Вячаслаў Касінераў — адзін з суарганізатараў платформы Dissidentby, двойчы палітзняволены, анархіст — распавядае пра тое, якую дапамогу яны аказваюць былым палітвязням.
— Вячаслаў, вы даўно ўжо ў Польшчы?
— Атрымліваецца, што ўжо шосты год. Мы выехалі яшчэ да падзей 2020 года. Проста я з тае плеяды актывістаў, якіх затрымлівалі яшчэ перад падзеямі, а за нейкі час перад 9 жніўня за намі вельмі шчыльна хадзілі, і мы разумелі, што пытанне аб крымінальнай справе ўжо недзе зусім побач. Таму вымушаны былі выехаць: спачатку ва Украіну, а праз паўгода перабраліся ў Польшчу.
— Як у вас у Польшчы складвалася жыццё?
— Асноўная частка нашых заняткаў па-ранейшаму датычылася дапамогі тым, хто тады змагаўся ў Беларусі з рэжымам і працягвае рабіць гэта цяпер. Акрамя дапамогі тым, хто знаходзіцца за кратамі ў Беларусі, мы дапамагаем і тым былым палітвязням, якія былі вымушаны выехаць за мяжу, у тым ліку ў Польшчу.
А яшчэ я навучаю людзей баявому мастацтву і прыёмам самаабароны. У мяне займаюцца беларусы, украінцы, рускія — наогул тыя, хто выказвае зацікаўленасць.
— А наколькі складана займацца рэсацыялізацыяй былых палітвязняў?
— На маю думку, усе праваабаронцы і гуманітарныя актывісты праходзяць вельмі складаны перыяд, калі дапамагаюць іншым людзям. Навукоўцы сведчаць, што калі мы нават проста бачым нейкі акт агрэсіі, насілля, мы яго перажываем незалежна ад таго, хочам мы гэтага ці не. Людзі, якія пастаянна задзейнічаныя ў такой працы і бачаць і чуюць усё гэта, перажываюць вельмі моцную траўматызацыю.
Праўда, мы, з улікам нашага вялікага досведу — бо пачалі дапамагаць людзям яшчэ з 2017 года, — напэўна, ужо выпрацавалі ў сабе такія якасці, якія павінен выпрацаваць хірург, калі робіць аперацыю. Ён не павінен баяцца крыві, не можа дазволіць сабе проста суперажываць пацыенту, а павінен дасканала рабіць сваю справу. І відавочна, што наша стаўленне да працы шмат у чым падобнае. Так, мы разумеем, што цяжка, але не можам сабе дазволіць охаць і ахаць, а проста робім тое, што патрэбна: накіроўваем людзей у патрэбныя месцы, дзе можна атрымаць дапамогу, самі кансультуем і, калі трэба, самі з імі кудысьці ідзём.
— Ці расце з часам колькасць тых, каму патрэбна ваша дапамога?
— Мы пастаянна назіраем рост колькасці такіх людзей, бо ўжо больш за дзве тысячы прайшлі праз турмы, катаванні, здзекі. Многія з іх выехалі, а яшчэ большая частка людзей папросту ўцякла, каб не патрапіць у засценкі рэжыму — такіх дзясяткі і сотні тысяч.
Акрамя гэтага цяпер з’явілася новая жахлівая практыка, калі рэжым пад выглядам вызвалення палітвязняў вывозіць іх з мяхамі на мяжу і выкідвае без дакументаў у чужую краіну. Такой практыкі ў нашай гісторыі не было наогул ніколі раней. І тут мы атрымліваем людзей, якія адседзелі гады ў турме, і сюды ж дадаецца яшчэ адна траўма — прымусовае выдварэнне з краіны з мяхом на галаве.
А гэта — разбітыя сем’і, пакінутая маёмасць, цалкам зламанае жыццё. І цяпер мы найбольшую ўвагу акцэнтуем на дапамозе такім людзям. Рабілі нават псіхалагічнае даследаванне ў межах нашай арганізацыі пра тое, як турма і эміграцыя ўздзейнічаюць на людзей.
— А можаце спыніцца на выніках такіх даследаванняў?
— Вынікі жудасныя. Прыкладна ў 70 % пагаршаецца якасць жыцця. І калі адразу пасля вызвалення ў большасці з’яўляецца радасць, бо выжылі, то праз год-два пачынаюцца праблемы. Гэта пастаянныя дэпрэсіі, немагчымасць вырашаць нейкія базавыя праблемы, штодзённыя задачы.
Мы сустракаліся з такімі выпадкамі, калі пасля выхаду з турмы чалавек мог знаходзіцца ў такім стане, што, стоячы пасярод кухні з прадуктамі і нажом, не мог гэтым скарыстацца, каб сабе нешта прыгатаваць. Я ўжо не кажу пра тое, што за тэрмін, пакуль людзі сядзелі за кратамі, з’явіліся новыя інструменты, такія як штучны інтэлект. Людзі, якія адбылі 5–6 гадоў за кратамі, наогул не ведаюць, што гэта такое. Яны выходзяць у новы свет, ды яшчэ ў новую краіну з іншай мовай. І гэта вельмі складана.
Таму дзеля гэтага мы і імкнёмся праводзіць даследаванні, каб сфарміраваць новыя актуальныя праекты па падтрымцы былых палітвязняў, якія маглі б быць разлічаныя на доўгатэрміновую перспектыву.
У нас няма сваёй дзяржавы, якая магла б дапамагчы ў гэтым. Таму нашай грамадзянскай супольнасці даводзіцца ўсё рабіць самой — гэтую тытанічную працу. Магу сказаць, што калі параўнаць, напрыклад, як з праблемамі ў эміграцыі спраўляюцца нашы суседзі з Расіі, то арганізацыі і самаарганізацыі беларусаў можна толькі пазайздросціць.
— А што, на ваш погляд, прымушае беларусаў самаарганізоўвацца ў эміграцыі, дапамагаць адзін аднаму?
— Магчыма, мне, як гісторыку, так здаецца, што гэта нейкі гістарычны досвед — досвед пастаянных рэпрэсій з часоў Расійскай імперыі, потым «саўковы» перыяд і яшчэ больш за 30 гадоў панавання Лукашэнкі. Усё гэта не давала беларусам шанцаў на нейкае пераможнае паўстанне. Але, тым не менш, паўстанне ў выглядзе салідарнасці якраз у такіх сітуацыях і квітнее.
Павел ЗАЛЕСКІ
Слухайце далучаны гукавы файл