Беларуская Служба

Dissidentby дапамагае беларускім эмігрантам у супрацы з дзяржаўнымі органамі Польшчы

09.03.2026 07:00
Ёсць, між іншым, пагадненне з Павятовым цэнтрам занятасці.
Аўдыё
  • Супрацоўніцтва дзеля падтрымкі: як Dissidentby дапамагае беларускім эмігрантам у Познані
 .
Марына Касінерава. Фота з яе ўласнага архіву.

Беларуская праваабарончая ініцыятыва Dissidentby заключыла пагадненне аб супрацоўніцтве з Павятовым цэнтрам занятасці ў Познані (Powiatowy Urząd Pracy w Poznaniu). Прадстаўніца ініцыятывы Марына Касінерава распавядае пра тое, што прадугледжвае такое супрацоўніцтва і чым яно карыснае для беларускіх эмігрантаў.

Марына, давайце ад самага пачатку спынімся на пагадненні аб супрацоўніцтве паміж Dissidentby і Павятовым цэнтрам занятасці.

— Так, наша арганізацыя фізічна знаходзіцца ў Познані, тут маем юрыдычны адрас, таму спрабуем карыстацца рознымі магчымасцямі, якія могуць адкрывацца для рэпрэсаваных беларусаў. У прыватнасці шукаем магчымасці, каб і мясцовая ўлада паспрыяла гэтаму. Спрабуем наведваць розныя дзяржаўныя ўстановы і цікавімся, чым бы яны маглі дапамагчы ці паспрыяць у нашай дзейнасці.

Так мы наведаліся ў мясцовы Павятовы цэнтр працы, дзе становяцца на ўлік беспрацоўныя, і дзякуючы гэтаму перад многімі адкрываюцца розныя магчымасці. Туды на ўлік можна стаць і самастойна, але з досведу ведаю, што гэта не вельмі добра працуе. Адпаведна мы спрабуем у гэта ўключыцца, каб больш адказна тыя ж супрацоўнікі маглі ставіцца да тых людзей, якія да іх прыходзяць.

Мы паразмаўлялі з дырэктарам гэтай арганізацыі і заключылі пагадненне. Яны пісьмова паабяцалі выключна для беларусаў асобна праводзіць нейкія варштаты, ладзіць патрэбныя для нас мерапрыемствы, кансультацыі. І ў нас ужо была такая сустрэча: мы сабралі былых палітзняволеных, для якіх супрацоўнікі арганізацыі распавялі агульную інфармацыю пра іх магчымасці, а таксама адказалі на канкрэтныя пытанні, з якімі сустракаюцца беларусы ў Польшчы. Многія адразу пайшлі станавіцца на ўлік, паколькі даведаліся, якія магчымасці для іх адкрываюцца.

Нам таксама паабяцалі, што калі нехта з беларусаў будзе звяртацца да іх праз Dissidentby, то яны будуць імкнуцца працаваць з такімі людзьмі персанальна.

— А што канкрэтна яны маюць на ўвазе, калі гавораць, што будуць дапамагаць персанальна?

— Там ёсць шмат розных варыянтаў, але трэба многае ведаць канкрэтна. Туды можна прыйсці і стаць на ўлік як беспрацоўны — і адразу чалавеку ідзе дзяржаўная страхоўка. У выпадку, калі спатрэбіцца звярнуцца па медыцынскую дапамогу, то дзякуючы гэтай страхоўцы яна будзе аказана бясплатна. І гэта ва ўмовах эміграцыі бывае вельмі важна.

Таксама нам распавялі, і я пра гэта не ведала, што яшчэ летась кожны цэнтр працаўладкавання мог даць накіраванне, па якім чалавека былі абавязаны ўзяць на працу. Праўда, гэты закон змяніўся, і падобнае накіраванне дзейнічае толькі як рэкамендацыйнае. Тым не менш, калі чалавек заключае дамову аб працы, то з гэтай дамовай можа звярнуцца да спецыялістаў цэнтра, каб яны кваліфікавана праверылі яе, патлумачылі незразумелыя пункты і г.д. Яны падкажуць, як бараніць сябе на працоўным рынку.

Яшчэ нам распавялі, што, зарэгістраваўшыся як беспрацоўны, у цэнтры, акрамя медыцынскай страхоўкі, можна атрымаць і сацыяльныя выплаты.

У межах персанальнай кансультацыі чалавек можа атрымаць парады ў тым працоўным напрамку, у якім ён жадае працаваць. Напрыклад, калі ён медык і праз нас звернецца ў цэнтр, яго канкрэтна пракансультуюць і падкажуць, якая сцежка ў яго выпадку можа быць найбольш правільнай, каб ён мог ізноў уключыцца ў тую працу, якую шукае. Да таго ж яны могуць аплаціць дадатковыя курсы.

Таксама яны распавялі пра дапамогу сем’ям, якую могуць аказваць. Мясцовыя органы ўлады, калі да іх звярнуцца з заявай, могуць аказаць фінансавую дапамогу па аплаце камунальных паслуг або набыцці прадуктовых набораў. Для гэтага існуюць спецыяльныя дзяржаўныя праграмы. Таму я раіла б усім беларусам спрабаваць карыстацца такімі лакальнымі праграмамі, якія дазваляюць атрымаць дадатковую падтрымку.

— А як наогул да вас ставяцца ў дзяржаўных установах?

— Мы звярталіся ў розныя дзяржаўныя ўстановы — гарадскія і ваяводскія, — і ставяцца да нас заўсёды адкрыта, спрабуюць дапамагчы, бо разумеюць нашы праблемы. Але калі мы хочам атрымліваць якасную дапамогу, то варта таксама ўключацца самастойна кожнаму, бо так ці інакш яны бачаць нашы праблемы праз уласную прызму. Адпаведна нейкія рэчы могуць не заўважаць. А для гэтага вельмі важна праяўляць ініцыятыву: удзельнічаць у зборы подпісаў, схадзіць разам з іншымі на прыём і г.д.

— А наколькі актыўныя беларусы ў такіх сітуацыях, ці многім патрэбна такая дапамога?

— Што датычыць працы, на маю думку, вельмі многім патрэбна такая дапамога. Прынамсі нядаўна на сустрэчу з прадстаўнікамі ўлады мы збіралі не вельмі вялікую групу, запрашалі пераважна былых палітзняволеных, бо мы з імі працуем. Але наш досвед могуць пераймаць і іншыя групы людзей. І гэта магчыма будзе рабіць, калі з’явіцца больш зацікаўленых людзей.

Павел ЗАЛЕСКІ