Беларуская Служба

Кіраўнік Упраўлення па справах іншаземцаў: Празмерная працягласць легалізацыі вынікае з перагружанасці ваявод. Хутка гэта выправім

28.01.2026 14:03
Сярэдні тэрмін разгляду спраў, звязаных з легалізацыяй побыту, у 2025 годзе склаў 340 дзён (у 2024 годзе — 302 дні).
Аўдыё
  • Шэф Упраўлення па справах іншаземцаў: Празмерная працягласць легалізацыі вынікае з перагружанасці ваявод. Хутка гэта выправім
           1700 .
У ваяводскіх адміністрацыях па ўсёй краіне разглядам спраў замежнікаў займаецца каля 1700 супрацоўнікаў. Фота: https://www.gov.pl/

Легалізацыя знаходжання ў Польшчы з'яўляецца для замежнікаў, у тым ліку для беларусаў, вялікім выклікам. Гэта вынікае з працяглага часу чакання дазволу на прыбывання: замест, прадугледжаных заканадаўствам 90 дзён, справы разглядаюцца каля года.

На сённяшні дзень на разглядзе ў ваявод  па ўсё Польшчы знаходзіцца каля 700 тыс. спраў замежнікаў па легалізацыі — гэта значыць, што заявы пададзеныя, але рашэнні па іх яшчэ не прынятыя. Колькасць дзейных карт часовага побыту складае 763 тыс., а агульная колькасць дзейных карт побыту — 971 тыс.

Сярэдні тэрмін разгляду спраў, звязаных з легалізацыяй побыту, у 2025 годзе склаў 340 дзён (у 2024 годзе — 302 дні). У гэты тэрмін не ўключаная так званая карэспандэнцыйная фаза — перыяд ад моманту адпраўкі заявы поштай да афіцыйнага пачатку адміністрацыйнай працэдуры. У Мазавецкім ваяводстве гэтым спосабам падачы заяў цяпер карыстаецца большасць заяўнікаў, а чаканне першага выкліку ва Упраўленне па справах іншаземцаў  займае 8–9 месяцаў.

У ваяводскіх адміністрацыях па ўсёй краіне разглядам спраў замежнікаў займаецца каля 1700 супрацоўнікаў. На прыкладна 200 работнікаў Мазавецкага ўпраўлення па справах замежнікаў у мінулым годзе прыпалі 146 тысяч заяў на побыт.

Беларуская служба пацікавіліся ў кіраўніка Упраўлення па справах замежнікаў Томаша Цытрыновіча, чаму ўпраўленні так доўга разглядаюць гэтыя справы, і калі гэта скончыцца, а таксама пра тое якая найбольш распаўсюджаная падстава для легалізацыі побыту ў Польшчы сярод грамадзян Беларусі:

— Праца. Увесь час — праца. Фактычна тут няма істотнай розніцы паміж грамадзянамі Беларусі і грамадзянамі іншых краін. Выключэннем з’яўляюцца грамадзяне Украіны, якія знаходзяцца ў Польшчы ў межах часовай абароны і якія, дарэчы, у пераважнай большасці працуюць. Мы маем 482 тысячы грамадзян Украіны з часовым побытам, і, паводле ацэнак, больш за 70 % гэтых дазволаў звязаныя менавіта з працай.

Што да беларусаў, то каля 90 тысяч знаходзяцца ў Польшчы на часовым побыце, больш за 40 тысяч — на сталым побыце, і крыху больш за 2 тысячы маюць статус доўгатэрміновага рэзідэнта Еўрапейскага Саюза. Беларусы і надалей застаюцца адной з найбуйнейшых груп замежнікаў, якія падаюць заявы на міжнародную абарону: яны займаюць другое месца пасля грамадзян Украіны. Гаворка ідзе пра лічбы, што вымяраюцца тысячамі.

З якімі фармальнымі праблемамі найбольш часта сутыкаюцца беларусы, легалізуючы побыт у Польшчы?

— Перш за ўсё з працягласцю працэдур. Гэта і складанасці з доступам да ваяводы для падачы заявы, і змены фактычнага становішча заяўніка падчас доўгага разгляду справы. Напрыклад, студэнты падаюць заявы на падставе навучання: калі навучанне разлічанае на адзін год, а рашэнне прымаецца ўжо пасля яго заканчэння, узнікае неабходнасць паўторна атрымліваць даведкі з навучальнай установы. 

Асноўная праблема — менавіта працягласць працэдур. Я нават адважуся сцвердзіць, што калі б гэтыя справы разглядаліся ў нармальныя тэрміны — два–тры месяцы, — то каля 90 % усіх праблем, з якімі замежнікі сутыкаюцца пры атрыманні дазволаў на легальны побыт у Польшчы, проста зніклі б. 

Аднак ваяводскія органы перагружаныя. Колькасць спраў і заяў, якія паступаюць штогод, не адпавядае іх рэальным арганізацыйным магчымасцям: колькасці штатных адзінак, фінансаванню і ўзроўню інфармацыйных і структурных рашэнняў, якія дазволілі б больш эфектыўна кіраваць гэтым працэсам.

