Беларуская Служба

Другі кангрэс палітвязняў: дапамога, праблемы і надзея

29.09.2025 13:10
У Познані на Другім кангрэсе палітвязняў прайшоў кірмаш праектаў і ініцыятыў дапамогі дзейным і былым палітвязням і іх семʼям, а таксама адпаведныя прэзентацыі і дыскусіі на гэтую і звязаныя з ёй тэмы.
Аўдыё
  • У Познані на Другім кангрэсе палітвязняў прайшоў кірмаш праектаў і ініцыятыў дапамогі дзейным і былым палітвязням і іх семʼям
Другі кангрэс палітвязняў у ПознаніБеларуская служба Польскага радыё

Жахлівыя факты пра катаванні

Страшныя факты і лічбы гучалі падчас другога дня кангрэсу палітвязняў, які адбываўся ў Познані. Да прыкладу, праваабаронцы з Dissidentby агучылі, што 92% палітвязняў з 76 апытаных пра стан іх здароўя адказалі, што падвяргаліся катаванням.

На гэтай праблеме, працягваючы другі дзень кангрэсу, завастрыла ўвагу і Вольга Зазулінская, прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета па сацыяльнай палітыцы. Яна падкрэсліла, што тэма палітвязняў застаецца першачарговай як для чальцоў кабінета, так і для шматлікіх грамадскіх арганізацый, якія скіравалі сваю дзейнасць на дапамогу палітвязням і іх сем’ям.

– У нас ёсць агульная мэта, але перад намі стаяць розныя задачы. Калі мы кажам пра Аб’яднаны пераходны кабінет як пра палітычны суб’ект, то мая задача – гэта праца з міжнароднымі партнёрамі. Я намагаюся, каб людзі выходзілі на волю. Гэта мая праца, мая адказнасць, і я раблю ўсё магчымае, каб, па-першае, людзі былі на волі, а па-другое, каб усе арганізацыі, якія дапамагаюць палітвязням, мелі дастаткова сродкаў і гэта дапамога аказвалася. Вынік нашай працы – людзі выходзяць на волю. Гэта не просты і не хуткі шлях. У палітыцы нічога не адбываецца адным днём. Палітыка – яна такая.

Падтрымка для былых вязняў і іх сем’яў

Леанід Марозаў, дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях, адзначыў, што дапамога патрэбна як тым, хто пасля адбыцця пакарання застаўся ў краіне, так і тым, каго дэпартавалі.

– Але я яшчэ думаю і пра іншае – пра родных палітвязняў. Мы можам казаць, што ёсць як мінімум 1300 асоб палітвязняў, але гэтую лічбу трэба патройваць. А значыць, трэба дапамагчы людзям выехаць у бяспечную краіну, калі яны гэтага жадаюць, а калі не – дапамагчы жыць на месцы. Мноства іх без працы, на іх вісяць біркі “экстрэмісты”, “тэрарысты”. Гэта значыць, што аказаць ім фінансавую дапамогу складана, але мы ўсё ж імкнёмся гэта рабіць. Калі яны пераязджаюць у Еўропу – гэта момант легалізацыі. І тут мы дапамагаем, ангажуем розныя арганізацыі, не толькі беларускія, але і міжнародныя. Некаторыя рэчы застаюцца невідавочнымі для астатніх, і такімі яны павінны заставацца.

Дапамога валанцёраў і практычныя цяжкасці

Алена прадстаўляе некамерцыйную валанцёрскую арганізацыю «Дапамога», якая апякуецца палітвязнямі.

– Мы аказваем падтрымку палітвязням з першага дня рэлакацыі: размяшчаем у шэлтары альбо забіраем да сябе. Дапамагаем адзеннем, харчаваннем, у нас ёсць склад і шмат валанцёраў, якія літаральна вядуць іх за руку, дапамагаюць сарыентавацца ў новай краіне. Абавязкова дапамагаем з легалізацыяй, а таксама аказваем псіхалагічную падтрымку, каб пераадолець бар’ер дэзарыентацыі. Асноўная праблема ў тым, што часта не стае сродкаў: шмат каму трэба прайсці медыцынскае абследаванне, іншым – платныя курсы, каб потым знайсці працу. Але мы заўсёды імкнёмся знаходзіць арганізацыі, якія маглі б аплачваць патрэбы палітвязняў.

Крытычны погляд на псіхалагічную дапамогу

Падобных выступаў ад грамадскіх арганізацый і ініцыятыў на кангрэсе гучала некалькі, прычым з лічбамі і фактамі. Але былі і крытычныя выступы.

Наталля Скібская, псіхолаг і тэрапеўт, распавяла, што псіхалагічную дапамогу былым палітвязням не заўсёды аказваюць кваліфікаваныя спецыялісты.

– Часам гэта робяць людзі без патрэбнай адукацыі, і гэта цягне за сабой наступствы: у будучыні такі пацыент атрымлівае досвед, які замінае яму звяртацца да сапраўдных спецыялістаў. Калі мы працуем з такой уразлівай групай, як вымушаныя эмігранты і палітвязні, недастаткова ведаў толькі ў галіне рэсацыялізацыі ці сацыяльнай падтрымкі. Патрэбныя глыбокія веды ў псіхіятрыі і псіхатраўматалогіі. І яшчэ адна праблема: я са страхам чакаю наступнага года, калі ў Польшчы прымуць новы закон аб псіхалагічнай дапамозе. Гэта будзе вельмі складана для нашых спецыялістаў, і нават не ведаю, як будзем з гэтым спраўляцца.

Досвед розных краін

Даволі шырока быў прадстаўлены на кангрэсе кірмаш праектаў і ініцыятыў дапамогі дзейным і былым палітвязням і іх семʼям. Цікава, што прэзентаваліся арганізацыі, якія здолелі наладзіць дапамогу не толькі ў Польшчы, але і ў Літве, Германіі і нават у Італіі. Досвед, як паказалі дыскусіі, аказаўся карысным для ўсіх.

Голас былых палітвязняў

Таксама на кангрэсе выступалі і самі былыя палітвязні. Паліна Шарэнда-Панасюк распавяла пра ўмовы ўтрымання ў жаночай калоніі “Зарэчча” каля Гомеля. Яна высока ацаніла працу ўсіх арганізацый і ініцыятыў, якія дапамагаюць палітвязням і іх родным.

– Гэта цудоўна і фантастычна, а ў гісторыі Беларусі раней такога не было. Палітвязні існавалі яшчэ з канца 90-х, але зараз мы бачым, што самаарганізавалася і выбудавалася цэлая сістэма дапамогі. Гэта сведчыць, як казаў Статкевіч, што нацыя саспела, што за 30 гадоў мы навучыліся самаарганізоўвацца, зразумелі каштоўнасць адзін аднаго, і толькі разам зможам пераадолець усё гэта.

Нагадаю, што сёлета на волю выйшлі некалькі дзясяткаў палітычных зняволеных, але праваабаронцы заяўляюць, што рэпрэсіі ў Беларусі не спыняюцца.

 

Павел ЗАЛЕСКІ