Больш за чатыры гады таму Юлія разам з сям’ёй вымушана пакінула Беларусь. Сёння яна жыве ў Польшчы, выхоўвае дзяцей, удзельнічае ў беларускім грамадскім жыцці і прызнаецца: вярнуцца дадому вельмі хочацца, але жыццё нельга адкладаць у чаканні перамен.
— Юля, ваша сям’я ўжо больш за чатыры гады жыве ў эміграцыі. Што для вас значыць гэты час?
— Свабоду. Я жыву ў свабоднай дэмакратычнай краіне, мае дзеці ў бяспецы, растуць без ціску, без ідэалагічнага прамывання мазгоў. Усё цудоўна.
— А ці лёгка дзецям даўся перыяд адаптацыі ў школе з іншай мовай навучання?
— Паколькі яны адразу пайшлі ў школу тут, ніколі не вучыліся ў беларускай школе і не ведаюць, што можа быць інакш, думаю, усё прайшло даволі проста. Праўда, першы час у іх не было сяброў, але яны хутка асвоіліся. Мне здаецца, што ім было лягчэй за ўсіх.
— А вам з мужам як даводзілася інтэгравацца?
— Думаю, гэты працэс бясконцы. Нават праз чатыры гады ў нас няма польскіх сяброў, ды і не скажу, што мы шмат з кім размаўляем па-польску. Праўда, муж апошнім часам працуе кур’ерам, таму яму даводзіцца часта камунікаваць з палякамі. Я таксама паступова інтэгруюся, але не адчуваю сябе тут як дома. Мне тут даволі добра, але ўсё ж гэта чужое месца.
— Цікава, што праз чатыры гады ў вас няма нават сяброў сярод палякаў…
— Не ведаю. Напэўна, у мяне няма такіх пляцовак, дзе я магла б больш камунікаваць з палякамі. З суседзямі мне не надта цікава. Праўда, цяпер у нас ёсць сабака, таму часам магу паразмаўляць з іншымі ўладальнікамі сабак. Але такія размовы звычайна абмяжоўваюцца некалькімі словамі: як завуць сабаку, колькі яму гадоў і таму падобнае.
— А як тады наогул жывеш? У цябе ж ёсць нейкія культурныя патрэбы?
— Мне цалкам хапае беларускіх імпрэз і беларускіх сяброў. Нас цяпер шмат паўсюль, і дзе б ты ні апынуўся, можна знайсці сваіх. Магчыма, гэта нават пэўная перашкода для інтэграцыі, бо разумееш, што неабавязкова ўлівацца ў навакольнае грамадства — можна жыць у сваёй беларускай супольнасці.
Так атрымалася, што я прыехала сюды разам са сваімі сябрамі, якія таксама перавезлі свае сем’і. У мяне тут усё ёсць: беларускія сябры, беларускія імпрэзы. І мне гэтага цалкам дастаткова.
— Вы прыехалі сюды адразу ўсёй сям’ёй. Што было самым складаным напачатку?
— Напэўна, самым складаным было разабрацца са школай для дзяцей. Тут іншая краіна са сваімі правіламі і законамі, з якімі я раней не сутыкалася. У Беларусі я ведала, як працуе школьная сістэма, што пасля школы будзе ўніверсітэт. А тут усё выглядае інакш: дзіцячы садок, пачатковая школа, затым ліцэй, які трэба выбіраць у залежнасці ад паспяховасці.
Даводзіцца пастаянна прыкладаць намаганні, каб зразумець, як усё тут працуе. Аказваецца, у школах ёсць самакіраванне, якое сапраўды дзейнічае, ёсць бацькоўскія рады, якія рэальна могуць на нешта ўплываць. О, дзіўны новы свет!
— Вы шмат часу праводзіце ў беларускай супольнасці. Чым яна для вас цікавая?
— У нас цудоўная беларуская супольнасць, і з гадамі яна толькі пашыраецца. З’яўляюцца новыя людзі, новыя ініцыятывы, новыя суполкі. Напачатку, калі адбывалася нейкая імпрэза, ты ведаў, хто яе арганізаваў. А цяпер са здзіўленнем можаш даведацца, што адбываецца нешта беларускае, а ты нават не ведаеш, хто гэта зрабіў.
Гэта значыць, што мы працягваем развівацца, дзейнічаць. Мне вельмі падабаецца, што ў нас арганізоўваецца так шмат розных мерапрыемстваў на любы густ.
— Калі б беларусы, якія толькі прыехалі ў эміграцыю, папрасілі ў цябе парады, што б ты ім сказала?
— Гэта залежыць ад таго, чаго яны хочуць дасягнуць. Ёсць людзі, якія прыязджаюць і не хочуць мець нічога агульнага з беларускай супольнасцю. Ім хочацца як мага хутчэй інтэгравацца, стаць часткай новага грамадства, забыць пра сваё паходжанне.
А ёсць тыя, каму важна захоўваць беларускую ідэнтычнасць, падтрымліваць сувязь з Радзімай. Таму ўсё залежыць ад чалавека. Калі вам не цікавае беларускае жыццё — жывіце так, як вам хочацца. А калі хочаце захаваць сувязь з беларушчынай, прыходзьце ў Беларускі размоўны клуб. Там вы абавязкова знойдзеце новых сяброў.
— Я так разумею, што вы вернецеся ў Беларусь, калі сітуацыя зменіцца і гэта стане магчымым?
— Мне вельмі хацелася б. Але я перастала трымацца «сінімі пальцамі» за думку, што хутка ўсё зменіцца і мы вернемся. Я прыйшла да разумення, што трэба жыць сёння — так, як ёсць, і там, дзе ты ёсць.
Калі нешта зменіцца, тады ўжо будзем глядзець па сітуацыі. Канешне, мне вельмі хочацца вярнуцца. Але калі гэтага не адбудзецца, я ўжо не буду збіраць сябе па кавалачках. Проста жыву, гляджу, як растуць дзеці, як яны развіваюцца, што адбываецца вакол, у грамадстве, дзе ты цяпер жывеш. І, у прынцыпе, веру ў лепшае.
Павел ЗАЛЕСКІ
Ілюстрацыйны здымак: Музей Адама Міцкевіча ў мястэчку Смялова Вялікапольскага ваяводства. Фота Паўла Залескага