Беларуская Служба

«Рэжым Лукашэнкі прыніжае прафесіяналаў». Беларуская хірург з 30-гадовым стажам — пра словы Лукашэнкі, эміграцыю і цану свабоды

12.06.2026 11:56
Словы Лукашэнкі пра медыкаў-эмігрантаў лекарка называе не проста абразлівымі, а паказальнымі для ўсёй сістэмы.
Аўдыё
  • Словы Лукашэнкі пра медыкаў-эмігрантаў лекарка называе не проста абразлівымі, а паказальнымі для ўсёй сістэмы.
ШпітальSpotmatik Ltd/ Shutterstock

Словы Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што беларускія лекары, якія пасля 2020 года з'ехалі за мяжу, могуць вяртацца хіба што «мыць посуд» і «выносіць смецце», абурылі многіх прадстаўнікоў медыцынскай супольнасці. Але для тых, хто быў вымушаны пакінуць краіну праз рэпрэсіі і ціск, у гэтых выказваннях не было нічога новага. Яны сталі чарговым напамінам пра тое, як сістэма ставіцца да людзей, якія маюць уласную думку, прафесійную годнасць і не гатовыя моўчкі прыстасоўвацца.

Сярод іх — суразмоўца Беларускай службы Вольга. Яна больш за 30 гадоў працуе ў медыцыне, з іх амаль два дзесяцігоддзі працавала хірургам у Беларусі. Сёння працягвае прафесійную кар'еру ў Германіі. Паводле яе, рашэнне пра эміграцыю не было імпульсіўным — да яго прывёў цэлы ланцуг назапашаных перажыванняў.

— Гэта было адчуванне пастаяннай небяспекі і поўнай няўпэўненасці ў заўтрашнім дні. Найперш — страх за будучыню свайго дзіцяці. Ты разумееш, што не можаш разлічваць на справядлівае рашэнне, што ніколі не будзеш свабодным чалавекам. Не зможаш свабодна выказвацца, не зможаш нават дазволіць сабе думаць так, як лічыш патрэбным. Заўсёды будзе гэты ціск, гэтае адчуванне, што цябе хочуць цалкам кантраляваць. У нейкі момант прыходзіць разуменне: будучыні тут няма, няма бяспекі, няма права быць самім сабой.

Хірург прызнаецца, што ў Беларусі яе не пакідала адчуванне глыбокага разрыву паміж афіцыйнай карцінай і тым, што яна штодня бачыла на працы.

— Па тэлебачанні расказвалі пра цудоўную медыцыну, яе даступнасць, забяспечанасць, практычна бязмежныя магчымасці. А насамрэч усё было значна больш абмежавана. Ты пастаянна працаваў пад ціскам. Пацыенты чулі, што ў нас ёсць усё і ўсе могуць атрымаць неабходную дапамогу, а ў рэальнасці гэта было далёка не так. І асабліва балюча было разумець: калі нават у сталіцы не хапае магчымасцяў, то што тады адбываецца ў рэгіёнах? Тое, што гаварылася людзям, і тое, што існавала насамрэч, — гэта былі дзве розныя рэчаіснасці.

Параўноўваючы працу ў Беларусі і Германіі, Вольга адзначае, што беларускія медыкі мелі добрую прафесійную падрыхтоўку. Аднак у пытаннях тэхнічнага забеспячэння і арганізацыі працы адставанне было відавочным.

— У нейкіх аспектах мы былі на дастойным узроўні. Але тое, што ў нас толькі пачынала ўкараняцца, у Германіі ўжо даўно стала руціннай практыкай. А калі казаць пра расходныя матэрыялы і штодзённае забеспячэнне, то гэта проста два розныя светы. Тут ты не думаеш кожны дзень, чым замяніць тое, чаго не хапае, і як выйсці з сітуацыі дзякуючы ўласнай вынаходлівасці.

Асобна лекарка ўзгадвае праблему афіцыйнай статыстыкі ў Беларусі.

— Калі паказчыкі не выконваюцца, кіраўнікі рызыкуюць страціць свае пасады. Таму беларускай статыстыцы ні ў якім выпадку нельга верыць. Гэта гульня ў лічбы, маніпуляцыя, калі галоўнае — не рэальны вынік і не чалавек, а справаздача наверх. У Германіі сістэма працуе на тое, каб зразумець сапраўдныя прычыны праблемы і адэкватна на яе адрэагаваць. У Беларусі ж часта ўсё падганяецца пад патрэбныя паказчыкі.

Словы Лукашэнкі пра медыкаў-эмігрантаў лекарка называе не проста абразлівымі, а паказальнымі для ўсёй сістэмы.

— Калі ў Беларусі ўсё так добра, чаму для кіраўніцтва краіны існуюць асобныя шпіталі і паліклінікі? Чаму яны не лечацца разам са звычайнымі беларусамі? Чаму не стаяць у гэтых чэргах, не ходзяць па камісіях, не чакаюць месяцамі неабходных аперацый? Чаму не абмяжоўваюцца толькі тымі прэпаратамі, якія прапануюць усім астатнім? Мне вельмі хацелася б пачуць адказы на гэтыя пытанні. Калі сістэма такая выдатная, чаму тыя, хто яе ўсхваляе, не хочуць карыстацца ёю на агульных падставах?

Аднак для Вольгі галоўная розніца паміж працай у Беларусі і Германіі — не толькі ў заробках, абсталяванні ці тэхналогіях.

— У Германіі лекару давяраюць і паважаюць яго веды. Людзі разумеюць, што стаць урачом — гэта гады складанага навучання, вялікая адказнасць і цяжкая праца. У Беларусі ж прафесіяналаў пастаянна прыніжалі. І гэта датычылася не толькі медыкаў. Настаўнікі, будаўнікі, іншыя спецыялісты — усім давалі зразумець, што іх меркаванне не мае значэння, а адзін чалавек нібыта лепш за ўсіх ведае, як трэба жыць і працаваць. Гэта ішло з самай гары. Ад так званага прэзідэнта грамадству навязвалася непавага да прафесіі, да кампетэнтнасці, да чалавечай годнасці. Татальнае прыніжэнне чалавечай і прафесійнай годнасці. На гэтым і трымаецца гэты рэжым.

Слухайце аўдыё!

эж

Лекар ужо не зможа спасылацца на свае погляды, адмаўляючыся выконваць аборт 

30.08.2024 09:54
Згодна са зменамі ў законе аб абортах у Польшчы ад 2021 года, перапыненне цяжарнасці з'яўляецца законным толькі ў двух выпадках.

Медыкі з Польшчы масава едуць на Захад, сюды найбольш прыязджае спецыялістаў з Украіны, Беларусі і Расіі

05.11.2025 11:28
У Польшчы навучаецца ўсё больш дактароў, якіх потым ахвотна наймаюць на працу іншыя развітыя краіны. Польшча таксама ўваходзіць у тройку найбуйнейшых у свеце «экспарцёраў» медсясцёр.

Польскую дзяржмедыцыну чакаюць рэформы. Сярод прапаноў – фінансаванне з падатку на тлустыя і салодкія прадукты

18.12.2025 07:08
Сёлетні дэфіцыт дзяржаўнай сістэмы аховы здароўя складзе больш за 3 млрд 325 млн еўра.