Беларуская Служба

Польскі Індыяна Джонс – Леон Баршчэўскі

12.03.2026 18:11
Гісторыя польскага даследчыка і царскага афіцэра – першаадкрывальніка Самарканда.
Аўдыё
  • Польскі Індыяна Джонс – Леон Баршчэўскі
  (  , 18761897)
Леон Баршчэўскі (фота з Самарканда, 1876–1897)Autorstwa Leon Barszczewski - national-geographic, Domena publiczna, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=6411171

У сакавіку, у прыватнасці 22 сакавіка 2026 года, мінае 116 гадоў з дня смерці выдатнага польскага падарожніка, этнографа, натураліста, фатографа, даследчыка культуры Цэнтральнай Азіі Леона Баршчаўскага.

Будучы падарожнік і піянер падарожнай фатаграфіі нарадзіўся ў 1849 годзе ў польскай патрыятычнай сям'і, якая ўдзельнічала ў Лістападаўскім (1830–1831) і Студзеньскім паўстаннях (1864). У выніку царскіх рэпрэсій сямʼя Баршчэўскіх страціла свой маёнтак, а малады Леон быў аддадзены пад «апеку царскай улады» і адпраўлены ў ваенныя вучылішчы.

У 1876 годзе Баршчэўскі добраахвотна адправіўся ў Цэнтральную Азію – у Бухарскі эмірат (цяпер гэта тэрыторыя сучаснага Узбекістана), які тады знаходзіўся пад пратэктаратам Расіі.

Адтуль ён здзейсніў больш за 20 экспедыцый па тэрыторыі былога Туркестана, Бухарскага эмірата, Бадахшан і Дарваз, а таксама ў Мазары-Шарыф у Афганістане. Неўзабаве стаў пажаданым членам экспедыцыяў многіх еўрапейскіх падарожнікаў і навукоўцаў.

Падчас сваіх экспедыцый Леон Баршчэўскі, між іншым, адкрыў радовішчы золата, вугалю, нафты і паўкаштоўных камянёў. Вынікам яго аматарскіх даследаванняў у многіх галінах (у тым ліку геаграфіі, археалогіі, біялогіі, этнаграфіі і антрапалогіі) сталі тысячы фатаграфій і вялікая калекцыя экспанатаў, якая лягла ў аснову сучаснага Дзяржаўнага музея гісторыі і культуры Узбекістана.

Нашым сённяшнім госцем з’яўляецца праўнук Леона Баршчэўскага і ягоны самы ахвярны даследчык і папулярызатар спадар Ігар Страецкі (Igor Strojecki):

— Я займаюся адраджэннем памяці пра свайго прадзеда Леона Баршчэўскага, амаль 40 гадоў, калі мне ўдалося арганізаваць першую выставу яго фатаграфій тут, у Варшаве ў Галерэі «Гібрыды». Шчыра кажучы, спачатку я не асабліва звязваў Леона Баршчэўскага з Узбекістанам(…). Мы звычайна атаясамлівалі яго, як фатографа Самарканда або даследчыка былога Бухарскага эмірата, які цяпер знаходзіцца ў межах некалькіх рэспублік: Узбекістана, Таджыкістана і Кыргызстана. Я больш «пазнаёміўся» з Узбекістанам каля 20 гадоў таму, калі пачаў шырэй прасоўваць дасягненні Леона Баршчэўскага шляхам выставаў, гутарак, лекцый і гэтак далей. Менавіта тады, я таксама наладзіў супрацоўніцтва з пасольствам Рэспублікі Узбекістан. Цяпер мае мерапрыемствы, скажам так, аўтаматычна знаходзяцца пад патранатам пасольства. Факт, што мой прадзед пражыў у Самаркандзе 20 гадоў (з 1876 па пачатак 1897 года), там завёў сям’ю, там нарадзіліся ягоныя дзеці, у тым ліку мая бабуля, прычыняецца да таго, што ўзбекі ўспрымаюць мяне неяк інакш. Яны кажуць, што калі твая бабуля нарадзілася ў Самаркандзе, ва Узбекістане, значыць, ты ўзбек.

Якія былі адносіны ў Леона Баршчэўскага з мясцовым насельніцтвам? Як да яго ставіліся? Як ён ставіўся да мясцовага насельніцтва?

— Ну, калі гаворка ідзе пра гэтую тэму, то яна ў значнай ступені існуе ў сямейных аповедах, бо захавалася няшмат арыгінальных нататак Леона Баршчэўскага. Насамрэч, я апублікаваў большасць з іх у кнізе «Страчаны свет. Падарожжы Леона Баршчэўскага па Цэнтральнай Азіі XIX стагоддзя» («Utracony świat. Podróże Leona Barszczewskiego po XIX-wiecznej Azji Środkowej»). Сярод іх, ёсць два інтэрвʼю, якія ён даў падчас выставы, якая прайшла ў Варшаве ў 1901 годзе. Яны былі апублікаваныя ў часопісе «Вакол свету»( «Naokoło Świata») (…). У іх Леон Баршчэўскі насамрэч апісвае, якімі былі ягоныя адносіны з мясцовымі жыхарамі; што ён вельмі сябраваў з імі; што вывучыў іх мовы, нават дыялекты (…) Таксама на фотаздымках Леона Баршчэўскага, зробленых у Цэнтральнай Азіі, з якіх захавалася каля 700, мы бачым твары мясцовага насельніцтва, пераважна мужчын, няхай гэта будуць асобныя партрэты ці групы карэнных жыхароў. Мне здаецца, што на гэтых фотаздымках бачны давер, які мясцовыя жыхары аказвалі падарожніку і фатографу.


