22 гады таму Польшча стала членам Еўрапейскага Саюза. 1 тараўня 2004 года — у межах найбуйнейшага ў гісторыі пашырэння ЕС, разам з Польшчай да супольнасці далучыліся Кіпр, Чэхія, Эстонія, Літва, Латвія, Мальта, Славакія, Славенія і Венгрыя. Рашэнне пра ўступленне было падтрымана грамадзянамі Польшчы на агульнанацыянальным рэферэндуме, які прайшоў 7–8 чэрвеня 2003 года.
З моманту ўступлення ў Еўрапейскі Cаюз Польшча дасягнула ўражлівага эканамічнага росту. Сёння ўзровень польскага ВУП на душу насельніцтва складае амаль 80% ад сярэдняга па ЕС, тады як напярэдадні ўступлення, у 2003 годзе, ён не дасягаў і 50%. Такі рост значна палепшыў узровень жыцця палякаў.
У цяперашні час ВУП Польшчы ўжо ўдвая перавышае паказчыкі, якія былі напярэдадні ўступлення ў ЕС (у І квартале 2004 года). За гэты перыяд сукупны рост ВУП Еўрапейскага Cаюза склаў 28,3%, а галоўнага эканамічнага партнёра Польшчы — Германіі — 25,8%. Гэта азначае, што польская эканоміка развівалася амаль у тры разы (у 2,9 разы) хутчэй, чым эканоміка ўсяго ЕС, і больш чым у тры разы (у 3,1 разы) хутчэй у параўнанні з Германіяй. Летась Польшча стала 20-ай гаспадаркай свету.
За гэтымі эканамічнымі дадзенымі хаваецца якасць і ўзровень жыцця звычайных палякаў. У суразмоўцы Беларускай службы Польскага радыё Філіпа ёсць уласны бізнес — ужо каля 20 гадоў ён займаецца рэкламай і маркетынгам.
Калі Польшча ўступала ў ЕС, Філіп, як сам прызнаецца, не надта цікавіўся тым, што казалі пра Еўрасаюз. Але ў школах і ўніверсітэтах пра гэта распавядалі пастаянна. Моладзь яшчэ не ўсведамляла значэння таго, што адбываецца з Польшчай. Але менавіта гэтае рашэнне стала важным і ў асабістым жыцці нашага суразмоўцы. Як вы ўспамінаеце 2004 год?
— Гэта падкрэслівалася як вялікі поспех Польшчы. Поспех у тым кантэксце, што мы выканалі ўмовы, што палітыкі, якія тады кіравалі краінай, давялі гэта да канца — гэта значыць, пры іх кадэнцыі Польшча ўступіла ў Еўрапейскі Саюз. Гэта азначала, што ў нас цяпер будзе плынь дадатковага фінансавання, прыспяшэння развіцця, «апгрэйд» Польшчы, таму ў цэлым гэта ўспрымалася як нешта пазітыўнае — як радасць і пазітыўнае, арыентаванае на развіццё мысленне. Гэта было хутчэй так: «о, цяпер будзе лепш, цяпер мы будзем членам вялікай, заможнай, стабільнай структуры», і гэта яшчэ адзін крок для Польшчы — да багацейшай, развітай, тэхналагічна арыентаванай на будучыню.
Філіп аднак прызнаецца, што тады падыходзіў да ўступлення ў ЕС без асаблівага энтузіязму. Хоць цікавіўся светам і любіў падарожнічаць, але ўспрымаў гэта хутчэй як нешта новае, а не пераломнае.
— У цэлым гэта ўспрымалася як нешта добрае — як сапраўды прыкметны і значны крок да інтэграцыі і выраўноўвання шанцаў у адносінах да заходняга свету. У Польшчы гэта сапраўды так і адчувалася: акрамя распаўсюджаных стэрэатыпаў і жартаў пра тое, што краіна нібыта адсталая або «там па вуліцах ходзяць мядзведзі», Еўрасаюз з самага пачатку асацыяваўся з дадатковымі магчымасцямі, з «заходнім ветрам», з прыходам заходніх структур і магчымасцяў, а таксама з патокам інвестыцый і фінансавай падтрымкі.
