Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

«Сярод украінцаў былі і тыя, хто ратаваў палякаў». Польскі гісторык — пра іншы бок Валынскай разні

11.07.2026 08:08
Пра маштаб гэтай з’явы і значэнне гэтай памяці ў сучасным дыялогу народаў распавядае гісторык з Інстытута нацыянальнай памяці Міраславам Шумілам.
Аўдыё
  • «Сярод украінцаў былі і тыя, хто ратаваў палякаў». Польскі гісторык — пра іншы бок Валынскай разні
Już niedługo pierwsze identyfikacje ofiar z Puźnik
Już niedługo pierwsze identyfikacje ofiar z Puźnik Foto: Krystian Maj/KPRM;Twitter/PremierRP

11 ліпеня ў Польшчы адзначаецца Нацыянальны дзень памяці ахвяр генацыду, здзейсненага ўкраінскімі нацыяналістамі на тэрыторыі Другой Рэчы Паспалітай. Гэтая дата звязана з кульмінацыяй Валынскай трагедыі — масавых забойстваў польскага насельніцтва на Валыні і ва ўсходняй частцы Малапольшчы ў 1943–1944 гадах. Паводле ацэнак Інстытута нацыянальнай памяці Польшчы, ахвярамі гэтых злачынстваў сталі каля 100 тысяч палякаў.  Адначасова гісторыя гэтага перыяду мае і іншы бок — гісторыі ўкраінцаў, якія, рызыкуючы ўласным жыццём, ратавалі сваіх польскіх суседзяў.

Пра маштаб гэтай з’явы, матывы і значэнне гэтай памяці ў сучасным дыялогу народаў Украінская служба Польскага радыё паразмаўляла з польскім гісторыкам, прафесар гуманітарных навук, даследчыкам Інстытута нацыянальнай памяці Міраславам Шумілам.

— Наколькі распаўсюджанай была з’ява дапамогі ўкраінцаў сваім польскім суседзям падчас Валынскага злачынства? Ці можна казаць пра масавую з’яву, ці гэта былі адзінкавыя выпадкі? Вядома, што ўстаноўлена каля 1300–1400 такіх чалавек. Гэта шмат ці мала?

— Даследчык Рамуальд Нядзелка, які склаў так званую «Кнігу справядлівых Крэсаў», выдадзеную ў 2007 годзе Інстытутам нацыянальнай памяці, сабраў інфармацыю дакладна пра 1341 чалавека — украінцаў, якія аказвалі дапамогу палякам. Вядома, гэта быў стан ведаў на той момант, амаль 20 гадоў таму, і ён напэўна няпоўны. Ніхто не праводзіў сістэматычных даследаванняў, таму гэтая колькасць, верагодна, была большай, але яе цяжка дакладна ацаніць.

Трэба памятаць, што ў выпадку са «Справядлівымі сярод народаў свету», калі гаворка ідзе пра палякаў, якія ратавалі яўрэяў, афіцыйна прызнана амаль 7 тысяч чалавек, але гэта таксама не ахоплівае ўсіх гісторый. Таму можна меркаваць, што і тут мы не маем поўнай карціны.

Ці шмат гэта ці мала — цяжка сказаць, бо трэба ўлічваць, чым рызыкавалі гэтыя людзі. Тыя, хто не далучаўся да антыпольскіх акцый АУН і УПА на Валыні, успрымаліся як здраднікі народа, і супраць іх маглі прымяняцца вельмі суровыя пакаранні, у тым ліку смяротнае. У шэрагах УПА дзейнічала Служба бяспекі АУН — своеасаблівая палітычная паліцыя, якая выносіла смяротныя прысуды людзям, якіх лічылі ворагамі арганізацыі, у тым ліку, украінцам. Гэта магло закрануць і тых, хто супрацоўнічаў з палякамі або дапамагаў ім.

— Гэта складанае пытанне, але што магло матываваць гэтых людзей ісці на такую рызыку? Ці галоўную ролю адыгрывалі рэлігійныя перакананні, ці, магчыма, сямейныя, ці суседскія сувязі, бо ў рэгіёне было шмат змешаных сем’яў?

— Калі казаць пра змешаныя сем’і, то прынята лічыць, што каля 10%  усіх сем’яў на гэтай тэрыторыі маглі быць змешанымі. Гэта была значная колькасць, і сапраўды адной з галоўных прычын выратавання было тое, што гаворка ішла пра сваякоў — блізкіх ці больш далёкіх.

