Пасля парламенцкіх выбараў у 2023 годзе новыя ўлады абяцалі палепшыць фінасавую сітуацыю адукацыйных устаноў, выдзяляючы больш грошай на гэтыя мэты для мясцовага самакіравання – нагадвае Dziennik Gazeta Prawna. І сапраўды было лепш, але толькі ў першы год кіравання ўрада Дональда Туска. Цяпер сітуацыя пагаршаецца, у наступным годзе можа быць яшчэ горш, — папярэджвае выданне.
«Мясцовыя ўлады спадзяваліся, што ўрад Дональда Туска зразумее іх цяжкае становішча і палегчыць патавую сітуацыю, звязаную з фінансаваннем часта гіганцкіх выдаткаў гмін і паветаў на адукацыю», — паведамляе газета.
Выданне адзначае, што калі летась назіралася некаторае паляпшэнне фінансавай сітуацыі, дык сёлета — з-за дадатковых бонусаў для настаўнікаў, — прадстаўнікам мясцовага самакіравання зноў давядзецца часткова фінасаваць асвету з бюджэтаў гмін.
— Не сакрэт, што грошы з дзяржаўнага бюджэту на задачы гмін, у тым ліку на ўтрыманне адукацыі, ужо шмат гадоў не пакрываюць фактычных выдаткаў. У часы кіравання партыі «Права і справядлівасць» было 44 мільярды злотых дэфіцыту з боку дзяржаўнага бюджэту на адукацыйныя мэты. У мінулым годзе гэты прабел скараціўся на 4 мільярды. Але ўжо сёлета дэфіцыт у сферы адукацыі павялічыцца да рэкордных 50 мільярдаў злотых, — папярэдзіў у размове з DGP Марэк Вуйцік (Marek Wójcik), паўнамоцны прадстаўнік праўлення Саюза гарадоў Польшчы і эксперт па заканадаўчых пытаннях.
нг