На нядаўняй канферэнцыі Reshape у Варшаве, прысвечанай будучыні дэмакратычнага руху Беларусі, у фокусе былі не толькі ўнутраныя праблемы дыяспары, але і складаныя адносіны паміж беларусамі і ўкраінцамі.
Адной з гасцей стала Вольга Неманежына — прадстаўніца Swedish International Liberal Center, якая актыўна займаецца развіццём грамадзянскіх ініцыятыў у рэгіёне. У інтэрв’ю для Беларускай службы Польскага радыё экспертка падзялілася сваім бачаннем таго, як вайна змяніла ўкраінскае ўспрыманне Беларусі, чаму важна казаць «нязручную праўду» і што можа стаць асновай для будучага прымірэння паміж народамі:
— Зараз Украіна думае найперш пра сябе, пра ўкраінцаў, пра перамогу, і пра тое, як нам далей жыць побач з Расіяй — і цяпер, і ў будучыні. Вельмі востра стаіць пытанне, наколькі Расія далей будзе выкарыстоўваць тэрыторыю Беларусі для сваёй агрэсіі. Бо поўнамаштабнае ўварванне пачыналася таксама з тэрыторыі Беларусі — на Чарнігаў і Кіеў. Менавіта гэта найбольш турбуе ўкраінскае грамадства цяпер. (...)
— А хто ў Беларусі сёння ўспрымаецца саюзнікам Украіны? Можна гэта як-небудзь інстытуцыйна апісаць?
— Большасць беларускіх актывістаў выказвае падтрымку Украіне. І я думаю, было б вельмі важна знайсці нейкі фармат аб’яднання, супольнага інстытуцыйнага поля. Але трэба разумець, што для ўкраінцаў гэта вельмі балючая тэма. Гэта траўма.
Беларуская дзяржава фактычна дала сваю тэрыторыю дзеля таго, каб Расія забівала ўкраінцаў. І той генацыд, што адбыўся ў Бучы, Ірпені — ён здарыўся, калі расійскія войскі наступалі менавіта з беларускай тэрыторыі. Гэта цяжкі момант для ўкраінцаў. Гэта ўспрымаецца як здрада.
Але, праз тры гады поўнамаштабнай вайны, я бачу — спачуванне да беларусаў сярод украінцаў расце. Мне асабіста вельмі шкада, бо да вайны мы шчыра радаваліся, калі ў 2020 годзе беларусы выйшлі на вуліцы, калі стала відавочна, што перамагла Святлана Ціханоўская, а дыктатар Лукашэнка прайграў.
Я памятаю, калі кіраўнік беларускай памежнага камітэту запэўніваў, што з тэрыторыі Беларусі не будзе наступу. І гэта было як удар у спіну. Але цяпер людзі ўсё больш адрозніваюць: дзе ёсць рэжым і дзяржава, а дзе — людзі, беларусы, якія самі пацярпелі. Стаўленне ўкраінскага грамадства да беларусаў таксама мяняецца, асабліва з улікам таго, што абодва народы сёння раскіданыя па розных краінах, у тым ліку, у Польшчы, Літве і г. д. Гэта нас таксама аб’ядноўвае. Шмат беларусаў цяпер у выгнанні, як і ўкраінцаў. Гэта стварае новыя кантакты, і падтрымка адзін аднаго расце.
— Як вы лічыце, што можа стаць падставай для прымірэння паміж народамі ў будучыні?
— Я перакананая, што прымірэнне адбудзецца. Рана ці позна. Сапраўднай нянавісці ці глыбокай, незваротнай траўмы няма. Гэта хутчэй рана, балючая, але павярхоўная. Канечне, для тых, хто перажыў трагедыю асабіста, гэта можа застацца на ўсё жыццё. Але большасць — сапраўды падтрымлівае адзін аднаго.
Яшчэ адзін моцны фактар — гэта полк імя Кастуся Каліноўскага. Беларусы, якія ваююць за Украіну, гінуць за нас. Украінцы гэта бачаць і вельмі шануюць.
— Адносіны паміж беларусамі і ўкраінцамі застаюцца цяжкімі. Але вы ўсё ж прыехалі на беларускую канферэнцыю. Чаму? Якое ў вас уражанне ад беларускай супольнасці?
— Па-першае, я працую ў міжнароднай шведскай НДА, і заўсёды падтрымлівала беларусаў. Больш за тое, я была ў Мінску — не сакрэт. У 2017 годзе мы з украінскімі каляжанкамі, шведскімі і літоўскімі дэпутатамі прыязджалі на Форум жаночага лідарства.
І гэта была сапраўдная салідарнасць. Нават ужо пасля анексіі Крыму, пасля пачатку вайны на Данбасе. Мы заўсёды падтрымлівалі Беларусь, таму што я сама з грамадзянскага, палітычнага сектара і добра ведаю, што рэпрэсіі ў Беларусі былі задоўга да 2020 года.
Мяне раздражняе, калі гавораць толькі пра падзеі 2020 года — быццам раней нічога не было. Але ж было! І палітвязні былі, і катаванні былі, і ўсё гэта адбывалася з падтрымкай Расіі. Таму важна казаць і пра непрыемныя рэчы, пра складаную праўду.
Я ўдзельнічала ў панэльнай дыскусіі з донарамі, з паслом Нідэрландаў у Польшчы. Я выказала пэўны скептыцызм, але не дзеля таго, каб усіх адштурхнуць. Я лічу, што мы павінны стаць мацнейшымі.
Гэта быў песімізм не дзеля роспачы, а дзеля падрыхтоўкі. Каб сур’ёзна рыхтавацца да перамогі. Мы можам выйграць гэтую вайну — але для гэтага трэба аб’яднацца.
— Калі казаць пра адносіны беларусаў і украінцаў з Захадам, ці пасля ўсяго, што адбываецца ў нашым рэгіёне, ён робіць дастаткова дзеля падтрымкі гэтых народаў?
— Я шмат разоў паўтарала: слон у пакоі — гэта Расія. Мы не павінны забываць, хто вораг. І гэта агульны вораг. Так, нам баліць пытання палітвязняў у Беларусі, але ў нас таксама ёсць украінскія ваеннапалонныя і закладнікі ў расійскіх турмах. І пытанне — дзе карані гэтага зла? У Расіі.
Гэта азначае, што Еўрасаюз і ЗША павінны рабіць больш — не толькі словамі, а канкрэтнымі дзеяннямі. Калі вы кажаце, што падтрымліваеце свабоду — дзейнічайце. Інакш гэта ўсё застанецца пустымі словамі. (...)
Слухайце аўдыё!
эж