Беларуская Служба

«Ідуць лепшыя часы для традыцыйных СМІ». Людзям патрэбныя крыніцы інфармацыі, якім можна давяраць

08.12.2025 15:17
На думку эксперта, неабходная поўная змена мыслення пра крыніцы інфармацыі.
Аўдыё
  • Эксперт: Польшча недастаткова аператыўна рэагуе на дэзынфармацыйныя дзеянні Расіі.
 .
Ілюстрацыйны здымак. Andrys/pixabay.com/CC0

Расія вядзе поўнамаштабную вайну ва Украіне, якая патрабуе вялізных матэрыяльных, фінансавых і чалавечых рэсурсаў. Пры гэтым, яна вельмі сур’ёзна ставіцца да гібрыднай вайны супраць заходніх краін, выкарыстоўваючы поўны спектр палітычных, эканамічных і сацыяльных інструментаў. Сярод найважнейшых абласцей расійскай дзейнасці - інфармацыйная вайна, кібератакі і распальванне варожасці да мігрантаў у заходніх краінах, у тым ліку да бежанцаў з Украіны.  

Расія шмат рэсурсаў укладвае ў гібрыдную дзейнасць супраць варожых краін (варожых паводле яе меркавання) і вядзе гэтую дзейнасць ужо шмат гадоў. Пастаўленыя задачы — знізіць пачуццё бяспекі сярод жыхароў заходніх краін (напрыклад, у пытаннях паставак паліва і энергіі), падарваць іх давер да нацыянальных уладаў, ЕС і НАТА, а таксама павялічыць сацыяльную палярызацыю. На жаль, польскія ўлады мала ўвагі надаюць барацьбе з гэтай гібрыднай вайной, - адзначае эксперт па пытаннях дэзінфармацыі, журналіст, старшыня Інстытуту Заменгофа Павел Прус (Paweł Prus).

— Да нядаўняга часу мы ў Польшчы не адчувалі нейкіх вельмі непрыемных наступстваў дэзінфармацыі. А нават калі яны адбываліся, у мяне складвалася ўражанне, што, на жаль, дзяржаўныя органы ў пэўнай ступені ігнаруюць гэтую пагрозу. Мы вельмі вялікую ўвагу надаем бяспецы ў ваенным плане. Напрыклад, Польшча з'яўляецца лідарам у НАТА па выдатках на ўзбраенне, закупку боепрыпасаў, яна актыўна будуе заводы па вытворчасці боепрыпасаў, выдзяляе сродкі на закупку танкаў і павелічэнні колькасці арміі. Гэта, канешне, неабходна, але я, як даследчык дэзінфармацыі, заўважаю, што гэтая сфера супрацьдзеяння і рэагавання на варожыя інфармацыйныя дзеянні працягвае быць занядбанай у нашай краіне. Гэта значыць, існуе вельмі мала арганізацый, устаноў і асоб, якія нават займаюцца гэтым. І пасля кожнай такой сітуацыі ў нас ёсць момант разважанняў, што мы зноў падвергліся нападу ў інфармацыйнай сферы, але за гэтым не ідуць ніякія далейшыя крокі. Гэта азначае, што наша рэакцыя на дэзінфармацыйную дзейнасць з боку Расіі ці Беларусі звычайна недастатковая, а рэакцыя наступае надта позна.

— У пашырэнні дэзінфармацыі вялікую ролю адыгрываюць сацыяльныя сеткі. Расія распаўсюджвае свае наратывы праз спецыяльна створаныя акаўнты і групы, у тым ліку фальшывыя. На такія ўкіды неабходна рэагаваць вельмі аператыўна. Але, на жаль, у Польшчы пра гэта часта забываюць.

— На дэзынфармацыйныя наратывы трэба рэагаваць на вельмі ранняй стадыі. Справа ў тым, што, як правіла, тыя фальшывыя акаўнты, якія першымі распаўсюджваюць дэзінфармацыю, не маюць вялікіх ахопаў. Насамрэч яны набываюць значна большы ахоп тады, калі гэтыя наратывы падхопліваюць сапраўдныя людзі, вераць у іх і пачынаюць перадаваць далей. Толькі тады дэзінфармацыя становіцца масавай. Таму, каб гэтага пазбегнуць, з аднаго боку трэба праводзіць пэўную адукацыю і тлумачыць людзям, чаго нельга рабіць. З другога боку, калі яна ўжо з’яўляецца — напрыклад, калі а сёмай раніцы запускаецца аперацыя, якая вінаваціць Украіну ў нападзе на Польшчу, — то ўжо а восьмай павінна быць рэакцыя Польшчы на гэтую інфармацыю. Аднак практыка апошніх падзей паказвае, што такая інфармацыя ў найлепшым выпадку з’яўляецца праз 5–8 гадзін. А, напрыклад, у выпадку апошняй дыверсійнай акцыі на чыгунцы афіцыйныя камунікаты накшталт «асцярожна, дэзінфармацыя ў сетцы», «з’явілася шмат фэйкаў і непраўдзівай інфармацыі на гэты конт» паявіліся толькі праз дзень або нават праз два дні. І гэта, на маю думку, асноўная прычына, чаму ў Польшчы дагэтуль не зусім умеюць эфектыўна супрацьстаяць пагрозе, якую нясе дэзінфармацыя.

— Расія прыкладае вялізныя намаганні, каб распальваць варожасць да ўкраінцаў у Польшчы. Усімі праўдамі і няпраўдамі яна, напрыклад, стараецца пераконваць украінцаў, што палякі вельмі ахвотна адабралі б у Украіны Львоў, калі б паявілася такая магчымасць. Дарэчы, нават у выказваннях некаторых польскіх палітыкаў праскоквала інфармацыя аб тым, што Пуцін спрабаваў прапанаваць Польшчы заходнюю Украіну са Львовам. На каго разлічаныя гэтыя наратывы? На ўкраінцаў ці на палякаў?

