У Берліне днямі завяршыўся 12-ты Кангрэс даследчыкаў Беларусі. Казакевіч звяртае ўвагу, што цяпер гэта — адзіная пляцоўка, дзе прадстаўнікі розных дысцыплін могуць сабрацца, абмяняцца вынікамі сваёй працы, ідэямі і праектамі. Гэта важна для таго, каб супольнасць беларускіх даследчыкаў развівалася і была ўстойлівай.
Таксама заўважна, што сярод тых, хто цікавіцца даследаваннямі ў розных галінах датычных Беларусі, ёсць патрэба ў падобнай трыбуне.
Большасць іншых канферэнцый з'яўляюцца вузкаспецыялізаванымі, і кола ўдзельнікаў у іх можа быць абмежаваным. Калі ж гэта вялікія канферэнцыі, то яны могуць быць прысвечаны іншым рэгіёнам, напрыклад, Польшчы альбо ўсёй Усходняй Еўропе.
Унікальны фокус Кангрэса беларускіх даследчыкаў — менавіта Беларусь.
Геаграфія ўдзельнікаў і міграцыя навукоўцаў
Арганізатары Кангрэса пакуль не «падбілі» статыстыку, але відавочна, што найбольш даследчыкаў у Берлін прыехала з Польшчы.
Андрэй Казакевіч звяртае ўвагу, што ў Польшчы моцная даследчая школа, шмат польскіх навукоўцаў займаюцца Беларуссю.
«Гэта звязана з цеснымі гістарычнымі сувязямі. Беларусь цалкам або часткова ўваходзіла ў дзяржаўныя ўтварэнні, у якіх Польшча была ключавой краінай. Гэта пацвярджаецца і колькасцю манаграфій, якія выходзяць па Беларусі, — гаворыць дырэктар Інстытуту даследаванняў «Палітычная сфера». — Польшча таксама прывабная краіна для міграцыі беларускіх навукоўцаў. Гэтая тэндэнцыя мела месца і да палітычнага крызісу 2020 года, але пасля масавых звальненняў з беларускіх універсітэтаў і акадэмічных устаноў яна стала яшчэ больш інтэнсіўнай.
Сярод іншых лідараў — Германія, Літва, Чэхія. Гэтыя краіны ахопліваюць, напэўна, 90% усяго, што звязана з беларускімі даследаваннямі ў Еўрапейскім Саюзе».
Праблемы навукоўцаў з Беларусі
У самім Кангрэсе былі асобныя ўдзельнікі непасрэдна з Беларусі (якія прыехалі або ўдзельнічалі дыстанцыйна). Для людзей, якія застаюцца ў Беларусі, цяпер праблемна ездзіць на такія мерапрыемствы.
«Сапраўды, для тых, хто пражывае ў Беларусі, ёсць вялікая колькасць складанасцяў: арганізацыйных, тэхнічных, фінансавых і, безумоўна, палітычных. Кангрэс — гэта супольнасць тых, хто займаецца даследаваннем Беларусі ва ўсім свеце, і яго ідэі ўжо адлюстроўваюць значную частку таго, што адбываецца ў гэтай сферы», — гаворыць Казакевіч.
Праблемы для гуманітарнай навукі
Падчас Кангрэса прадстаўнік арганізацыі Science at Risk сказаў, што сітуацыя з беларускай навукай, асабліва гуманітарнай, катастрафічная — прычыны ў тым, што закрыліся праекты абмену і многія сумесныя даследчыя праекты.
«Спыніліся праграмы, праз якія беларускія навукоўцы маглі атрымліваць фінансавыя сродкі на свае даследаванні, у тым ліку і тыя, што рэалізоўваліся ў дзяржаўных інстытуцыях. Выпадае значны сегмент фінансавання беларускай навукі.
На жаль, ёсць адчуванне, што сітуацыя будзе толькі пагаршацца, бо шчыліны ў супрацоўніцтве ўвесь час закрываюцца. Новыя праекты, у адрозненне ад тых, што былі ініцыяваныя да вайны ва Украіне, не пачынаюцца. Гэта вялікая страта для Беларусі.
Сітуацыя пагаршаецца яшчэ і тым, што ўнутры краіны ўдзел у праектах з так званымі «несяброўскімі краінамі» пачынае разглядацца як сфера рызыкі для беларускіх уладаў. Людзі, якія ў іх удзельнічаюць, трапляюць пад ціск, іх могуць выклікаць на «размовы» ці прымушаць даваць справаздачы спецслужбам» — кажа Андрэй Казакевіч.
Ці дапамогуць беларускай навуцы «трэція краіны»?
— Адрыў ад Еўропы і Злучаных Штатаў вядзе да ізаляцыі беларускай навукі. Я вельмі скептычна стаўлюся да таго, што Кітай, Іран, Узбекістан ці нават Расія нейкім чынам могуць узнавіць усё гэта, — кажа Казакевіч. — Гэтыя краіны не зацікаўлены ва ўласна сацыяльна-гуманітарных даследаваннях у Беларусі. Магчыма, у тэхнічнай сферы нешта і можна рабіць, але вельмі сумнеўна, што Кітай будзе фінансаваць вывучэнне, напрыклад, беларускай мовы ці гісторыі.
Таксама Казакевіч звяртае ўвагу, што ў супрацоўніцтве з Еўрапейскім саюзам існавалі праграмы, дзе ЕС фінансаваў не толькі еўрапейскіх даследчыкаў, але і плаціў заробкі беларускім. У большасці выпадкаў пры супрацоўніцтве з трэцімі краінамі, тым жа Кітаем ці Казахстанам, дзейнічае правіла парытэту: кітайцы аплачваюць сваіх, а беларускі ўрад павінен фінансаваць беларускіх удзельнікаў з бюджэту. Гэта робіць магчымасці для навуковых даследаванняў значна больш абмежаванымі.
Арганізатары Кангрэса беларускіх даследчыкаў праводзілі яго сёлета ў Берліне, каб прыцягнуць увагу новых колаў навукоўцаў і пашырыць геаграфію, зрабіўшы Кангрэс больш інтэрнацыянальным.
вх