У Варшаве падчас адкрытых сустрэч з чытачамі дзе вядомыя беларускія пісьменніцы Святлана Алексіевіч і Ева Вежнавец у фармаце пытанняў і адказаў выказалі свае пазіцыі па важных тэмах, якія цяпер актуальныя для нашага рэгіёну ў звязку з захопніцкай вайной, якую Расія вядзе ва Украіне.
Нобелеўская лаўрэатка, пісьменніца Святлана Алексіевіч неаднаразова выказвалася на тэму рускай культуры, у якой яна і сама выхоўвалася. Гэтае ж пытанне прагучала і падчас сустрэчы ў Варшаве.
— Са мной вельмі шмат спрачаюцца, што мова невінаватая. Так, можна знайсці вершы ў Пушкіна – імперскія, нават у Бродскага. На маю думку, ва ўсіх можна знайсці гэта. Яны былі людзі свайго часу. Але гэта час, а не мова. Разумееце? Мы ставім ім у віну час – што яны жылі ў гэтым часе. Але мова руская тут ні пры чым. Таму я, напрыклад, не збіраюся адмаўляцца ад расійскай мовы. Я пішу ўсё на расійскай мове. Я першапачаткова гэта рабіла, таму што чырвоная ідэя размаўляла на рускай мове. Каб напісаць пра гэта, трэба было аб'ехаць увесь вялікі Савецкі Саюз. І куды б я ні прыязджала – усё гаварылі на рускай мове. І калі мне казалі: «Ну чаму ты жанчын вайскоўцаў бярэш рускіх, яшчэ нейкіх… Брала б толькі беларусаў». Гэта няпраўда. Не трэба рабіць падробку часу. І мы не павінны здраджваць, мы не павінны здраджваць сваёй мове. Момант, які перажывае зараз Украіна – гэта зразумела. Гэта роспач, боль. Але я думаю, што гэта адбудзецца. Наконт мовы гэта абавязкова пройдзе. Галоўнае – не мова, галоўнае – ідэі. Не мова, а ідэі нясуць адказнасць, – падкрэсліла Святлана Алексіевіч.
Ева Вежнавец (Святлана Курс) на пытанне пра тое, чаму яна не гаворыць па-руску, адказала безапеляцыйна:
— Я шаную спадарыню Святлану з глыбіні майго сэрца, таму што я абавязаная ёй мудрасцю, стойкасцю, гэта прыклад для мяне. Яна з’яўляецца маёй літаратурнай патронкай і настаўніцай, але я не буду хаваць, што ў мяне зусім процілеглае стаўленне да беларускай, да расійскай культуры і мовы. Я лічу, што яна (расійская культура, — рэд.) не адбылася. І што гэта занадта дорага, маючы паўтара добрых класічных пісьменніка.
І за гэтых пісьменнікаў, за іх багаты, літаратурны і гэтак далей моўны скарб мы ўсе па перыметры мусім плаціць крывёй. Мне здаецца, што гэты культурны праект не адбыўся, мова з’яўляецца носьбітам нацыянальнага характару. Расійская мова і літаратура нясуць у сабе не адбіты характар імперскасці і знішчэння ўсяго, што не з’яўляецца расійскім. Мы ў Беларусі гэта ведаем вельмі добра.
Пакуль гэта не зменіцца я не хачу мець нічога агульнага з гэтай традыцыяй. Я ў іх не веру. Я лічу, што (расіяне, — рэд.) не адбыліся як нацыя, як культурны нацыянальны праект, і што Расія ўвогуле Госпаду Богу не выйшла яшчэ больш, чым старасць.
Пры гэтым я вельмі пільна сачу за Расіяй, за тэндэнцыямі, якія там адбываюцца, і я не бачу там нічога здаровага, таму што здаровых людзей, паводле маіх назіранняў, там, можа быць, кожны дзясяты. І вось гэтых людзей я глыбока шкадую. Мне іх шкада, бо яны чужыя ва ўласным грамадстве, яны чужыя ва ўсім свеце, таму што свет цяпер глядзіць на іх як на немцаў пасля Другой сусветнай вайны.
А што тычыцца гэтага праекту, то, гаворачы словамі расійскага паэта, я вельмі на іх пакрыўдзілася за тое, што яны робяць з намі, з усімі народамі — блізкімі і дальнімі, і ўнутры самой Расіі панішчылі сотні народнасцяў, іх знішчаюць, высылаючы на вайну супраць украінцаў.
Дык вось, «я был в обиде на тебя, мое сердце было в тени». Я ў вялікай крыўдзе на іх, маё сэрца да канца майго жыцця будзе ў ценю і не хачу мець з імі нічога агульнага. Вось гэта розніца паміж нашымі светапоглядамі.
У Варшаве адбылася завочная дыскусія дзвюх беларускіх пісьменніц – Святланы Алексіевіч і Евы Вежнавец – наконт ролі рускай мовы і рускай культуры для беларусаў.
