Беларуская Служба

Беларус у Польшчы: жыццё паміж надзеяй на вяртанне і патрэбай будаваць новае

16.09.2025 06:06
Як уладкоўваюць жыццё беларускія эмігранты ў Польшчы. Погляд на гэта аднаго з іх.
Аўдыё
  • Беларус у Польшчы: жыццё паміж надзеяй на вяртанне і патрэбай будаваць новае
, .
Польшча, Кашубы. Ілюстрацыйнае фотаБеларуская служба Польскага радыё/яс

Спадар Андрэй жыве ў Польшчы з сям’ёй чатыры з паловай гады. Яны пакінулі Беларусь пасля таго, як адчулі на сабе пераслед уладаў за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе.

Час, задумліва кажа суразмоўца, праляцеў даволі незаўважна. Шмат чаго перажылі, пабачылі, сутыкнуліся з новымі рэаліямі. Я цікаўлюся ў спадара, да якіх думак за гэты час ён прыйшоў у Польшчы: пускаць карані тут ці ўсё ж нейкім чынам рыхтаваць вяртанне дамоў.

— Я памятаю, як толькі мы выязджалі з Беларусі, то думкі былі такія, што праз паўгода дакладна вернемся. Зараз сітуацыя відавочна змянілася, але мы ўсё роўна вернемся. Праўда, як у той песні — невядома калі і куды. І трэба заўважыць, што з кожным днём становіцца цяжэй і цяжэй прымаць гэта. Ад той нашай веры засталася толькі надзея, але спыняцца і перагортваць старонку я асабіста не збіраюся.

— А як эмігранту, на твой погляд, які жыве тут ужо больш за чатыры гады, будаваць сваё жыццё?

— Гэта таксама вельмі цяжкае пытанне. Калі ты глядзіш увесь час назад і думаеш толькі пра вяртанне, то ты нібы адкладваеш сваё жыццё. А праз чатыры гады ўжо думаеш, колькі яшчэ можна яго адкладваць. Таму, як мне здаецца, варта пакінуць тую мару пра вяртанне і ісці наперад, будаваць сваё жыццё тут, але памятаць пра тое, што некалі мы вернемся.

— Будаваць сваё жыццё тут… А якія шанцы, на твой погляд, ёсць у эмігранта, каб будаваць гэтае жыццё ў Польшчы?

— Гэта рэальна, і я думаю, што Польшча дае нам такі шанец. Я ведаю прыклады людзей, якія не маглі нечага дабіцца ў Беларусі, а тут у іх атрымалася. Напрыклад, мой брат, які доўгі час рабіў фатаграфіі, тут стаў выйграваць конкурсы, нават міжнародныя. Гэта, зразумела, не дае грошай на будаўніцтва кватэры, але гэта дае прызнанне. Што да таго, каб зарабіць грошы, то калі ты маеш адукацыю, калі ты добры спецыяліст, то гэта таксама можна зрабіць.

— Я так разумею, што падобная сітуацыя больш адпавядае людзям прасунутым, якія працуюць недзе ў ІТ-сферы. А як быць звычайнаму беларусу, які перабіваўся недзе на складах, на будоўлях? Як ім будаваць тут сваё жыццё?

— Калі людзі працуюць на складах ці ў таксі, то я думаю, што нават з гэтага можна нармальна жыць, мець заробак, які дазваляе аплаціць кватэру, паехаць на мора альбо ў горы, вырасціць дзяцей. Так ці інакш гэта дае магчымасць весці тут нармальнае жыццё. Проста дастаткова быць сумленным чалавекам.

— З твайго досведу, сярод беларусаў, якія доўга ў эміграцыі, як у іх складваецца жыццё?

— У кожнага па-рознаму. Меншасць — гэта людзі, якія не змаглі адаптавацца і вымушаныя былі паехаць назад у Беларусь. Але большасць тут застаюцца і нават, калі зарабляюць невялікія грошы, імкнуцца нешта адкласці, каб мець свой уласны кут. Канечне, тым, хто працуе ў ІТ-сферы, прасцей: яны купляюць тут кватэры. Некаторым удалося прадаць кватэры ў Беларусі і за гэтыя грошы яны будуюць жыллё тут.

— З якімі найбольш складанымі цяжкасцямі, на твой погляд, даводзіцца сутыкацца беларусам у Польшчы?

— Я думаю, што самае складанае — гэта легалізацыя. У Польшчу прыехала шмат людзей з Беларусі і Украіны, усе імкнуцца атрымаць тут побыт. І гэта бадай самы вялікі выклік, бо нават знайсці працу прасцей: яе хапае. Але калі па некалькі гадоў чакаць адпаведных дакументаў — гэта вельмі цяжка. Гэта адбіваецца на нервовай сістэме, і людзі, чакаючы гэтых дакументаў, таксама як бы адкладваюць сваё жыццё, бо не могуць яго планаваць.


— На твой погляд, табе сустракаецца тут больш шчаслівых людзей ці незадаволеных?

— Усё ж больш шчаслівых. Пры ўсіх тых праблемах, якія існуюць для іншаземцаў, людзі адчуваюць сябе свабоднымі.

— Я так разумею, што ты кожны дзень чытаеш навіны з Беларусі. Ці ёсць нейкія здагадкі, калі туды можна будзе вярнуцца?

— З кожным днём становіцца цяжэй адказаць на гэтае пытанне, але я імкнуся рабіць усё, што ў маіх сілах, каб наблізіць гэты дзень. Я не збіраюся спыняцца: ёсць планы, што рабіць, і мы гэта робім.

— А табе асабіста, ды і наогул эмігрантам, чаго найбольш не стае тут?

— У Беларусі можна ад’ехаць пяць кіламетраў ад горада і патрапіць у лес ці на поле, дзе можна збіраць зёлкі ці грыбы. Тут, канечне, гэта выглядае інакш. Трэба ехаць 80–100 кіламетраў і шукаць месца, дзе гэта дазволена. У Польшчы ёсць унутраная свабода, а вось часам такой свабоды прайсці, дзе хочацца, бракуе.

Павел ЗАЛЕСКІ