Беларуская Служба

Я выходзіў абараніць сябе і свой народ: гісторыя Антона, былога палітвязня

15.11.2025 18:03
Калі сітуацыя ў Беларусі зменіцца, Антон абавязкова хоча вярнуцца. Там яго чакаюць людзі, з якімі звязана ўсё яго жыццё.
Аўдыё
  • Я выходзіў абараніць сябе і свой народ: гісторыя Антона, былога палітвязня
   , 25  2023 .  ()
Дзень Волі ў Варшаве, 25 сакавіка 2023 г. (ілюстрацыя)Крыніца: https://t.me/cbs_help

Антон прайшоў праз чатыры з паловай гады зняволення за ўдзел у мірных пратэстах. Ён не прызнаў сваёй віны, вытрымаў катаванні, страты і ізаляцыю, а сёння яшчэ вучыцца давяраць людзям, але верыць — Беларусь абавязкова стане вольнай.

Дарога да турмы

Антон — былы палітвязень. Адслужыў у войску, летам адпачываў, пачаліся выбары, а потым, як сам заўважае, не застаўся ў баку ад падзей і выйшаў на пратэст разам з народам. У выніку — чатыры з паловай гады зняволення.

— Віну я дагэтуль не прызнаў і не прызнаваў яе раней, калі мяне ўгаворвалі пракуроры напісаць прашэнне аб памілаванні. Мяне абвінавацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках і ва ўсім тым, чаго я нават не здзяйсняў. Але мае дзеянні былі скіраваныя на абарону людзей і самога сябе, — упэўнена кажа спадар.

А таму ўвесь тэрмін зняволення яму давялося адбыць за кратамі. За гэты час, як і ўсе палітвязні, ён прайшоў праз увесь гэты дурдом, бесчалавечнасць, нясправядлівасць, праз адсутнасць законаў, якія нібыта ёсць, але не дзейнічаюць, праз нялюдскія ўмовы ўтрымання і катаванні.

Беззаконне і катаванні

Нават праз чатыры з паловай гады ў гэтых невыносных умовах беззаконня ён надалей задаецца пытаннем:

— Навошта тады ўсе гэтыя чырвоныя кніжкі, навошта гэта ўсё напісана на паперы, калі яно не працуе? Добра, няхай лічаць, што я зрабіў злачынства, але чаму такое жывёльнае стаўленне да чалавека? Я што, некага забіў, абрабаваў, пакалечыў? Я выйшаў абараніць сябе і свой народ. Я — чалавек…, — вырываецца знутры яго натуры.

І так — адны пытанні… Як, напэўна, некалі задавалі сабе людзі, калі іх вялі ў Курапаты.

Падчас следства ён адмаўляўся ад следчага, бо справа фабрыкавалася. Адмовіўся ад адваката, бо бачыў, што прысуд ужо напісаны, тэрмін вызначаны. У СІЗА пісаў пастаянныя скаргі на ўмовы ўтрымання і на тое, што не даюць лістоў. У адказ ад начальніка рэжымнага аддзела пачуў:

— Калі будзеш даставаць са сваімі лістамі, зачынім цябе ў адзіночнай камеры за тое, што парушаеш форму адзення.

Халодныя сцены і халодныя душы

Сутыкнуўшыся сам-насам з гэтай гулагаўскай сістэмай, Антон ніяк не мог зразумець, што гэта адбываецца з ім насамрэч — у гэта цяжка было паверыць. Ён увесь час шукаў адказы на пытанні, якія паўставалі.

Аднойчы нават запытаў у канваіра, калі яго везлі па этапу, ці той таксама лічыць яго злачынцам. Такі ж малады чалавек, але па другі бок кратаў, адказаў, што і сам не ведае што рабіць — звальняцца ці далей працаваць.

Спачатку была калонія ў Гомелі, а затым у Шклове. А там ізноў — здзекі, беззаконне, катаванні. Але Антон неахвотна згадвае гэтыя падрабязнасці. Маўляў, малады, здаровы — усё гэта вынес. Цяжэй было людзям слабейшым, з хваробамі.

У ШЫЗА быў ва ўсе поры года, і там аднолькавы холад — гэта, паводле яго, сапраўднае катаванне.

