Як паведамляе газета Puls Biznesu, падчас доўгіх выходных у Польшчы, звязаных з рэлігійным святам Божае Цела, істотна павышаецца напаўняльнасць турыстычных аб’ектаў і кошт пражывання. Выходныя на Божае Цела адрозніваюцца ад травеньскіх выходных працягласцю, структурай кліентаў і дынамікай браніравання.
Хоць яшчэ 15 чэрвеня колькасць браніраванняў на бліжэйшыя выходныя была на 6,2% ніжэйшай, чым год таму, агульная колькасць начлегаў вырасла на 5,8%. Сярэдні кошт за ноч павялічыўся на 6,9% да 849 злотых (200 еўра), а сярэдняя вартасць аднаго браніравання — аж на 20,6%, да 2674 (640 еўра) злотых.
«Сёння ўжо няма перыядаў, калі нельга было б з’ездзіць у кароткі адпачынак, як гэта было раней, напрыклад, на Дзень усіх святых, 11 лістапада ці на Каляды», — адзначае Кшыштаф Яндроха, рэгіянальны дырэктар Палаты гасцінічнага бізнесу ў Малапольскім ваяводстве і камерцыйны дырэктар гатэля Wyspiański у Кракаве. Паводле яго, такая тэндэнцыя тычыцца і выходных на Божае Цела.
У Кракаве загрузка гатэляў складае ад 65 да 85% у залежнасці ад лакалізацыі і катэгорыі. Павольна аднаўляецца і сегмент групавых браніраванняў, які замёр пасля пачатку пандэміі. Для невялікіх гатэляў прыезд турыстычнай групы на 20 нумароў — істотная падзея, хоць для гатэляў з больш чым 200 нумарамі гэта менш значна.
Паводле Паўліны Шадкоўскай, дырэктаркі па кіраванні даходамі кампаніі Renters.pl, якая адмініструе амаль 5 тысячамі кватэр і дамоў для кароткатэрміновай арэнды, загрузка ў папулярных турыстычных месцах на доўгія выходныя дасягае каля 70%. Цэны павысіліся нязначна, а попыт застаецца стабільным. У сярэднім госці спыняюцца больш чым на чатыры ночы.
эж