Ці прадугледжваюць польскія законы нейкія спрашчэнні з улікам палітычнай сітуацыі ў Беларусі? Напрыклад, вядома пра выдаленых надоечы з Беларусі 123 палітвязняў, 85 з якіх вырашылі застацца ў Польшчы, але некаторыя з іх не маюць нават пашпартоў.

— Што датычыцца былых палітвязняў, якія вырашылі застацца ў Польшчы, то цяпер яны знаходзяцца пад нашай апекай і чакаюць рашэнняў па наданні міжнароднай абароны. Мы добра разумеем, як беларускія ўлады ставяцца да ўласных грамадзян. Многія праблемы ўзнікаюць з-за таго, што беларускія консульскія ўстановы адмаўляюцца выконваць консульскія абавязкі. Гэта выяўляецца, у прыватнасці, у немагчымасці атрымаць або абнавіць дакументы — напрыклад, вадзіцельскае пасведчанне ці пашпарт, тэрмін дзеяння якога заканчваецца. У межах польскай прававой сістэмы мы спрабуем кампенсаваць гэтыя цяжкасці.

Адзін з інструментаў — выдача польскага праязнога дакумента для замежніка. Магчымасць яго атрымання мы працягваем кожныя паўгода, спадзеючыся, што палітыка беларускіх уладаў усё ж можа змяніцца. Гэты дакумент мае свае недахопы — ён выдаецца толькі на адзін год, — але мы працуем над тым, каб змяніць яго фармат і змест, што дазволіць выдаваць яго на больш працяглы тэрмін. Дакумент прызначаны для перасячэння межаў усіх дзяржаў, хоць, зразумела, на мяжы з Беларуссю ён наўрад ці будзе выкарыстаны.

Ці назіраеце вы рост колькасці адмоў у праве на побыт для грамадзян Беларусі? 

— Я такога росту не фіксую. Кожная справа разглядаецца індывідуальна. Не існуе двух аднолькавых сітуацый: у кожнай справе ёсць мноства нюансаў, якія павінны ўлічвацца, і, на маю думку, гэтая прынцыповая індывідуалізацыя захоўваецца.

Якія найбольш частыя памылкі робяць беларусы пры падачы заяў на легалізацыю побыту ў Польшчы ў ваша Упраўленне?

— Калі гаварыць пра наша ўпраўленне, то сюды падаюцца выключна заявы на міжнародную абарону. І, шчыра кажучы, я б хацеў, каб заявы да мяне зусім не траплялі, бо я лічу, што для большасці беларусаў існуюць лепшыя шляхі легалізацыі побыту, чым атрыманне міжнароднай абароны.

Калі ж маюцца на ўвазе працэдуры ў ваяводскіх органах — гэта значыць дазволы на часовы або сталы побыт, а таксама статус доўгатэрміновага рэзідэнта ЕС, — то тут найбольш распаўсюджаныя дзве памылкі, нават не памылкі заяўнікоў, а сістэмныя праблемы. Першая — занадта позняя падача заявы, што зноў жа звязана з недахопам свабодных тэрмінаў у ваявод. Другая — падача няпоўных заяў. Часта заяўнікі або іх прадстаўнікі, якія бяруць за свае паслугі вялікія грошы, дасылаюць поштай фактычна пустыя заявы: з мінімальнымі персанальнымі данымі, без абгрунтавання або нават без подпісу.

Такія дакументы толькі павялічваюць нагрузку на ваяводскія органы і яшчэ больш запавольваюць працэсы. Аднак гэта не выключна віна заяўнікаў або іх прадстаўнікоў — гэта вынік агульнай сістэмнай сітуацыі, своеасаблівы замкнёны круг. Адсутнасць належна запоўненых заяў і неабходных дакументаў перашкаджае хуткаму, а часам і неадкладнаму разгляду спраў.

Мы плануем вырашыць гэтую праблему праз укараненне электроннай сістэмы падачы заяў. Пасля яе запуску значная частка гэтых цяжкасцяў павінна знікнуць.

Напрыканцы мінулага года прэзідэнт Польшчы падпісаў папраўкі да закону аб замежніках, якія ўводзяць электронную сістэму падачы заяў на легалізацыю знаходжання. Замест папяровых дакументаў замежнікі змогуць падаваць заявы на часовы і пастаянны від на жыхарства, а таксама статус доўгатэрміновага рэзідэнта ЕС праз інтэрнэт — у сістэме Moduł Obsługi Spraw (MOS II).

Новая сістэма павінна спрасціць і паскорыць працэдуры, паколькі колькасць заяў на легалізацыю знаходжання ў Польшчы штогод расце. MOS II дазволіць падаваць заявы і электронныя дадаткі, падпісаныя давераным або кваліфікаваным электронным подпісам. Доступ да сістэмы атрымаюць таксама асобы, якія падаюць дакументы ад імя непаўналетніх або недзеяздольных.

Пры гэтым абавязак асабіста з’явіцца ў ваяводскае ўпраўленне застаецца — для праверкі дакументаў, ідэнтыфікацыі асобы і зняцця адбіткаў пальцаў. Новыя правілы ўступяць у сілу пасля запуску ўсіх тэхнічных рашэнняў, пра што асобна паведаміць Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы, магчыма гэта адбудзецца ўжо сёлета.

Слухайце аўдыё!

эж