— Там жудасная лядоўня. Сядзіш дзесяць сутак — і ў цябе голас прападае. Ты проста там замярзаеш. Я сядзеў ва ўсе поры года і не ведаю, калі там бывае цяпло — гэта так зроблена. Яны кожны раз прыдумваюць нешта новае, каб людзям было цяжэй перажыць. Гэта вельмі складана. Ладна я яшчэ са сваім характарам, а тыя звычайныя людзі, хто там за каментары ці лайкі, — яны проста ламаюцца псіхалагічна і фізічна. І што самае страшнае — ніякага спачування да такіх людзей няма. Карнікі апраўдваюць сябе тым, што ў іх ёсць загад. Але яны разумеюць, што мы не тыя, за каго нас тут трымаюць. Ва ўсіх ёсць выбар, і я зрабіў свой, і яны таксама.

Страты і выпрабаванні

Антон цяжка перажыў у турме страту блізкіх людзей. Памерла бабуля, якая яго выхоўвала, а ліст яму паказалі толькі праз тыдзень пасля яе смерці. Пасля вызвалення ён шмат думаў пра тых, хто яшчэ там:

— Думаў пра тых, хто застаўся, пра тых, каго яшчэ арыштоўваюць і садзяць. Я гэты шлях ужо прайшоў, нехта яшчэ ідзе, а некаму яшчэ давядзецца. І я нават не ўяўляю, якім будзе іх шлях. Фантазіі ў карнікаў хапае — штучныя парушэнні прыдумваюць на кожным кроку. За дзень па шэсць разоў спрабавалі стварыць парушэнні. Але я не здаваўся. Калі з цябе робяць дурня, нібыта ты нешта парушыў, а насамрэч проста за табой прыйшлі аператыўнікі — гэта азначае, што цябе “заказалі”. І як бы ты ні круціўся — цябе ўсё роўна адстрэляць. Так у нас называлася.

Жыццё пасля турмы

Пасля вяртання з турмы Антон атрымаў яшчэ два гады прэвентыўнага нагляду. Гэта значыць — хадзіць адзначацца, без дазволу ні кроку. Умовы — амаль як у зняволенні. Але ён усё вытрымаў. І рашуча вырашыў, што выедзе за мяжу. Так і зрабіў — нікому нічога не сказаўшы.

Прыехаў да сяброў у Польшчу, з якімі быў на пратэстах у 2020 годзе. На першых парах дапамаглі сябры і ментары з ініцыятывы «Вольныя».

— Псіхалагічна дапамаглі, замацавалі за мной добрую ментарку, якая ўвесь час апекавалася мной, паўсюль вадзіла, дапамагала рабіць паперы для легалізацыі. Цяпер паціху працую, не падаю духам і больш упэўнена гляджу ў будучыню, бо хачу жыць і працягваць змагацца з дыктатурай.

Жыццё ў эміграцыі і новыя мэты

— А як наогул сябе адчуваеце, адышлі ад таго перажытага жаху?

— Так проста складана адысці ад таго, што перажыў. Патрэбны час. Бо тое, што я перажыў, цяжка нават прыдумаць. Тут, у бяспецы, але калі вызваліўся — баяўся людзей, проста звычайных людзей. Уяўляеце: проста баяўся людзей. Гэта ж ненармальна. Цяпер, канешне, адаптаваўся, думаў, што ўсё добра, але літаральна ў жніўні мяне накрыла дэпрэсія. Нават былі думкі вярнуцца назад, адсядзець яшчэ тэрмін. Але я ўзяў сябе ў рукі. Туды вяртацца не збіраюся. Другі раз я ўжо не сяду.

У польскае грамадства Антон таксама паступова інтэгруецца. Мову разумее, але пакуль складана размаўляць. Сустракаецца з сябрамі, з якімі быў знаёмы яшчэ ў Беларусі.

— Эміграцыя — гэта новае жыццё, усё з чыстага ліста. Усяго трэба дамагацца нанова. Новыя знаёмствы, новыя ўмовы. Новых адносін не завожу — яны засталіся там. І каханне засталося там. Развіваюся, хачу жыць, хачу вярнуцца на тыя вяршыні, з якіх упаў. Ёсць людзі, якія дапамагаюць. Палякі кажуць, што хутка буду размаўляць па-польску. Я стараюся, не гледзячы на тое, што я тут адзін.

Надзея і вяртанне

Калі сітуацыя ў Беларусі зменіцца, Антон абавязкова хоча вярнуцца. Там яго чакаюць людзі, з якімі звязана ўсё яго жыццё.

Павел ЗАЛЕСКІ

Слухайце аўдыё!