Беларуская Служба

Пяць з паловай гадоў чакання. Гісторыя Вольгі Севярынец

09.06.2026 06:02
Больш за пяць гадоў Вольга Севярынец чакала мужа з турмы, выхоўваючы маленькага сына. Яна нам расказала, што дапамагло ёй вытрымаць выпрабаванне, і як сям’я вучыцца жыць разам пасля вызвалення мужа.
Аўдыё
  • Пяць з паловай гадоў чакання. Гісторыя Вольгі Севярынец
 .
Вольга Севярынец. Фота: Павел Залескі/Беларуская служба Польскага радыё

– Вольга, вам давялося перажыць вельмі цяжкі перыяд у жыцці — больш за пяць гадоў чакаць мужа з турмы. Як вы пераадольвалі гэты доўгі час? Ці была ў вас нейкая сістэма, якая дапамагала спраўляцца з чаканнем?

– Я б не сказала, што гэта была цэлая сістэма. Але за гады выпрабаванняў я стала заўважаць, што пэўныя рэчы дапамагаюць мне лягчэй перажываць цяжкасці. Я пачала звяртаць на іх увагу. Калі мне прапанавалі выступіць на з’ездзе беларускіх каталікоў, аказалася, што я магу вылучыць сем пунктаў, якія давалі мне падтрымку.

– Можна падрабязней пра іх?

– Калі коратка, то гэта такія рэчы: ісці да сваіх людзей, калі цяжка; не думаць толькі пра сябе; старацца падтрымліваць іншых, а не засяроджвацца выключна на ўласных праблемах.

Трэці пункт — сведчыць іншым. Гэта значыць выкарыстоўваць свой боль і цярпенне так, каб яны маглі дапамагчы некаму яшчэ і набыць праз гэта сэнс.

Чацвёрты пункт — даверыцца Богу. Менавіта даверыцца, а не проста давяраць. Гэта значыць цалкам аддаць Госпаду адказнасць за тыя рэчы, на якія ты не можаш паўплываць.

Пяты пункт — сачыць за сваім станам і адпачываць. Падчас выпрабаванняў мы часта забываемся пра базавыя патрэбы, засяроджваемся на сваіх клопатах. А вельмі важна пытацца сябе: у якім я цяпер стане? Разбірацца ў сваіх пачуццях і старацца падтрымліваць сябе, у тым ліку праз клопат пра цела.

Шосты пункт — малітва. Але не толькі пра тое, каб выпрабаванне хутчэй скончылася. Для мяне гэта малітва да Госпада як да компаса, які дапамагае зразумець, які наступны крок трэба зрабіць і дзеля чаго ты ўвогуле праходзіш гэтае выпрабаванне.

І апошні, сёмы пункт — проста перажыць цяжкасць, у якой ты апынуўся. Не мудраваць над ёй празмерна, не імкнуцца адразу ўсё асэнсаваць і абагульніць. Часам дастаткова звесці сваю задачу да аднаго наступнага кроку.

– Як доўга фармаваліся гэтыя прынцыпы?

– Наша выпрабаванне доўжылася пяць з паловай гадоў. Думаю, праз год-два я зразумела, што гэта не спрынт, а марафон. І тады пачала больш уважліва прыслухоўвацца да сябе і разважаць над тым, што мне дапамагае.

Так паступова і фармаваліся гэтыя спосабы. Калі мяне ахоплівала роспач, я разумела, што трэба літаральна прымусіць сябе выйсці да сваіх людзей. Разумела, што трэба дзяліцца тым, што перажываю, і тады самой становіцца лягчэй.

Я таксама старалася падтрымліваць тых, хто праходзіць праз падобныя выпрабаванні. І заўважыла, што, дапамагаючы іншым, сама атрымліваю сілы. Бачу, што недарэмна пакутую, недарэмна набываю гэты досвед, калі ён можа быць карысным яшчэ камусьці.

Крок за крокам усё гэта складвалася ў пэўную сістэму. А калі мяне запрасілі выступіць на з’ездзе беларускіх каталікоў і падтрымаць беларусаў у эміграцыі, гэтыя прынцыпы канчаткова аформіліся.

– Што за гэтыя пяць з паловай гадоў было самым складаным?

– Самым цяжкім было не ведаць, у якім стане знаходзіцца Павел і што з ім адбываецца. Былі месяцы, калі мы не атрымлівалі ад яго ніводнай весткі, а навіны вакол былі вельмі трывожныя.