Другім важным фактарам былі добрыя суседскія адносіны. Гэта былі людзі, з якімі гадамі мірна жылі перад вайной і якія былі па-сапраўднаму блізкімі.

Важную ролю адыгрывала і рэлігійная матывацыя, што бачна на канкрэтных прыкладах. Сярод украінцаў, якія дапамагалі палякам, былі прадстаўнікі розных хрысціянскіх супольнасцяў — праваслаўныя, пратэстанты, у тым ліку баптысты, штундысты, а таксама сведкі Іеговы.

Ёсць таксама прыклады грэка-каталіцкіх і праваслаўных святароў, якія выступалі супраць гвалту ў дачыненні да польскага насельніцтва і заклікалі не чыніць гвалту над суседзямі-каталікамі. Паводле няпоўных звестак, загінулі як мінімум 28 грэка-каталіцкіх і 20 праваслаўных святароў.

— Мы гаворым пра 1940-я гады, калі большасць польскага, яўрэйскага і ўкраінскага насельніцтва была рэлігійнай. Якую ролю адыгрывалі царква і духавенства ў той час? Вядома, што былі розныя пазіцыі: ад маўчання і заахвочвання да асуджэння гвалту. Прыгадваецца  мітрапаліт Украінскай грэка-каталіцкай царквы, якая дамінавала на гэтай тэрыторыі, Андрэй Шаптыцкі, які напісаў у лістападзе 1942 года зварот да вернікаў пад назвай «Не забі!». Ці маглі заклікі святароў паўплываць на ўдзельнікаў украінскага падполля і тых, хто далучыўся да антыпольскіх акцый?

— Гэта, безумоўна, важнае пытанне, але таксама складана адназначна адказаць, чаму царква не здолела або не магла спыніць гэты гвалт. Вядома адно: у крыніцах па-рознаму падаюцца пазіцыі духавенства. Можна сустрэць як выпадкі падтрымкі антыпольскіх выступаў, так і маўчанне ці дапамогу польскаму насельніцтву.

Я кажу тут пра пазіцыі як праваслаўных, так і грэка-каталіцкіх святароў. Мы не маем настолькі дакладных даследаванняў, якія дазволілі б вызначыць у працэнтах, якая пазіцыя пераважала.

Мне здаецца, што крайнія выпадкі — адкрытая падтрымка злачынстваў або актыўны ўдзел у іх — усё ж не былі найбольш распаўсюджанымі. Ёсць толькі некалькі крыніц, якія адназначна пацвярджаюць удзел духоўных асоб у забойствах палякаў.

Хутчэй пераважала тое, што цяжка назваць абыякавасцю, — гэта была пасіўнасць. Ідэалогія радыкальнага інтэгральнага нацыяналізму, нягледзячы на тое, што часам выкарыстоўвала рэлігійную рыторыку, насамрэч супярэчыла хрысціянскім каштоўнасцям і вучэнню хрысціянскіх цэркваў.

Яшчэ да Другой сусветнай вайны грэка-каталіцкія іерархі выступалі супраць радыкальнага ўкраінскага нацыяналізму, называючы яго з’явай, якая супярэчыць рэлігіі, бо ён ставіў на першае месца нацыю замест Бога.

— У такім выпадку, ці можа гісторыя ўкраінцаў, якія ратавалі палякаў падчас Валынскай трагедыі, дапамагчы знізіць напружанне паміж народамі і змякчыць канфлікт памяці? Ці важна, каб пра такіх людзей больш актыўна распавядалі і ў Польшчы, і ва Украіне?

— Гэта праўда, бо, па-першае, трэба заўсёды памятаць і казаць пра такія прыклады. Гэтыя людзі часта праяўлялі вялікую мужнасць, бо дапамога іншым магла каштаваць ім жыцця. Акрамя таго, трэба памятаць пра ўсю вялікую большасць, якая не ўдзельнічала ў разні. Калі мы гаворым, напрыклад, пра ўкраінскіх жыхароў Валыні, то толькі невялікая частка з іх брала ўдзел у забойствах палякаў. Пра гэта таксама трэба памятаць, бо часам у Польшчы ўзнікае вобраз, быццам усе жыхары гэтых тэрыторый з’яўляюцца нашчадкамі забойцаў. Гэта не адпавядае рэчаіснасці.

Слухайце аўдыё!

эж