Поўнае разуменне, таго што адбылося з Польшчай пасля ўступлення ў ЕЗ, кажа Філін, прыйшло значна пазней. Але для многіх маладых людзей адкрылася сапраўднае акно магчымасцяў.
— Тады я быў падлеткам, які ўваходзіў у дарослае жыццё, таму скажу шчыра і, можа, жорстка — мяне гэта мала цікавіла. Але я памятаю, што сапраўды з’явілася адчуванне адкрыцця новых магчымасцяў. Я набліжаўся да паўналецця, і думка пра тое, што я ўжо буду сам за сябе адказваць, стварала адчуванне, што стане лягчэй і адкрыецца новая прастора. Найбольш запомнілася тое, што ў той час пачалі актыўна развівацца і станавіцца папулярнымі студэнцкія абмены — Erasmus і розныя адукацыйныя паездкі. У многім гэта стала магчымым менавіта дзякуючы Еўрапейскаму Саюзу. Гэта супала з перыядам, калі я праз год-паўтара здаваў экзамен сталасці і паступаў ва ўніверсітэт у Варшаве.
Тады ўжо пачалі з’яўляцца думкі: а можа я туды паеду, ці туды. Убачу больш. Вядома, быў і пэўны стрэс, але я пачынаў думаць — можа, Італія, можа, Іспанія, можа, вучоба за мяжой, паўгода недзе ў іншай краіне. Гэта было рэальнае спакушэнне і магчымасць, нешта, што выразна з’явілася як бонус гэтых змен.
У выніку я гэтым не скарыстаўся, таму сёння з лёгкай іроніяй думаю, што з тых прывілеяў тады выкарыстаў зусім няшмат. Цяпер я крыху карыстаюся інфраструктурай і вынікамі гэтых змен, але ў падлеткавым узросце найбольш прыкметнымі былі менавіта магчымасці падарожжаў і навучання за мяжой.
Я ведаў людзей, якія з’язджалі і карысталіся гэтымі праграмамі, а таксама сустракаў студэнтаў з іншых краін, якія прыязджалі да нас, так што адбываўся сапраўдны абмен досведам і кантакт з іншымі культурамі. Тут шмат залежала і ад характару — я хутчэй доўга прыглядаўся і не адважыўся адразу.
Філіп вырас у Варшаве ў даволі забяспечанай сям’і, таму не думаў пра заробкі за мяжой, але сярод яго знаёмых пасля 2004 года адбыўся бум выезду палякаў на сезонныя працы на Захад.
— Сапраўды адкрыліся магчымасці нават у простых рэчах — паехаць у Нідэрланды на збор цюльпанаў, або кудысьці на збор клубніц, або алівак, або на любыя такія простыя фізічныя працы. Я памятаю, што ў мяне было шмат знаёмых, сапраўды даволі шмат, якія з’ехалі, і гэта было чымсьці накшталт спаборніцтва: «а я прывёз столькі еўра», «а я столькі еўра». І чалавек тады ўсё гэта пералічваў, множыў па тагачасным курсе — і гэта выглядала як сапраўды адчувальныя грошы.
З часам Філіп знайшоў добрую працу ў Польшчы.
— Я ведаў англійскую мову з дзяцінства вельмі добра і, шчыра кажучы, выпадкова ўладкаваўся ў буйную фармацэўтычную кампанію. Там я застаўся, мяне ўзялі на пастаянную працу, я атрымаў працоўны кантракт, нейкія ўжо сацыяльныя бонусы, страхоўку. Памятаю, тады я купіў сваю першую або другую машыну і ў кашулі, у пінжаку, як такі «важны дарослы», ездзіў на працу, на вучобу.
Ці адчулі вы хуткія змены ў Польшчы пасля ўступлення ў ЕС?
