Пасля пятнаццаці гадоў вучобы ўсе мае сувязі, акрамя сямейных, перасталі існаваць
Павел Юшкевіч ужо дваццаць два гады жыве ў Польшчы. Распавядае пра сябе: нарадзіўся і скончыў школу ў Беларусі, у вёсцы Васілішкі на Гарадзеншчыне. Па нацыянальнасці — паляк. Згадвае, як з’явілася магчымасць паехаць вучыцца ў Польшчу, і так тут і застаўся.
— Я скончыў адзін факультэт, потым другі, трэці, пасля — аспірантура… Мая адукацыя зацягнулася на пятнаццаць гадоў. А ўлічваючы, што з дому я з’ехаў у сямнаццацігадовым узросце, усе мае эмацыйныя сувязі з радзімай, акрамя сям’і, паступова зніклі. Тут жа паступова з’яўляліся новыя сябры, новыя знаёмыя — таму выбар застацца ў Польшчы быў цалкам натуральны.
На жаль, актыўных беларусаў у Торуні няшмат і цяпер
Цяпер Павел працуе кіраўніком экспартнага аддзела ў буйной прамысловай кампаніі, а яшчэ выкладае ў ўніверсітэце на завочным аддзяленні. Згадвае, што калі паступіў вучыцца ў ўніверсітэт імя Мікалая Каперніка, з Беларусі там было толькі пяць студэнтаў — і ўсе яны ведалі адзін аднаго. Аднак нават тады яны імкнуліся праяўляць цікавасць да падзей, што адбываліся на радзіме.
— Дарэчы, я быў ініцыятарам некалькіх акцый, звязаных з Беларуссю, пачынаючы з 2006 года. Пасля чарговых выбараў у Беларусі мы стаялі з двума сябрамі пад помнікам Каперніка, каб прыцягнуць увагу да беларускай павесткі. Нас тады падтрымлівалі польскія сябры. З таго часу мала што змянілася. У Торуні цяпер жыве, напэўна, больш за тысячу беларусаў, але актыўных сярод іх я ведаю ўсяго чалавек дзесяць.
Беларускія сляды ў Торуні былі і раней
Павел адзначае, што хоць Торунь не так і блізка ад Беларусі, сляды беларусаў тут былі заўсёды.
— Наш універсітэт імя Каперніка быў створаны на базе Віленскага і Львоўскага ўніверсітэтаў. Некаторыя навукоўцы з Вільні, што пераехалі сюды, мелі беларускія карані. У Этнаграфічным музеі працаваў спадар Пецюкевіч — беларус. Былі і навукоўцы з Гродна. Некаторых я нават сустракаў, але большасць іх ужо адышла.
Беларускую мову аднавіў толькі пасля 2020 года
Ці не шкадуе ён, што лёс склаўся так, і цяпер ён жыве не ў Беларусі?
— Не, канечне, не шкадую. Я хоць і нарадзіўся ў Беларусі, але мяне з дзяцінства выхоўвала бабуля ў духу каталіцтва, у польскай традыцыі. Я прыязджаў у Польшчу з перакананнем, што я паляк з Беларусі, і прыязджаю не да чужых, а да сваіх. Мая бабуля заўсёды сумавала па гэтым краі, мела сантыменты, шмат распавядала, як жылося за польскімі часамі.
Я заўважаю спадару Паўлу, што яго беларуская мова гучыць вельмі натуральна, нягледзячы на доўгія гады жыцця ў Польшчы і выхаванне ў польскім асяроддзі.
— У мяне толькі пасля 2020 года беларуская мова аднавілася. Тады пачалі масава прыязджаць беларусы, і з’явілася патрэба размаўляць. Да таго я не карыстаўся ёй пятнаццаць гадоў. Са студэнтамі з Беларусі мы звычайна размаўлялі па-руску. З намі вучыліся таксама палякі з Казахстана, Узбекістана, таму ў камунікацыі дамінавала руская мова. А вось цяпер беларуская нібы вярнулася да мяне. Хаця ў школе я добра валодаў ёю і нават удзельнічаў у алімпіядах.
Я рос сярод тутэйшых, і ўсе былі свае
Я пытаюся, з кім больш атаясамлівае сябе Павел — з палякамі ці з беларусамі.
— У мяне некалькі ідэнтычнасцяў. Я нарадзіўся і вырас на памежжы. Я не з тых, хто дзеліць свет на чорнае і белае. Ёсць такое паняцце як «чалавек памежжа». Я рос сярод людзей, дзе жылі побач палякі, беларусы, яўрэі ды іншыя. Ніхто не дзяліў адзін аднаго па нацыянальнасці. Усе былі тутэйшыя, усе былі свае. Таму мне камфортна як сярод палякаў, так і сярод беларусаў. Сярод беларусаў я — беларус, сярод палякаў — паляк.
Дарэчы, Павел нарадзіўся ў суседняй вёсцы з той, дзе з’явіўся на свет знакаміты польскі спявак Чэслаў Немэн (Выдрыцкі). Я пытаюся, ці цікавіліся палякі гэтай сувяззю.
— Чэслава Немэна тут усе ведаюць, але не ўсе ведаюць, дзе ён нарадзіўся. Калі я распавядаў, што з вёскі побач з яго роднымі мясцінамі, заўсёды ўзнікала цікавасць. Людзі распытвалі, як ён жыў, што там за месца. Дарэчы, мая бабуля ведала яго асабіста. Яны разам хадзілі на вечары, на забавы. Ён ужо тады вылучаўся музычнымі здольнасцямі, вучыўся ў гродзенскай музычнай вучэльні. Мая бабуля была на яго патаемным шлюбе за два дні да яго ад’езду ў Польшчу. Я гэтую гісторыю добра ведаю.
«Чаму беларусам варта павучыцца ў палякаў»
— Павел, вы ўжо дваццаць два гады жывяце ў Польшчы. Як вам здаецца, чаму беларусам можна было б павучыцца ў палякаў?
— Некалькі рысаў, мабыць, варта было б пераняць. Палякі ў цяжкія моманты для сваёй краіны заўсёды ўмелі аб’яднацца, стаць плячо ў плячо, змагацца за свабоду. Гэта тое, што мы бачылі ў Беларусі ў 2020 годзе, але беларусам не хапіла крыху рашучасці. Беларуская памяркоўнасць — гэта добрая, але разам з тым і трагічная рыса. Мне здаецца, калі б падобная сітуацыя здарылася ў Польшчы, палякі давялі б сваю справу да канца. Таму нам варта было б пераняць больш рашучасці ў дасягненні мэтаў і больш веры ў сябе.
Павел задумваецца, усміхаецца і дадае, што і палякам ёсць чаму павучыцца ў беларусаў. Трэба проста больш уважліва прыгледзецца.
Павел Залескі
слухайце аўдыёфайл