10 лістапада 2021 года Мінскі гарадскі суд прысудзіў Дзядка да пяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. 11 верасня 2025 года пасля памілавання ён быў дэпартаваны ў Літву разам з пяццюдзесяццю іншымі беларускімі палітвязнямі.
Сустрэча з Міколам Дзядком у Беластоку прайшла з аншлагам і пакінула ў яго вельмі добрыя ўражанні.
— Мне вельмі спадабалася атмасфера. Адчувалася сяброўскасць. Пытанні былі няпростыя, вострыя. Было відаць, што людзі псіхалагічна стомленыя, што ім цяжка жыць, цяжка знаходзіцца ў гэтым стане, цяжка на душы. І з гэтага нараджаліся спробы вельмі моцна, часам нават рэзка, абвастраць дыскусію, пераносіць яе на асабісты ўзровень.
Але, нягледзячы на гэта, усё перакрывалася вельмі моцным сяброўскім вайбам – узаемнай падтрымкай і ўзаемнай павагай. Было шмат цікавых пытанняў, на якія мне сапраўды хацелася адказваць. Было відаць, што публіка сабралася ў цэлым вельмі інтэлектуальная. Шмат моладзі з разумнымі пытаннямі, і ўвогуле, людзей прыйшло нямала.
Я, так хутка «на вока», налічыў каля 38 чалавек. Думаю, што на пяты год эміграцыі і пасля бясконцых параз гэта добры вынік.
Рэдактар: Сустрэчу ў Беластоку я б падсумаваў цытатай: «Калі ўсе згублены ключы, калі ні шанцу, ані нічога – усё ж ідзі, любі, крычы і спадзявайся на перамогу». Гэта радкі з беларускай літаратуры, з творчасці Алеся Разанава. Адкуль такі аптымізм у чалавека, які не адзін тэрмін прасядзеў у рэжымнай турме?
— Думаю, тут ёсць некалькі прычын. З аднаго боку, усё залежыць ад таго, на чым ты канцэнтруеш сваю ўвагу. Калі пастаянна засяроджвацца на зло, на кепскія ўчынкі іншых людзей, на паразах – аптымізму не будзе. Калі ж канцэнтруешся на добрым, вучышся заўважаць добрае – тады з’яўляецца аптымізм.
З іншага боку, магчыма, менавіта турма стала адной з крыніц аптымізму. Я правёў у зняволенні ў суме каля дзесяці гадоў. Неаднаразова трапляў у сітуацыі, калі мне дапамагалі людзі, ад якіх я абсалютна не чакаў дапамогі. Гэта маглі быць і вязні, у тым ліку крымінальныя, і нават супрацоўнікі адміністрацыі.
Гэта сапраўды мяне натхняла і паказвала, што нават у сістэме, дзе ўсё чалавечае мэтанакіравана вытаптваецца, дзе заахвочваюць да дрэннага, а не добрага, дзе ўся сацыяльная структура пабудавана на карыслівасці, эгаізме, жорсткасці і цынізме, – нават там здараюцца чалавечыя ўчынкі. І здараюцца яны значна часцей, чым гэта можна было б спісаць на статыстычную памылку.
Гэта сведчыць пра тое, што чалавечае ў чалавеку не знішчальнае. І калі гэтыя парасткі захоўваюцца нават у такіх страшных умовах, гэта азначае, што наша барацьба асуджаная на поспех. Хаця, канешне, лёгка не будзе ніколі.
Гутарыў Яраслаў Іванюк