Да такой высновы прыйшлі даследчыкі міжнароднай каманды пад кіраўніцтвам навукоўцаў з Універсітэта SWPS. Каманда псіхолагаў з Уроцлаўскага філіяла ўніверсітэта сумесна з даследчыкамі з Германіі і Канады вырашыла прааналізаваць, як маларухомы лад жыцця ўплывае на псіхічнае здароўе сем'яў.
У даследаванні прынялі ўдзел 203 пары бацькоў і дзяцей (у асноўным маці і дзіця), якія жывуць як у гарадской, так і ў сельскай мясцовасці. Даследаванне доўжылася 14 месяцаў.
Вынікі даследавання сведчаць аб тым, што лад жыцця дзіцяці ўплывае на псіхічнае самаадчуванне яго апекуна. Гэты механізм можа быць звязаны з псіхалагічнай нагрузкай на бацькоў, якая ўзнікае ў выніку назірання за тым, як іх дзіця адхіляецца ад актыўнасці, што можа прывесці да пачуцця бездапаможнасці і трывогі за яго развіццё. Гэтыя эмоцыі, назапашваючыся з цягам часу, могуць прывесці да паніжэння настрою ў дарослых.
Псіхолаг доктар Марыя Сіва з Універсітэта SWPS, адна з аўтарак даследавання, расказвае пра падрабязнасці:
— Наша даследаванне, якое мы правялі сярод пар бацькоў і дзяцей, паказала, што сімптомы дэпрэсіі і маларухомы лад жыцця ў падлеткаў не толькі ўзаемазвязаны, але і тое, што падлеткавая дэпрэсія, разам з працяглым маларухомым ладам жыцця, звязана з горшым самаадчуваннем і настроем у бацькоў. Наша даследаванне доўжылася 14 месяцаў. За гэты час мы некалькі разоў сустракаліся з нашай парай бацька-дзіця.
Спачатку кожная пара атрымала кароткую адукацыю аб важнасці руху ў нашым жыцці, важнасці фізічнай актыўнасці і аб тым, як працяглы маларухомы лад жыцця можа паўплываць на наша здароўе, не толькі саматычнае, але і псіхічнае. Мы таксама згадалі, што ўжо існуе шмат даследаванняў, якія паказваюць, што працяглы маларухомы лад жыцця можа выклікаць і пагоршыць сімптомы дэпрэсіі і трывогі. Вось чаму магла быць сувязь: калі бацькі бачылі, як іх дзеці праводзяць усё больш і больш часу седзячы, становячыся ўсё больш ізаляванымі, яны таксама адчувалі большы бацькоўскі стрэс і ціск, і, магчыма, гэта прыводзіла да таго, што іх самаадчуванне станавілася ўсё больш негатыўным.
Варта адзначыць, што ў нашым даследаванні мы займаліся дзяцьмі ва ўзросце ад 10 да 14 гадоў, гэта значыць, па-сутнасці, падлеткаў. Чым старэйшае дзіця, чым старэйшы падлетак, тым больш часу яно праводзіць перад экранамі або займаецца іншымі маларухомымі справамі.
Гэта адзін з першых доказаў таго, што лад жыцця дзяцей можа ўплываць на псіхічнае здароўе дарослых. Аднак даследчыкі падкрэсліваюць, што да гэтых вынікаў варта ставіцца з асцярожнасцю, і будучыя даследаванні павінны быць сканцэнтраваны на патэнцыйным уплыве такіх фактараў, як перакананні бацькоў і ўспрымальнасць падлеткаў да ўплыву дарослых.
Псіхолаг доктар Марыя Сіва з Універсітэта SWPS прызнае, што ў эпоху тэлефонаў і кампутарных гульняў дзеці ўсё больш часу праводзяць седзячы:
— Колькасць часу, праведзенага седзячы, колькасць часу, праведзенага перад экранамі, вельмі высокая сярод дзяцей і падлеткаў, і, на жаль, даследаванні паказваюць, што яна пастаянна павялічваецца. Падлеткавы ўзрост — гэта таксама ўзрост, калі лёгка фарміруюцца звычкі, таму лёгка прызвычаіцца да сядзення, і мы проста праводзім усё больш і больш часу седзячы. Вядома, гэта не тычыцца абсалютна ўсіх падлеткаў, але, на жаль, мы назіраем трывожную тэндэнцыю часу, праведзенага перад экранамі або дзесьці замкнёныя, у ізаляцыі. Дзеці праводзяць час адны, а не ў кампаніі, колькасць часу ў ізаляцыі, на жаль, сярод моладзі павялічваецца.
Псіхолаг заклікала да актыўнага сумеснага правядзення часу. Лепш за ўсё выбраць занятак, які падабаецца дзіцяці.
— Давайце не будзем прымушаць іх рабіць тое, што ім не падабаецца, і давайце таксама не будзем адразу ўводзіць нейкую рэвалюцыю, забароны ці загады. Замест гэтага рабіце невялікія крокі. Нават некалькі хвілін прагулкі, некалькі хвілін перапынку ад цыклу сядзення сапраўды карысныя для нашага здароўя. Гаворка ідзе не выключна пра фізічную актыўнасць, прынамсі, не ў нашым даследаванні. Гаворка ідзе таксама пра разрыў гэтых цыклаў сядзення. Справа ў тым, што мы проста занадта шмат сядзім, і нават калі мы рухаемся падчас фізкультуры або ходзім у спортзал, гэта ўсё роўна не абараняе нас ад негатыўнага ўплыву працяглага сядзення на наша псіхічнае і фізічнае здароўе.
Падчас даследавання аўтары прыйшлі да нечаканай высновы. Дзеці, якія паведамлялі пра больш нізкі ўзровень дэпрэсіўных сімптомаў пасля васьмі месяцаў, пасля 14 месяцаў праводзілі менш часу актыўна. Даследчыкі мяркуюць, што гэта можа быць доўгатэрміновым наступствам адукацыйнай праграмы. Падлеткі, якія не ўсведамлялі свайго паніжанага настрою, маглі прыйсці да высновы, што ім не трэба абмяжоўваць свой маларухомы лад жыцця, каб палепшыць яго. Іншымі словамі, веданне таго, што яны адчуваюць сябе добра і не адчуваюць негатыўных эмоцый, можа абмяжоўваць матывацыю дзяцей да актыўнасці. Таму ў будучых даследаваннях варта таксама ўлічваць гэтае пытанне.
Паводле экспертаў, вынікі паказваюць, што мерапрыемствы па ўмацаванні здароўя павінны ахопліваць усе семʼі. Яны павінны быць накіраваны як на маларухомы лад жыцця, так і на ініцыятывы ў галіне псіхічнага здароўя.
ав
слухайце аўдыё