Беларуская Служба

Studium Europy Wschodniej адзначае юбілеі і рыхтуецца да новага аўтаномнага статусу

03.07.2025 14:37
Studium Europy Wschodniej (SEW) Варшаўскага ўніверсітэта, у тым ліку, адказвае за рэалізацыю польскай Урадавай прагмы імя Каліноўскага, прызначанай для грамадзня Беларусі. 
Аўдыё
  • Studium Europy Wschodniej адзначае юбілеі і рыхтуецца да новага аўтаномнага статусу
       35- Studium Europy Wschodniej (SEW)
У Варшаве адбылася ўрачыстая цырымонія з нагоды 35-годдзя Studium Europy Wschodniej (SEW)Фота: Беларуская служба Польскага радыё, radyjo.net

У сераду, 2 ліпеня, у адной з найбольшых залаў Варшаўскага ўніверсітэта адбылася цырымонія з нагоды 35-годдзя Studium Europy Wschodniej (SEW), навукова-адукацыйнай установы, якая, сярод іншага, адказвае за рэалізацыю польскай Урадавай праграмы імя Кастуся Каліноўскага — ініцыятывы, прызначанай для падтрымкі грамадзян Беларусі.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел выпускнікі і супрацоўнікі SEW, прадстаўнікі дыпламатычных місій, польскіх уладаў і беларускія палітыкі. Дырэктар SEW Ян Маліцкі (Jan Malicki) адзначыў:

— Калі гаворым пра каштоўнасці Studium Europy Wschodniej, адказ будзе вельмі кароткі. Місія SEW — гэта падрыхтоўка кадраў, як польскіх, так і з суседніх краін, маладых спецыялістаў, якія займаюцца ўсходнееўрапейскім рэгіёнам. Найбольшае дасягненне — гэта больш за 700 выпускнікоў: бакалаўраў і магістраў, звыш 2 тыс. выпускнікоў адукацыйных праграм для беларусаў, сотні выпускнікоў Усходняй летняй і зімовай школ. І безумоўным дасягненнем з’яўляецца той факт, што сёння ва ўсіх сферах прафесійнага жыцця ў Польшчы можна сустрэць выпускнікоў Studium Europy Wschodniej — у СМІ, дыпламатыі, навуцы, палітыцы, даслоўна паўсюль.

У юбілейны год Studium Europy Wschodniej выходзіць са складу Факультэт Усходазнаўства (Арыенталістыка) і пад канец года стане самастойнай арганізацыйнай адзінкай Варшаўскага ўніверсітэта — асобнай структурай з правамі факультэта. Мы спадзяёмся, што нам удасца атрымаць назву «Усходні Інстытут» (Instytut Wschodni) у гонар стогадовага юбілею перадваеннага Усходняга Інстытута, які дзейнічаў у Варшаве. Менавіта сёлета адзначаецца стагоддзе яго заснавання. Канчатковае самастойнае становішча спрасціць фармальныя аспекты — і толькі. Мы працягнем рабіць тое, што рабілі, і будзем развіваць ужо існуючыя напрамкі.

Прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуду на цырымоніі прадстаўляў дзяржаўны сакратар, намеснік кіраўніка Бюро нацыянальнай бяспекі Мешка Паўляк. Палітык уручыў дзяржаўныя ўзнагароды дзевяці супрацоўнікам SEW і зачытаў віншавальны ліст ад кіраўніка дзяржавы:

— Я выказваю глыбокае прызнанне вашым дасягненням, якія істотна ўзбагацілі веды пра гісторыю і сучаснасць краін нашага рэгіёна. Але заслугі SEW гэтым не абмяжоўваюцца. Установа таксама спрыяе будаванню мастоў паразумення і супрацоўніцтва з іншымі народамі Усходняй Еўропы, якія, як і мы, палякі, любяць свабоду і падзяляюць дэмакратычныя каштоўнасці.

Сярод уганараваных — прафесарка Яана Героўска-Калаўр (Joanna Gierowska-Kałłaur), якая на працягу дзесяцігоддзяў даследуе гісторыю Беларускай Народнай Рэспублікі ў архівах усяго свету:

— Для мяне гэта вельмі важна, бо гэта першая ўзнагарода, калі не лічыць прафесійных прэмій за розныя крыніцазнаўчыя выданні. Што яна для мяне гэта значыць? Гэта адзнака з боку маёй дзяржавы. Мая праца была ацэненая, а я займаюся вельмі вузкай тэматыкай польска-беларускіх адносін. Я імкнуся аднавіць тое, што адбывалася 100 гадоў таму, на падставе архіваў, да якіх часта першай атрымліваю доступ.

