Беларуская Служба

«Я думала, што гэта канец жыцця». Галіна Дзербыш пра 20-гадовы прысуд, турму і жыццё пасля вызвалення

20.06.2026 12:22
Размаўляем пра пяць гадоў за кратамі, нечаканае вызваленне з дэпартацыяй і новае жыццё ў чужой краіне.
 :  .
На здымку: Галіна Дзербыш. Фота Паўла Залескага.

Пенсіянерку Галіну Дзербыш улады Беларусі абвінавацілі ў "спробе захопу ўлады ў справе Аўтуховіча” і прыгаварылі да 20 гадоў пазбаўлення волі. Пяць гадоў за кратамі, нечаканае вызваленне з дэпартацыяй і новае жыццё ў чужой краіне.

— Спадарыня Галіна, вам прысудзілі 20 гадоў зняволення. Што вы адчувалі, калі зачытвалі гэты прысуд?

— Калі я пачула прысуд, у мяне была нейкая пустата, безнадзейнасць. Я ведала, што гэта білет у адзін канец — 20 гадоў... Я разумела, што не вытрымаю, і нават прыгатавалася да таго, што памру ў турме, а дачка прывязе мяне дадому ў мяху і пахавае. Бо я прасіла, каб мяне пахавалі побач з мамай. Я думала, што гэта канец майго жыцця.

— Вас асудзілі на 20 гадоў, калі вы ўжо былі ў пенсійным узросце і шмат чаго пабачылі ў жыцці. Што самае страшнае вам давялося перажыць у турме?

— Самае страшнае ў турме быў не голад і не ўмовы ўтрымання, а тое, калі цябе здаюць такія ж палітычныя вязні. Ты гаворыш чалавеку ўсё з адкрытай душой, а ён ідзе і даносіць на цябе. Самае страшнае — гэта чалавечая здрада, а астатняе можна перажыць.

— У вас часта такое здаралася?

— Было і такое. Трапляліся розныя людзі... Не вельмі хочацца пра гэта згадваць. Была адна прафесарка, па яе даносе мяне кінулі ў 19-ы атрад, і замест другога паверха давялося падымацца на чацвёрты. А там знайшлася яшчэ адна такая, таксама нібыта з палітычных. На крымінальніц я нават не трымаю крыўды, бо яны выжывалі як маглі. Ім за гэта маглі даць цыгарэту ці яшчэ нешта. Але калі так робяць свае — гэта вельмі цяжка. І я ніколі гэтага не забуду.

— А нешта чалавечае можна было сустрэць у той турме?

— Так, я бачыла там і чалавечнасць. Мяне бараніла жанчына, якая адбывала пакаранне за забойства. Яна абараняла мяне ад тых, хто насіў жоўтую бірку. І ў турме, і ў калоніі трапляліся людзі з адміністрацыі, якія падтрымлівалі добрым словам.

— А як увогуле ўявіць сабе жаночую турму? Што гэта такое?

— Ой, гэта жах. Там жыццё без правілаў, дзе з табой могуць зрабіць усё, што заўгодна. Нават калі спіш, не можаш спаць спакойна, бо ў любы момант нешта можа здарыцца. У гродзенскай турме, калі я спала, мне папяросай прыпалілі руку. Там увесь час трэба чакаць чагосьці падобнага.

— Але чаму гэта робяць тыя, хто знаходзіцца ў такой самай сітуацыі, як і ты? Вы знаходзілі адказ на гэтае пытанне?

— Яны робяць такія рэчы па загадзе адміністрацыі або следчых. Мяне тройчы аблівалі кіпенем. Людзі спадзяюцца, што нешта за гэта атрымаюць. Ніхто не хоча сядзець у тых умовах, якія там існуюць. Імкнуцца выслужыцца і атрымаць нейкія прывілеі. Спадзяюцца, што дадуць папяросу ці палегчаць умовы ўтрымання.

— За адну цыгарэту могуць прадаць чалавека?

— Так. Ты пойдзеш у ШІЗА, а яны атрымаюць асалоду ад папяросы. Там людзі галодныя. А тыя, хто сядзіць па крымінальных артыкулах, як правіла, пасылак з волі не атрымліваюць. Гэта нам, палітычным, дасылалі перадачы, а яны глядзелі на гэта з зайздрасцю.

