Польскае войска актыўна развівае тэхналогіі, заснаваныя на штучным інтэлекце і аўтаномных сістэмах — чытаем на сайце «Defence24». Яны павінны палепшыць кіраванне войскамі, маніторынг і выяўленне пагроз, а таксама павысіць эфектыўнасць аховы ўсходняй мяжы. Ключавую ролю ў гэтым адыгрывае Цэнтр укаранення штучнага інтэлекту (CISI).
На думку кіраўніка CISI палкоўніка Пятра Турка (Piotr Turek), Міністэрства нацыянальнай абароны Польшчы пачало працэс аўтаматызацыі мяжы. Мэта — выкарыстаць як мага больш беспілотных і аўтаномных платформаў, якія будуць падтрымліваць або часткова замяняць вайскоўцаў падчас патрулявання прыгранічных тэрыторый. Гэтыя тэхналогіі ўжо выпрабоўвалі падчас вучэнняў.
Эксперты падкрэсліваюць, што сучасная тэхніка павінна быць не толькі эфектыўнай, але і належным чынам абароненай ад кібератак. Гэта асабліва датычыць дронаў, якія выкарыстоўваюцца для разведкі і аховы мяжы. Іх перахоп праціўнікам мог бы стварыць пагрозу бяспецы аперацыі.
З пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне колькасць кібернападаў на інфраструктуру польскага Міністэрства абароны вырасла ў пяць разоў. Польшча, як краіна, якая мяжуе з Украінай і з’яўляецца важным лагістычным цэнтрам, стала адной з галоўных мішэняў у кіберпрасторы. На думку палкоўніка Турка, развіццё штучнага інтэлекту прывяло да таго, што нават людзі без вялікага досведу цяпер могуць ажыццяўляць складаныя атакі.
Таму польскае войска выкарыстоўвае ШІ для абароны. Інструменты, якія распрацоўвае CISI, дапамагаюць аналізаваць пагрозы, выяўляць нетыповыя схемы дзеянняў і рэагаваць на інцыдэнты, а ўласныя распрацоўкі павышаюць устойлівасць дзяржавы і змяншаюць залежнасць ад замежных пастаўшчыкоў тэхналогій.
Развіццё польскіх сістэм ШІ падтрымлівае таксама праграма SAFE, якая паскорыла стварэнне нацыянальных распрацовак і інфраструктуры.
нг