Але можна сказаць, што пісьменніцы сышліся ў меркаванні, што эміграцыя тысяч беларусаў, вымушанасць пазнаваць новыя культуры, інтэгравацца ў новыя ўмовы і грамадствы – усё гэта на карысць.
— Я ўжо пахваліла беларусаў, што яны, разыходзячыся па свеце, прыносяць гэты ўніверсалізм да хаты. Але што датычыцца касмапалітызму, то ў мяне ёсць словы генерала Міхала Вітушкі, які аддаў жыццё за Беларусь. Ён пісаў: «Я беларус і толькі беларус, але…». І вось гэтае «але» я акуратна абсякаю, бо не памятаю, што ён сказаў далей. Мне ж вельмі падабаецца: «Я беларус і толькі беларус». Бо навошта ў нашай глабальнай касмапалітычнай вёсцы чалавек, які не з’яўляецца нікім, – чым цікава мець за суседа нецікавага чалавека без каранёў, без культуры, асаблівасцяў, характару, і нават без лёгкай дзівакаваты? У вёсцы заўсёды цікавейшыя яркія людзі. Дык чаму ж у чалавечай агульнай універсальнай сям’і не можа быць цікавых народаў, кожны з якіх адрозніваецца адзін ад аднаго?
Я веру ў тое, што існуюць нацыянальныя характары. І мне цікава, каб паляк быў палякам, беларус — беларусам, украінец — украінцам. Гэта мне зусім не замінае, пры гэтым мы ўсе людзі, у нас шмат універсалій, якія нас аб’ядноўваюць. І гэта цудоўна, мы можам паразумецца. Тут няма праблемы і супярэчнасці.
На ўдакладняючае пытанне пра асіміляцыю беларусаў Ева Вежнавец сказала, што гэтага не варта баяцца, наадварот, яна бачыць у асіміляцыі павагу да грамадстваў, у якіх жывуць людзі:
— Беларусы не асімілююцца — яны адаптуюцца і прымаюць правілы гульні кожнага грамадства, куды трапляюць. І кожны мае выбар: застацца беларусам ці пашыцца, дапусцім, у палякі, у чэхаў, у амерыканцаў — і нічога свайго пра сябе не пакінуць. Але баяцца тут няма чаго, таму што прымаючы яшчэ адну душу — польскую, чэшскую, якую заўгодна — акрамя беларускай, мы не бяднеем, а ўзбагачаемся.
Што датычыцца таго, хто вернецца, а хто не — я глыбока перакананая, што калі б цяпер была магчымасць паехаць будаваць родны край, убачыць родныя краявіды, падыхаць родным паветрам, то гэтыя людзі паехалі б назад. Не абавязкова яны там засталіся, але яны б туды рванулі — на наступны ж Божы дзень там было б поўна беларусаў.
Не зважаючы на русіфікацыю, вырастаюць новыя і новыя пакаленні. Я заходжу ў якія-небудзь дыяспары і бачу, колькі там новых беларусаў, якія ўзніклі літаральна з нічога. Прычым жа беларусаў часта стараюцца адвучыць ад беларускасці, тыкаюць у гэтую беларускасць носам, а потым яшчэ і б’юць, як тое кацяня. Але гэта не адвучвае. І таму я вельмі рада.
Мне вельмі падабаецца, калі пра беларусаў пішуць, што яны арганізаванай злачыннасці, беларусы, не ўтвараюць, супраць чужой культуры не выступаюць, распальвальнікамі канфліктаў не становяцца, а раствараюцца і робяцца празрыстымі. Таму што так і трэба. Прыехаўшы ў чужое грамадства, такімі і трэба быць: служыць той зямлі, таму грамадству, куды патрапіў, з усіх сіл, шанаваць людзей, якія вакол цябе. І гэта ніяк не супярэчыць таму, кім ты з’яўляешся на самой справе.
У Максіма Гарэцкага ёсць аповесць «Дзве душы». А чаму кожнаму з нас не мець дзве душы? Родную — сваю беларускую, і набытую — напрыклад, яшчэ і польскую. Тут няма нічога страшнага.
Святлана Алексіевіч у сваю чаргу заклікала маладых людзей быць адкрытымі да новых ведаў:
— Я заўсёды кажу, што будзе ж некалі гэтая «Новая Беларусь». Трэба рыхтаваць сябе да гэтага. Мы прыйдзем туды ўжо людзьмі, якія прынясуць з сабой і кавалачкі свету, тое, што мы напаткалі тут, што мы даведаліся тут. Таму, маладыя, рассоўвайце сябе, не сядзіце ў гэтых вузкіх толькі нацыянальных рамках, станавіцеся шырэй. І касмапалітызм – гэта не лаянкавае слова. Я лічу сябе касмапаліткай, я вельмі рада, што ўва мне ёсць еўрапейскія нейкія пазнанні жыцця, ідэй. Я думаю, што гэта вельмі важна ў будучым свеце. І зараз.
вх