі.
Юры Ліхтаровіч