Беларуская Служба

Іншаземцы, у тым ліку беларусы, як і палякі, сталі вадзіць машыну больш асцярожна

17.07.2025 15:57
Прычынай ДТЗ часцей за ўсё з’яўляецца празмерная хуткасць.
 .
Ілюстрацыйны здымак.Фота: naszemiasto.pl

Выданне Rzeczpospolita паведамляе, што значна ўпала колькасць смяротных ДТЗ. Лічба аварый з лятальным зыходам на дарогах скарацілася на адну пятую. Чаму адбылося такое значнае паляпшэнне бяспекі? Эксперты мяркуюць, што кіроўцы ўжо на ўласным вопыце адчулі высокія штрафы і цяпер стараюцца не перавышаць дазволенай хуткасці.

Узровень высокай смяротнасці на польскіх дарогах — сур’ёзная праблема, у гэтым плане сітуацыя выглядае горш, чым у іншых еўрапейскіх краінах, хоць у апошнія гады назіраецца паляпшэнне. Аднак сёлета вынікі нечаканыя — паводле дадзеных Галоўнага ўпраўлення паліцыі, 786 чалавек загінулі ў выніку няшчасных выпадкаў, што на 196 менш, чым за аналагічны перыяд мінулага года.

Зніжэнне колькасці смяротных выпадкаў амаль на адну пятую - гэта нечаканая з'ява, паколькі лічба саміх ДТЗ зменшылася толькі на 3,7%. Што стала прычынай? На думку экспертаў, гэта вынік значнага павышэння памеру штрафаў за перавышэнне хуткасці. Некаторыя ўдзельнікі дарожнага руху ўжо заплацілі высокія штрафы або атрымалі іх знаёмыя ці сваякі. Штрафы былі павышаныя тры гады таму, і толькі цяпер да кіроўцаў дайшло, што лепш не перавышаць значна хуткасці і ездзіць асцярожна. Па словах Антоні Жэчкоўскага (Antoni Rzeczkowski) з Бюро дарожнага руху Галоўнай камендатуры паліцыі, паляпшэнне бяспекі – гэта ў вялікай ступені эфект узмоцненага кантролю паліцыі на дарогах.

Прычынай ДТЗ часцей за ўсё з’яўляецца празмерная хуткасць. Шырокі рэзананс у грамадстве выклікаюць трагічныя здарэнні, як нядаўна ў Варшаве, дзе загінулі мужчына і яго сын, якія ехалі на матацыкле. Яны сутыкнуліся з машынай, кіроўца якой памылкова рухаўся па сустрэчнай паласе. Такія трагічныя здарэнні выклікаюць абмеркаванне ў грамадстве, і ўсё больш людзей пачынае вадзіць транспартныя сродкі больш асцярожна і разважліва, - адзначае дырэктар Інстытуту дарожнага транспарту праф. Марцін Сьлензак.

Таксама замежнікі пачалі вадзіць больш асцярожна. Колькасць смяротных ахвяр у ДТЗ з іх удзелам упала з 51 летась да 33 у бягучым годзе. Праўда, колькасць аварый была крыху большай (582). Часцей за ўсё гэта кіроўцы з Украіны, Беларусі, Грузіі і Узбекістану.

Rzeczpospolita/нг