Беларуская Служба

Мінадукацыі прыпыняе папулярную праграму. Прычына — рост зарплат настаўнікаў

18.06.2025 20:11
Прафсаюзы настаўнікаў на працягу многіх гадоў звяртаюць увагу на парушэнні працоўных правоў педагогаў.
 .
Ілюстрацыйны здымак.Фота: brunocoelho/Shutterstock

Міністэрства нацыянальнай адукацыі (МНА) у гэтым годзе не абвясціла набору заявак на праграму «Падарожжы з класам». Як паведамілі Польскаму агенцтву друку ў ведамстве, магчымы старт новага этапу праграмы мусіць быць скаардынаваны з працай рабочай групы па пытаннях аплаты працы настаўнікаў — ідзе гаворка пра даплаты за звышурочны час – чытаем на сайце Forsal.

У канцы траўня мінулага года міністарка адукацыі Барбара Навацка абвясціла пра запуск праграмы фінансавання школьных паездак пад назвай «Падарожжы з класам». Мэта ініцыятывы — павысіць прывабнасць навучальнага працэсу, даючы дзецям і моладзі магчымасць пазнаваць польскія традыцыі, культуру і дасягненні навукі. Збор заявак адбыўся ў чэрвені і ліпені 2024 года, а самі паездкі адбыліся ў пачатку навучальнага года 2024/2025.

Агенцтва друку спытала ў МНА, ці будзе праведзены набор заявак на праграму ў гэтым годзе.

«Праграмы і праекты зацвярджае Міністр адукацыі. У выпадку прыняцця рашэння пра аднаўленне праграмы «Падарожжы з класам» мы неадкладна паведамім», — заявіла прэс-служба МНА. У адказе ўдакладнена, што цяпер у ведамстве аналізуюцца пытанні аплаты працы настаўнікаў за звышурочны час, у тым ліку за ўдзел у школьных экскурсіях. «Магчымыя новыя правілы праграмы павінны быць скаардынаваныя з рашэннямі рабочай групы па аплаце працы», — падкрэслілі ў міністэрстве.

У прынятай у лютым пастанове Вярхоўны суд заявіў, што праца настаўніка па-за нормай, вызначанай Статутам, з’яўляецца звышурочнай у разуменні Працоўнага кодэксу, і яе аплата павінна ажыццяўляцца на агульных падставах.

Прафсаюзы настаўнікаў на працягу многіх гадоў звяртаюць увагу на парушэнні працоўных правоў педагогаў, што суправаджаюць вучняў у паездках. Яны патрабуюць прававога ўрэгулявання пытанняў, звязаных з камандзіроўкамі, звышурочнымі гадзінамі, а таксама штодзённым і тыднёвым працоўным часам.

Як дзейнічала праграма «Падарожжы з класам» у 2024 годзе?

У межах праграмы фінансаваліся экскурсіі працягласцю ад 2 да 5 дзён. Каб атрымаць фінансаванне, вучні павінны былі наведаць вызначаную колькасць культурных устаноў: пры двухдзённай паездцы — як мінімум дзве, пры трохдзённай — тры і г. д. Гэта маглі быць музеі, тэатры, філармоніі, месцы памяці ці навуковыя цэнтры.

Як паведаміла МНА, у 2024 годзе ў межах праграмы «Падарожжы з класам» было прафінансавана 3036 паездак, у якіх узялі ўдзел 106 981 вучань. Экскурсіі праводзіліся ў першыя месяцы навучальнага года — з верасня па снежань.

нг