На сённяшні дзень замежнікі складаюць прыблізна 6,4% ад усіх працуючых у краіне. У Польшчу за працай прыехалі грамадзяне больш чым 150 краін, найбольш з Украіны ды Беларусі.
Паводле дадзеных Гулоўнага статыстычнага ўпраўлення Польшчы, на сённяўні дзень у краіне працуе больш за мільён замежнікаў. Гэта рэакцыя польскіх фірм на так званую «дэмаграфічную зіму», то бок старэнне насельніцтва і дэфіцыту персаналу ў Польшчы. Пра гэта кажуць самі прадстаўнікі фірм.
Больш за палову кампаній — незалежна ад іх памеру, галіны або рэгіёна — разглядаюць працаўнікоў з-за мяжы як спосаб запоўніць дэфіцыт персаналу, кожная трэцяя — як магчымасць скараціць выдаткі, а кожная чацвёртая — як свежую перспектыву ды інавацыйнасць, вынікае са справаздачы Gi Group «Працаўладкаванне замежнікаў у Польшчы. Выклікі і магчымасці». Яшчэ гэта звязана са зменамі ў сектары адукацыі, дадае эксперт Даследчага інстытуту Randstad Polska Матэвуш Жыдэк.
— Дэмаграфічныя з'явы адыгралі сваю ролю, стварыўшы, можна сказаць, большы дэфіцыт кваліфікаваных кадраў на польскім рынку працы, які адкрывае магчымасці для людзей з-за мяжы. У першую чаргу, мы гаворым пра высокакваліфікаваных спецыялістаў. Гэта ІТ-сектар, але не толькі, таму што мы таксама бачым патрэбы ў інжынерным сектары, у энергетыцы і будаўніцтве. Нават электратэхніка і аўтаматызацыя таксама сутыкаюцца з праблемамі. З другога боку, паўплываў той факт, што польская сістэма адукацыі не забяспечвае дастатковай колькасці персаналу з патрэбнай кваліфікацыяй.
Найбольшай групай замежнікаў, якія працуюць у Польшчы, з'яўляюцца грамадзяне Украіны, якіх працавала прыблізна 701 800, або больш за 67% ад усіх замежнікаў, якія працуюць у Польшчы. Другой па колькасці групай сталі Беларусы, іх прыблізна 10,9%, далей ідуць грамадзяне Грузіі (2,2%), Індыі (2%), Калумбіі (1,5%) ды Філіпін (1,4%).
— Мы сапраўды назіраем дынаміку росту колькасці замежнікаў, якія працуюць у Польшчы. Зараз гэта не велізарны рост, але каб праілюстраваць розніцу, усяго два гады таму мы казалі пра прыкладна 980 000 замежнікаў, якія працуюць у Польшчы, зараз жа гаворым пра больш чым мільён, або амаль адзін мільён семдзесят тысяч.
Што цікава, колькасць дазволаў на працу для філіпінцаў павялічылася на 60% у першай палове 2024 года, для грамадзян Непала — на 46%, а для калумбійцаў — на 337% (у параўнанні з першай паловай 2023 года), а вось колькасць украінцаў пачала скарачацца.
— Нацыянальная структура таксама змяняецца. Вядома, украінцы застаюцца найбуйнейшай групай замежнікаў, якія працуюць у Польшчы, але два гады таму ўкраінцы складалі 70% ад агульнай колькасці, а цяпер — 65%. Змены адбываюцца па розных прычынах. Ёсць пэўная група ўкраінскіх рабочых, якія вырашаюць вярнуцца дадому, на радзіму, а таксама, напрыклад, іміграваць за працай у Заходнюю Еўропу, у першую чаргу гэта тычыцца спецыялістаў і тэхнікаў. На гэтую розніцу ў працэнтах таксама паўплывала запаволенне прыезду новых украінскіх рабочых. Затое, назіраецца пэўная дынаміка сярод іншых краін. Па-першае, калі казаць пра новыя працоўныя месцы ў Польшчы, украінскіх рабочых апераджаюць беларусы. Цяпер беларусаў больш, чым украінцаў, якія прыязджаюць на працу. Па-другое, у нас таксама ёсць новыя групы рабочых, напрыклад, калумбійцы лідзіруюць, з найбольшым ростам новых працоўных месцаў у Польшчы і заявак на дазволы на працу ў Польшчы. Гэта паказвае, што Паўднёвая Амерыка і Азіі становяцца новымі напрамкамі для рабочай міграцыі. Гэта пакуль не масавы маштаб, бо гаворка ідзе пра некалькі тысяч чалавек, але бачны адчувальны рост.
Менш за дзесяць гадоў таму Польшча была краінай эміграцыі, але сёння яна ўсё часцей становіцца месцам, якое замежнікі выбіраюць для прафесійнага развіцця або паляпшэння ўмоў жыцця. Замежнікаў прыцягвае сюды развіццё польскай эканомікі, зазначае Матэвуш Жыдэк.
— У першую чаргу, сапраўды змянілася эканамічная сітуацыя. Польшча паказвае добрыя вынікі ў параўнанні з іншымі еўрапейскімі краінамі, нават у складаныя для еўрапейскай эканомікі часы. Зараз мы маем кантраст, можна сказаць, паміж складанай сітуацыяй, напрыклад, на нямецкім рынку працы, і эканамічным спадам на ўсім кантыненце, і Польшчай, дзе крызіс адчуваецца ў меншай ступені. Часткова гэта звязана з інвестыцыямі, зробленымі ў апошнія гады, інвестыцыямі замежных кампаній у Польшчу, а таксама польскіх інвестараў, якія цяпер пачынаюць прыносіць вынікі. Яны ўмацоўваюць пэўную эканамічную моц, але таксама ствараюць магчымасці для новых работнікаў на рынку працы. Тым больш, што дадзены рэсурс не забяспечваецца ў дастатковай ступені польскімі работнікамі. Таксама назіраюцца змены ў прасоўванні Польшчы ў свеце. Краіна набывае папулярнасць як месца, дзе можна працаваць, таксама сярод іншых краін, і мы ўсё часцей гаворым пра людзей з-за межаў Еўропы.
У Польшчы назіраецца рост грамадскай незадаволенасці з-за росту замежнікаў. Ці трэнд на запатрабаванасць захаваецца?
— Эканоміцы патрэбныя працоўныя рукі, асабліва кваліфікаваныя. Гэтая эканамічная патрэба, безумоўна, будзе стымуляваць рост занятасці з-за мяжы. З іншага боку, у нас пануе клімат, які з заканадаўчага, і сацыяльнага пункту гледжання, можа выклікаць некаторыя сумневы ў замежнікаў адносна таго, ці з'яўляецца Польшча краінай, якую варта выбіраць для працы. Пакуль у нас ёсць дваістая сітуацыя. Але я б сказаў, што попыт і эканамічныя перспектывы непазбежна будуць стымуляваць рост занятасці з-за мяжы. Тым больш, што ёсць шмат сігналаў, як ад бізнесу, так і ад мясцовых органаў улады. У нас таксама ёсць буйныя замежныя карпарацыі, якія будуюць тут свае міжнародныя каманды, і часта прыцягваюць замежнікаў. Таму нам трэба падыходзіць да пытання вельмі рацыянальна, гледзячы ў першую чаргу праз прызму попыту на кваліфікаваную працу. Прычынай адкрытасці для замежных работнікаў павінна быць менавіта адбор неабходных навыкаў не толькі тут і цяпер, але часта і на пяці-дзесяцігадовы перыяд.
Размаўляў Юры Ліхтаровіч