Наступала роспач, бо ты не ведаеш, жывы твой муж ці не. У турме загінулі Алесь Пушкін і Віталь Ашурак. І міжволі пачынаеш прымяраць гэтую сітуацыю да сябе. Калі гэта здарылася з імі, то можа здарыцца і з любым палітвязнем.

Гэта былі самыя цяжкія часы. У нейкі момант я зразумела: каб фізічна і псіхалагічна існаваць далей, мне трэба дапусціць нават тое, што Павел можа не вярнуцца. Трэба было адштурхнуцца ад гэтага самага дна і працягваць ісці наперад. Гэта было вельмі складана.

– Цяпер вы ўжо больш за пяць месяцаў жывяце разам. Як праходзіць гэты перыяд?

– Дзякуй Богу, мы цяпер разам. І магу сказаць, што з кожным днём становіцца ўсё лепш.

Першыя тыдні мы нібыта наноў прызвычайваліся адно да аднаго, прыглядаліся, у якім стане знаходзімся, дзяліліся тым досведам, які набылі за гэтыя гады. Глядзелі, як будуць развівацца адносіны Паўла з сынам.

Мы абодва веруючыя людзі і разумеем, што над адносінамі трэба працаваць. Шмат размаўляем, стараемся дзяліцца тым, што нас хвалюе, шукаць шляхі вырашэння праблем. Навучыліся адкрыта абмяркоўваць складаныя рэчы. Таму, дзякуй Богу, усё добра.

– Што даў вам гэты досвед? Чаму ён навучыў?

– Гэта складанае пытанне, хоць яно паўстае не ўпершыню.

Я зразумела, што ў жыцці можа быць па-рознаму. Бываюць вельмі цяжкія выпрабаванні. Але калі ты паабяцаў чалавеку быць побач, калі перад Госпадам пакляўся быць разам, то, якімі б ні былі цяжкасці, ты маеш адказнасць захоўваць гэтыя адносіны і трымацца за іх.

Я доўга чакала нейкага натхнення, каб дзейнічаць. А потым зразумела: не трэба чакаць натхнення. Трэба проста рабіць тое, што для цябе важна. Рабіць нешта для Беларусі, для сваёй сям’і, для сяброў.

Думаю, жыццёвыя ўрокі яшчэ будуць прыходзіць. Будуць новыя адкрыцці і новы досвед.

– А што для вас сёння азначае эміграцыя?

– Калі Паўла вызвалілі, першы месяц быў для мяне сапраўднай эйфарыяй, нібы другі мядовы месяц.

Потым прыйшло ўсведамленне, што разам з яго вызваленнем я шмат чаго набыла, але і шмат чаго страціла, бо вельмі многае засталося ў Беларусі. Мне было балюча і цяжка. Я пастаянна думала пра родных, размаўляла з імі, вельмі эмацыйна ўсё перажывала.

Праз некалькі месяцаў я зразумела, што гэта шлях у нікуды. Можна плакаць, але само па сабе гэта нічога не зменіць.

Тады я стала больш свядома кіраваць сваімі эмоцыямі, менш засяроджвацца на тым, што выклікае боль, і больш — на тым, што магу зрабіць цяпер. Пачалася актыўная праца. Павел выдаў кнігу. І, гледзячы на яго, я зразумела, што павінна ўспрымаць эміграцыю як час магчымасцяў.

Гэта магчымасць зрабіць тое, чаго не магла зрабіць у Беларусі. Магчымасць нечаму навучыцца, недзе пабываць, нешта стварыць для сына. Я разумею, што гэта шлях, якім нас вядзе Госпад.

Таму цяпер я ўспрымаю эміграцыю хутчэй як магчымасць, хоць вельмі хачу вярнуцца ў Беларусь. Але стараюся не ставіць жыццё на паўзу, а рабіць тое, што магу, тут і цяпер.

– Вам калі-небудзь казалі, што вы моцны чалавек?

– Казалі. Але мне цяжка нешта адказаць на гэта.

Мы сапраўды шмат перажылі. Але, думаю, без сяброў, без мужа і без веры ў Бога я сама не справілася б.

Размаўляў Павел Залескі

слухайце аўдыёфайл


Больш на гэтую тэму: Беларусы ў Польшчы