— Не было нейкага супер-хуткага тэмпу зменаў, як мне здаецца. У мяне ёсць адчуванне, што Еўрапейскі Саюз і выгады ад яго сапраўды «запусціліся» з затрымкай. Гэта былі праграмы, сістэмы падтрымкі эканомікі, інфраструктуры, транспарту — чыгунак, дарог — якія спачатку былі распісаныя на гады, на траншы, на этапы і яшчэ залежалі ад таго, як польскі ўрад і інфраструктура будуць да гэтага адаптавацца. І мне здаецца, што я толькі цяпер, у апошнія прыкладна пяць гадоў, бачу, што, напрыклад, легендарная польская траса S7 з Варшавы на поўнач да Гданьска зроблена ад А да Я. Я памятаю такі рывок развіцця, такі «апгрэйд», калі з’явілася больш розных паляшэнняў: крыху дарог, цягнікі, адрамантавалі аэрапорт. І гэта было такое спешнае прывядзенне краіны ў парадак да Еўра-2012 — тады сапраўды было адчуванне: «о, мы гэта атрымалі», эйфарыя, драйв, рух. А сам Еўрапейскі Саюз як такі — не было адчування, што ён адразу нешта кардынальна мяняе. Так, адкрыўся праграма студэнцкага абмены Erasmus+, падарожжы, потым Шэнген, і перасячэнне мяжы стала як пераезд паміж раёнамі горада. Але я не адчуў як грамадзянін, што раптам стала значна лепш жыць або што Польшча рэзка змянілася. Мне здаецца, што гэтыя змены звязаныя з мноствам фактараў, або гэта сапраўды эфект падтрымкі ЕС, але з адкладзеным дзеяннем. Бо ў перыяд паміж 2004 і прыкладна 2015 годам я не адчуваў нейкай рэвалюцыі, каб нешта радыкальна змянілася.
Філіп кажа, што з уступленнем у ЕС у Польшчы адбылося дараўнанне стандартаў да ўзроўню ЕС, што наўпрост уплывае на якасць жыцця насельніцтва.
— Думаю, перш за ўсё з’явілася новая буйная інстытуцыя, якая пасля ўступлення атрымала магчымасць уплываць праз пэўныя рэгуляцыі ЕС. Калі ты ў Супольнасці, ты мусіш адаптавацца — да нормаў па выкідах CO₂, энергетыцы, ахове навакольнага асяроддзя. Таму кампаніі павінны былі перабудоўвацца, адаптавацца да новых стандартаў, якія, напэўна, былі дастаткова жорсткімі і не заўсёды зразумелымі, а нават не для ўсіх дасягальнымі. Я памятаю, што існавала ідэя браць еўрапейскія датацыі на развіццё бізнесу, але гэта ўспрымалася як нешта складанае, амаль «чорная магія». Працэс быў цяжкі: высокі працэнт адмоў, невыкананне нейкіх патрабаванняў — і заяўкі не праходзілі. Потым з’явіліся фірмы, якія дапамагалі пісаць заяўкі. І, як заўсёды, там, дзе з’яўляюцца грошы, з’яўляюцца і розныя магчымасці — як станоўчыя, так і адмоўныя.
Нягледзячы на ўсё гэта, Філіп кажа, што нават сёння не хацеў бы вяртацца ў Польшчу ўзору да 2004 года. І яго меркаванне падзяляе большасць палякаў. У новым сацыялагічным даследаванні, праведзеным IBRIS, удзельнікам задалі пытанне: «Ці павінна Польшча заставацца ў Еўрапейскім Саюзе, ці лепш яго пакінуць?». Вынікі паказваюць, што 50,7% апытаных рашуча падтрымліваюць захаванне членства ў ЕС, яшчэ 22,1% выбралі адказ «хутчэй застацца». У суме 72,8% апытаных палякаў, выступаюць супраць ідэі Polexit.
Слухайце аўдыё!
эж