— Што дапамагала вам перажыць усе гэтыя цяжкасці?

— Я не ведаю... Я заўсёды раніцай і ўвечары падымала галаву ўверх і малілася. Гэта мне дапамагала. Прасіла ўсіх сваіх родных, якія ўжо памерлі, каб дапамагалі мне з таго свету. Вось толькі гэта і дапамагала. Ну і былі побач людзі, якія падтрымлівалі, казалі нейкае добрае слова.

— А што вы адчулі, калі вас вызвалілі?

— Я нічога не ведала да апошняга моманту. Толькі калі ўжо апынулася ў аўтобусе побач з Міколам Статкевічам. Ён сказаў, што нас вязуць прадаваць. А я рыхтавалася да смерці, думала, што нас вязуць недзе расстраляць.

— Пра што вы тады размаўлялі са Статкевічам?

— Ой, шмат чаго ўспаміналі. Гаварылі пра бліны, пра тыя бліны, калі ён прыязджаў да нас у Гродна, а мой муж іх напёк, і я павезла Міколу пачаставаць. Ды пра рознае гаварылі. За намі стаяў кэдэбіст, але мы не звярталі на яго ўвагі. Ён расказваў, што Марына знайшла яму добрыя лекі, якія дапамагалі. Мы размаўлялі пра тое, ці добра я выглядаю, бо ў мяне забралі нават грэбень. Ён смяяўся і казаў, што ўсё выдатна. Размаўлялі пра Саву, які агаварыў мяне ў судзе. Мікола распавёў, што той Сава працуе ў Мінску вертухаем і там здзекуецца з палітычных. Увогуле пра ўсё гаварылі. Я прасіла яго не выскокваць з аўтобуса, а ехаць разам з намі ў Літву. Але ён адказаў, што Лукашэнка не будзе яму ўказваць, дзе жыць.

— Вас тады ўразіў ягоны ўчынак на мяжы?

— Гэта сапраўдны барацьбіт, рэвалюцыянер. Вось гэта наш прэзідэнт — сумленны, прыстойны чалавек. Ён за сваіх людзей і ўсё ведае.

— Пані Галіна, як вы ўладкаваліся ў Польшчы? Як сябе тут адчуваеце?

— Я дагэтуль не магу паверыць, што на свабодзе. Лекары казалі мне, што жыць заставалася месяц-паўтара. Але ў Польшчы мяне вылечылі. Наогул палякі вельмі дапамаглі. Пад сваю апеку мяне ўзяла фундацыя «Дыялог», якой кіруе Міхал Гавэл. Гэта чалавек незвычайнай душы, з вялікім сэрцам. Дапамаглі таксама сябры Саюза палякаў — яны напісалі да мэра Беластока, каб мне выдзелілі жыллё. Павел Латушка таксама накіраваў ліст у маю падтрымку.
Зараз у мяне ёсць сацыяльнае жыллё, за якое я таксама плачу. Атрымліваю грашовую дапамогу — 1200 злотых, з якіх 1100 аддаю за кватэру. Усю падтрымку, якую я атрымала, дала мне польская старана. Фундацыя купіла ўсю мэблю для кватэры, лядоўню, пральную машыну. Я вельмі ўдзячная фундацыі і асабіста пану Міхалу. І наогул усім палякам.

— Як вы плануеце жыць далей, калі грашовай дапамогі ледзь хапае на жыццё?

— Я хаджу валанцёрыць у фундацыю, дапамагаю рыхтаваць абеды для бяздомных людзей. Там галоднай не застаюся. Заўсёды дазваляюць узяць нешта з ежы дадому. Так і выжываю. Праўда, ёсць праблемы з лекамі — не хапае грошай. За жыллё плачу, каб не назапашваць даўгоў, а яшчэ маю вялікія даўгі ў Беларусі, якія мне прысудзіў суд. Не ведаю, як будзе далей. Беларускую пенсію мне таксама не выплачваюць. Для мяне гэта вялікая праблема, але як яе вырашыць — пакуль не ведаю.

Павел ЗАЛЕЎСКІ


«Жахлівыя былі эмоцыі, не хацелася жыць агулам. Але я ўзяла сябе ў рукі». Як беларусы знаходзяць сябе ў Польшчы

16.06.2026 17:04
Эміграцыя, асабліва ў сталым узросце, гэта нялёгка.