Гэтыя крыніцы часта кажуць іншае, чым падручнікі. Гэта цяжкая праца — не толькі знайсці і апрацаваць, але і пераканаць людзей у тым, што ўсё адбывалася менавіта так. Крыніцы нярэдка супярэчаць уяўленням, якія сталі агульнапрынятымі. Але я маю вялікае задавальненне ад таго, што шмат хто гэта цэніць — і гэта таксама прызнанне, праўда ж? Дзякую!

Прафесар Лешэк Заштофт (Leszek Zasztowt), даследчык гісторыі Расіі, таксама атрымаў дзяржаўную ўзнагароду. Навуковец красамоўнай гісторыяй адзначыў ролю SEW у міжнароднай палітыцы Польшчы:

— Прыгадаю гісторыю, якая паказвае, як працуе SEW. Калі памёр Уладзімір Букоўскі, пахаванне адбылося ў Лондане, на старых могілках, такіх сабе лонданскіх Павонзках, на поўначы Лондану. Дарэчы, Букоўскага пахавалі ў 100 метрах ад магілы Карла Маркса — такая цікавостка, але я не пра гэта.

Мяне накіраваў на пахаванне дырэктар Маліцкі, каб я над магілай выступіў з прамовай па-англійску. Я таксама ўдзельнічаў у праваслаўнай паніхідзе. Акрамя маёй прамовы ад Варшаўскага ўніверсітэта, была афіцыйная прамова, зачытаная тагачасным паслом Польшчы ад імя прэм’ер-міністра Матэвуша Маравецкага. Гэта паказвае, наколькі Studium Europy Wschodniej важная ўстанова — не толькі на ўсходнім кірунку.


Падчас цырымоніі адбылася правакацыя супраць кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўла Латушкі, але інцыдэнт не перашкодзіў палітыку выказаць падзяку дырэктару SEW:


— І Касцюшка, і Агінскі, і Радзівіл, і Манюшка, і Міцкевіч — яны ўсе нарадзіліся на беларускай зямлі, але сталі героямі для абодвух народаў. І да гэтага спісу я хацеў бы дадаць Яна Маліцкага. Бо сапраўды — гэта чалавек, які зрабіў вельмі шмат для сяброўства паміж беларусамі і палякамі. Цяжка знайсці яшчэ аднаго такога чалавека.


Юбілейнае мерапрыемства стала не толькі падставай падсумаваць вынікі 35-гадовай дзейнасці SEW, але і магчымасцю выказаць удзячнасць тым, хто на працягу многіх гадоў працуе на карысць развіцця ўсходняй адукацыйнай і аналітычнай школы ў Польшчы.

эж

Андрэй Скурко атрымаў узнагароду імя Льва Сапегі (ФОТА)

07.04.2025 17:13
«Паспрабую крыху суцешыць вас тым, што ўсе мы шчаслівыя людзі, бо шчасце даследчыка — жыць у цікавы час».

Паміж Гадзячам і Рыгай: у Варшаве ўручылі Прэмію імя гетмана Выгоўскага

23.05.2025 15:27
21 траўня 2025 года ў Калоннай зале Гістарычнага факультэта Варшаўскага ўніверсітэта адбылася цырымонія ўручэння Прэміі імя Івана Выгоўскага, лаўрэатам якой стаў украінскі гісторык Андрэй Рукас.

Эксперт: Беларусь можа стаць плацдармам для расійскай агрэсіі супраць НАТА

01.07.2025 14:23
Пра перспектывы захавання незалежнасці Беларусі размаўлялі адмыслоўцы падчас Варшаўскай усходнееўрапейскай канферэнцыі.

Павал Латушка стаў ахвярай правакацыі ў Варшаўскім універсітэце

02.07.2025 16:00
2 ліпеня падчас святкавання 35-годдзя Цэнтру адбыўся інцыдэнт, калі мужчына кінуўся на Паўла Латушку.