Леон Баршчэўскі (фота да 1904). Autorstwa Adolf Gancwol-Ganiewski - Wystawa zdjęć Leona Barszczewskiego, ze zbiorów Igora Strojeckiego, Domena publiczna, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=77391288 Леон Баршчэўскі (фота да 1904). Autorstwa Adolf Gancwol-Ganiewski - Wystawa zdjęć Leona Barszczewskiego, ze zbiorów Igora Strojeckiego, Domena publiczna, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=77391288

Леон Баршчэўскі быў выдатным даследчыкам Цэнтральнай Азіі. Што ён дакументаваў? Што ён даследаваў?:

— Ягоныя фотаздымкі маюць тыпова этнаграфічны характар, яны паказваюць розныя карэнныя групы насельніцтва. У калекцыі Баршчэўскага захавалася толькі некалькі фотаздымкаў жанчын, літаральна пяць ці шэсць(…) Што да іншых фатаграфій, то тут шмат здымкаў гарадской архітэктуры, у першую чаргу з Самарканда, бо на самой справе за 20 гадоў, якія Баршчэўскі там правёў, ён задакументаваў, бадай усе найважнейшыя помнікі. Ён таксама рабіў здымкі падчас падарожжа па былым Бухарскім эміраце(…) Гэта паказвае Баршчэўскага як выдатнага фатографа, чые здымкі старанна прадуманыя. Бачна, што ён хоча паведаміць пра нешта гледачу(…) Акрамя этнаграфічных і архітэктурных фатаграфій, ёсць яшчэ і пейзажныя здымкі. Ён быў падарожнікам, а падчас сваіх падарожжаў сутыкаўся з рознымі, часта небяспечнымі сітуацыямі(…). Варта таксама памятаць, што Баршчэўскі быў царскім афіцэрам у часе, суперніцтва за сферу палітычнага і эканамічнага ўплыву паміж Брытанскай імперыяй і Расійскай імперыяй і ён, несумненна, таксама быў удзельнікам гэтай гульні (…) Мы ведаем, што ён дасылаў справаздачы са сваіх сустрэч, са сваіх падарожжаў уладам тагачаснай Царскай імперыі. Часам гаворыцца, што Баршчэўскі быў шпіёнам. Ну, такія гэта былі часы.

Між тым, сляды Леона Баршчэўскага ва Узбекістане можна знайсці нават у назвах раслін і геаграфічных назвах:

— Сапраўды, у часе, калі я рыхтаваў кнігу, у Вікіпедыі зʼявіўся артыкул пад назвай «часнок Баршчэўскага». Мне ўдалося высветліць гэтую гісторыю. Адказ я знайшоў у публікацыі прафесара Уладзіміра Іпалітовіча Ліпскага «Горная Бухара», якая была вынікам яго падарожжа па Цэнтральнай Азіі ў 1902 годзе. Менавіта прафесар Ліпскі апісвае, як ён адправіўся ў экспедыцыю з Леонам Баршчэўскім, здаецца, летам 1896 года. Выдатны батанік убачыў расліну, якая яшчэ не мела еўрапейскай назвы і ў гонар Леона Баршчэўскага назваў яе «часнаком Баршчэўскага». У той дзень яны таксама падышлі да паўднёвага схілу Гісарскага хрыбта, дзе прафесар Ліпскі таксама назваў у гонар Баршчэўскага ледавік. Таксама Леон Баршчэўскі адкрываючы розныя месцы, даваў ім еўрапейскія назвы.

Вы падарожнічалі па Узбекістане па слядах свайго прадзеда. Што вы адчувалі? Якія былі вашы ўражанні ад гэтых паездак?

— Гэта былі перш за ўсё дзелавыя паездкі на канферэнцыі, на такія гіганцкія кангрэсы пад назвай: «Узбекская спадчына ў сусветных калекцыях». Аказваецца, спадчына, якую пакінуў Леон Баршчэўскі ў выглядзе гэтых незвычайных фатаграфій, гэта і спадчына сучаснага Узбекістана (…)Мяне там заўсёды вельмі цёпла сустракалі, асабліва ў Музеі крэпасці Арк у Бухары, дзе на пастаяннай экспазіцыі выстаўлены не толькі фатаграфіі Леона Баршчэўскага, але ў адной з вітрын паказаныя, датычныя мяне экспанаты — мая кніга, каталогі выстаў, паштоўкі, якія я зрабіў і г.д. Гэта было для мяне неверагодна прыемнае, бо калі я паехаў да іх, то я ўзяў з сабой пакет дадатковых матэрыялаў у выглядзе каталогаў выставы, фотаздымкаў і цэлай кучы іншых рэчаў, паколькі яны плануюць пашырыць экспазіцыю. Важна памятаць, што сучасная Бухара — гэта былая сталіца Бухарскага эмірата, і мне здаецца, што Леона Баршчэўскага больш цэняць менавіта ў самой Бухары ці ў Самаркандзе, — расказваў праўнук і даследчык Леона Баршчэўскага Ігар Страецкі (Igor Strojecki).

Пасля смерці жонкі Леон Баршчэўскі, па сваёй просьбе, пераехаў у Каралеўства Польскае. Гэта прывяло да спынення яго даследаванняў, да якіх больш ніколі не вярнуўся. Леон Баршчэўскі памёр у 1910 годзе ў Чэнстахове ў драматычных абставінах.

го/із/аз

Адным з самых славутых суайчыннікаў палякі лічаць Тадэвуша Касцюшку

12.03.2026 16:02
Агульныя старонкі гісторыі Польшчы і Беларусі: што пра іх ведаюць палякі? Інстытут нацыянальнай памяці апублікаваў вынікі даследавання.