— Такія рэсентыменты, якія сцвярджаюць, што, напрыклад, частка Украіны магла б вярнуцца да Польшчы, што Львоў мог бы зноў стаць польскім, — не з’яўляюцца папулярнымі наратывамі ў польскім грамадстве. Калі ўвогуле існуюць людзі, якія думаюць, што такі сцэнарый магчымы або якія хацелі б такога сцэнарыю, то гэта толькі адзінкі. Таксама, як у Германіі амаль няма немцаў, якія мараць пра вяртанне Уроцлава або Шчэціна. Гістарычная сітуацыя склалася так, што, хоць перастаноўка межаў заўсёды з’яўляецца пэўнай трагедыяй для грамадства, адначасова з пункту гледжання тэрытарыяльнага і эканамічнага значэння, пасля заканчэння Другой сусветнай вайны Польшча ў пэўным сэнсе стала мацнейшай дзякуючы зменам межаў. Польшча страціла менш урбанізаваныя, менш прывабныя тэрыторыі, а атрымала развітыя, урбанізаваныя, прамысловыя землі на захадзе. Такі быў вынік вайны, на які палякі не мелі ўплыву. Таму наратыў пра тое, што палякі нібыта хацелі б, напрыклад, падзелу Украіны або далучэння часткі ўкраінскай тэрыторыі да Польшчы, — мне здаецца, што ён можа выглядаць верагодным толькі для таго, хто не з’яўляецца палякам. У мяне такое ўражанне, што польскае грамадства нават не можа сабе ўявіць, што межы Польшчы маглі б змяніцца. У Польшчы ніхто пра гэта не гаворыць, бо гэта ўвогуле не з’яўляецца тэмай для дыскусіі і нікому не прыходзіць у галаву. Мне здаецца, што гэтыя наратывы з'яўляюцца меседжам, які мог бы зацікавіць украінцаў, але не палякаў.

— Барацьба з фэйк-ньюсамі, рознымі ўкідамі, зробленымі адмыслова ці выпадкова, вельмі ўскладняецца яшчэ і ў выніку развіцця штучнага інтэлекту. Цяпер, калі мы бачым у сеціве нейкае выказванне ці відэафільм, мы не можам быць упэўненымі, што гэта праўда, а не створаная штучна інфармацыя. Як знайсці аўтарытэт, якому можна давяраць?

— Гэта не пытанне аўтарытэту, таму што, нават калі мы бачым выказванне аўтарытэтнай асобы ў форме відэа або тэксту ў інтэрнэце, мы не маем упэўненасці, што яно сапраўды паходзіць ад гэтай асобы. Я лічу, што мы жывём у такія часы, калі для нашай бяспекі лепш будзе, калі мы прымем, што ўсё, што мы бачым, асабліва ў інтэрнэце ці медыя, з’яўляецца няпраўдай да таго моманту, пакуль мы не зможам праверыць гэта ў іншых крыніцах і пацвердзіць праўдзівасць. То-бок, неабходная поўная змена мыслення пра крыніцы інфармацыі. Раней для нас было натуральна, што калі мы чытаем нешта ў газеце, то верым, што гэта праўда, калі толькі нехта не дакажа, што газета нас падманула. А цяпер усё наадварот. Што б мы ні прачыталі, ні пабачылі — бяспечней будзе прыняць, што гэта няпраўда. І проста трымацца надзейных крыніц. Я веру ў тое, што такія традыцыйныя медыя, якія карыстаюцца даверам, дзякуючы гэтаму толькі выйграюць, бо інтэрнэт у шырокім разуменні перастаў быць якой-небудзь крыніцай інфармацыі для свядомых людзей. Таму што там нас можа сустрэць больш шкоды і рызыкі паверыць у хлусню, чым шанцаў атрымаць нейкую істотную і праўдзівую інфармацыю.

— Такім чынам, атрымліваецца, што з развіццём штучнага інтэлекту, інтэрнэт практычна пачаў жыць уласным жыццём. За вялізнай колькасцю кантэнту няма верагоднай крыніцы інфармацыі. Ці можам сказаць, што гісторыя інфармацыі зрабіла кола і мы вяртаемся да традыцыйных СМІ?

— Для нас будзе лепш, калі мы будзем ставіцца да інтэрнэту як да пэўнай прасторы, у дачыненні якой трэба захоўваць стопрацэнтную недаверлівасць — не верыць нічому і нікому. Хіба што нам удасца ў некалькіх іншых крыніцах пацвердзіць дакладнасць нейкай інфармацыі. Я веру, што надыходзяць лепшыя часы для традыцыйных медыя, якія ў апошняе дзесяцігоддзе гублялі сваё значэнне, паколькі развіваліся іншыя крыніцы інфармацыі, на свеце назіраўся перыяд захаплення тымі вялікімі магчымасцямі, якія даюць сацыяльныя сеткі. Там інфармацыя вельмі хуткая, яе больш, але мне здаецца, што перад намі момант, калі ўсё большая частка грамадства пачне разумець, што інфармацыя ў сацыяльных сетках — гэта не інфармацыя. Інфармацыяй становіцца толькі тое, што напіша надзейная рэдакцыя, надзейны журналіст, вядомы па імені і прозвішчы, якога мы ведаем шмат гадоў і які ніколі нас не падводзіў. Калі ён нешта паведамляе, толькі тады гэта сапраўдная інфармацыя. Мне здаецца, што такія якасныя, добрыя медыя маюць перад сабой лепшы час, чым дагэтуль.

нг