Валерыя Чарнаморцава – беларускамоўная экскурсаводка па Вільні. Летась скончыла магістратуру ЕГУ па тэме развіцця культурнай спадчыны. У Беларусі працяглы час арганізоўвала вандроўкі па краіне, з’яўляецца адной з сузаснавальніц віртуальнага музея савецкіх рэпрэсій у Беларусі.
– Валерыя, вы, знаходзячыся ў эміграцыі, здолелі наладзіць працу экскурсавода ў Вільні. Наколькі гэта было складана?
– Канечне, было складана. У Літве трэба скончыць курсы экскурсавода на літоўскай мове, і каб атрымаць пасведчанне, было шмат складанасцяў. Проста ў мяне была такая мэта, такое жаданне. Праўда, здаваць іспыты можна на замежных мовах, то я здавала на чатырох: пачынала па-літоўску, па-англійску, па-расійску, а пра Скарыну дазволілі распавесці па-беларуску. Зараз маю афіцыйнае пасведчанне экскурсавода ды індывідуальную дзейнасць. Толькі вось за кошт адных беларускіх экскурсій выжыць практычна немагчыма. Але, з іншага боку, ёсць і попыт, бо ў Вільню часта прыязджаюць беларусы з розных краін, замаўляюць экскурсіі. Я, дарэчы, усіх запрашаю на экскурсіі, хто апынецца ў Вільні. У мяне ўжо больш за дзесяць тэм. Асноўная сярод іх – мая аўтарская экскурсія па беларускіх мясцінах Вільні. Пачынаем ад Вострай Брамы, і я распавядаю самыя галоўныя, базавыя рэчы. Да прыкладу, пра Базыльянскія муры, дзе тояцца сем вякоў беларускай гісторыі. Ясна, што і для іншых народаў гэта важныя мясціны, але беларусы таксама маюць культурнае права, не палітычнае, шукаць там свае карані. Што мы і робім.
– А што найбольш цікавіць тых, хто заказвае ў вас экскурсіі? Што хочуць беларусы з усяго свету пабачыць у Вільні, пра што пачуць?
– Усім падабаецца мая аўтарская экскурсія па беларускіх мясцінах Вільні. Вельмі часта замаўляюць і хочуць пабываць на экскурсіі на Росах, бо ведаюць, што там пахаваны Кастусь Каліноўскі. Хаця ў мяне ёсць уласная экскурсія і па цэнтры горада, прысвечаная паўстанню 1863 года і Кастусю Каліноўскаму. І, дарэчы, гэтая экскурсія бясплатна пройдзе 11 сакавіка, у Дзень аднаўлення незалежнасці Літвы. Сёлета спаўняецца 35 гадоў.
Ужо восем гадоў у Вільні адбываюцца міні-фэсты экскурсійныя, падчас якіх праходзяць бясплатныя экскурсіі. Яны праводзяцца на розных мовах: па-літоўску, па-французску, па-англійску, па-нямецку, па-расійску, па-украінску, па-польску, але да апошняга года не было па-беларуску. Я некалькі гадоў спрабавала дамагчыся, каб гэта зрабіць, і вось сёлета ў межах гэтай падзеі ўпершыню буду праводзіць у гэты дзень экскурсію па-беларуску, прысвечаную Кастусю Каліноўскаму і паўстанцам 1863 года. Лічу гэта сваім персанальным дасягненнем.
– Валерыя, а наколькі, на ваш погляд, беларускія мясціны ў Вільні пазначаныя?
– Я лічу, дастаткова пазначаныя. На дадзены момант ёсць блізу 12 шыльдаў. Праўда, цяпер у Літве раздаюцца галасы, каб пачынаць здымаць гэтыя шыльды. На рускай мове шыльды некаторым людзям, у тым ліку, звязаным з Беларуссю, ужо здымаюць, але беларускамоўныя пакуль не чапаюць. Аднак і новых, на жаль, не з’яўляецца. Сёлета спаўняецца 145 гадоў Івану Луцкевічу, і, на жаль, братам Луцкевічам няма шыльды ў горадзе. Ёсць толькі кенатаф (пустая магіла) на Росах, але гэта трошкі іншае. Два гады таму была ініцыятыва з ушанаваннем памяці Антона Луцкевіча, але яна ні да чаго не прывяла. Зараз вельмі складана зрабіць нешта такое ў Вільні: амаль немагчыма дамагчыся ўсталявання беларускіх шыльдаў. Але дастаткова шмат ужо ёсць. Я іх заўсёды паказваю, бо часам сустракаецца шыльда з беларускай лацінкай, як, напрыклад, Казіміру Сваяку, і яе не кожны можа заўважыць.
– Якія вашы найбольш любімыя мясціны ў Вільні?
– Акурат мая аўтарская экскурсія па беларускіх мясцінах, якая пачынаецца ад Вострай Брамы. Канечне, за дзве гадзіны не ўдаецца прайсці ўсе беларускія мясціны ў Вільні, але заканчваецца яна ў маім улюбёным дворыку, які часам называюць дворыкам Скарыны, хаця гэта не зусім правільна. Гэта маё любімае месца. Але я наогул Вільню люблю – я проста яе люблю з дзяцінства.
Павел ЗАЛЕСКІ