— Ну вось, спадар Андрэй, мінула пяць гадоў, як вы жывяце ў эміграцыі. Што прынеслі вам гэтыя гады? Якімі думкамі хочацца падзяліцца?
— Па-першае, я б падзяліў гэтыя пяць гадоў на чатыры этапы.
Першы этап — гэта наш выезд з краіны. Можна сказаць, што ёсць два тыпы эміграцыі: калі ты свядома пераязджаеш у іншую краіну і калі ты вымушаны з'ехаць. Мы з'язджалі з Беларусі без усялякага плана. Хіба што быў толькі адзін — вярнуцца. Мы думалі, што праз паўгода ўсё вырашыцца. Мне нават мроілася, як гэта будзе выглядаць, калі мы цэлымі калонамі, пад бел-чырвона-белымі сцягамі, будзем вяртацца дадому. Праўда, час крыху зацягнуўся, але я веру, што гэты момант усё ж наступіць.
Другі этап — гэта легалізацыя, атрыманне першай карты побыту. І табе здаецца, што ўсе праблемы ўжо скончыліся, можна спакойна жыць. Але за вырашэннем адных праблем паўстаюць іншыя — і так пастаянна. Праз некаторы час прыходзіць усведамленне, што ты ўжо не жывеш жыццём турыста, а становішся жыхаром краіны, пранікаешся яе паўсядзённымі клопатамі і праблемамі.
Трэці важны этап — гэта пачатак вайны ва Украіне. Мне падаецца, што яна моцна змяніла не толькі свет, але і нас, беларусаў. Памятаю, як мы ўязджалі ў Польшчу з вясёлымі тварамі, а потым раптам усё змянілася: людзі паніклі, апусцілі галовы, замкнуліся ў сабе. Будучыня стала яшчэ больш непрадказальнай.
Чацвёрты этап — гэта той момант, калі ты ўжо разумееш, што хутка вярнуцца не ўдалося і не варта адкладаць жыццё на потым. Трэба знаходзіць новыя сэнсы ў гэтай краіне і жыць напоўніцу. Я ўвесь час паўтараю, што вельмі ўдзячны Польшчы і палякам за тое, што яны прынялі беларусаў у гэты няпросты час. Мы гэтага ніколі не забудзем.
— А ці будзе пяты этап? Якім вы яго бачыце?
— Я спадзяюся, што пяты этап — гэта будзе вяртанне дадому. Калі гэта адбудзецца, я не ведаю. Але вельмі хацелася б, каб гэта не зацягвалася.
— Чатыры этапы ўжо пражытыя. Што з гэтага часу згадваецца як самае складанае?
— Найбольш складанае цяжка вылучыць. Але няпростымі былі легалізацыя і першыя крокі ў новай краіне, калі, напрыклад, трэба было атрымаць медыцынскую дапамогу, а я не ведаў, як гэта зрабіць. Думаю, галоўная праблема была ў недастатковым валоданні мовай. Вось такія моманты былі найбольш складанымі, хоць і вырашальнымі.
— А няма адчування, што гэтыя пяць гадоў проста згубіліся ў вашым жыцці?
— Гэтыя гады прайшлі ў чаканні, але пры гэтым былі вельмі насычанымі. За гэты час у маім жыцці адбылося столькі розных падзей, што я не прыпомню такога за ўсе гады жыцця ў Беларусі. Мы аб'ехалі амаль усю Польшчу, былі на дзясятках, а можа, і сотнях канцэртаў — не толькі беларускіх ці польскіх, але і сусветных выканаўцаў. Наведалі мноства рэстаранаў, дзе паспрабавалі кухні самых розных народаў свету. Гэта быў час сапраўды поўнага жыцця.
— Многія беларусы за пяць гадоў у эміграцыі так і не выйшлі за межы сваёй супольнасці, не вывучылі польскай мовы. А як вы будавалі сваё жыццё?
— Напачатку я таксама больш знаходзіўся ў беларускай супольнасці. Першы год жыцця быў амаль цалкам замкнуты ў беларускім асяроддзі. Але цяпер усё інакш. У нас ёсць сябры-палякі, мы вельмі добра ладзім паміж сабой. Аказалася, што палякі і беларусы ментальна даволі блізкія, нават жарты ў нас вельмі падобныя.
Памятаю, як у самым пачатку, калі мы здымалі кватэру, мяне здзівіла, што будзем сустракацца з Евай і Каралем. У Беларусі я амаль не сустракаў такіх імёнаў, таму гэта здавалася вельмі незвычайным. Тут, дарэчы, мы сутыкнуліся з самымі рознымі культурамі і народамі, бо ў Польшчы цяпер жывуць і індыйцы, і кубінцы, і кітайцы, і ўкраінцы, і беларусы…
— Калі падвесці вынік гэтых пяці гадоў эміграцыі, якія галоўныя высновы вы зрабілі?
— Як я ўжо казаў, Польшча — мультыкультурная краіна, і тут мы сустракаемся з самымі рознымі людзьмі і менталітэтамі. Мы, беларусы, больш замкнёны народ, магчыма, у сілу сваёй паўночнай стрыманасці. Палякі ж падаюцца мне больш адкрытымі.
Але ўвесь гэты досвед, усе нашы сустрэчы, размовы, лад жыцця — мы ўбіраем у сябе, недзе захоўваем у памяці, каб потым, калі вернемся, рэалізаваць усё гэта ў сваёй краіне.
Павел ЗАЛЕСКІ