Медыцынскія ВНУ бʼюць рэкорды папулярнасці сярод выпускнікоў. Сёлетняя статыстыка пасля першага этапу адбора кандыдатаў паказвае на асаблівую папулярнасць медыцынскіх напрамкаў вучобы, паведамляе «Gazeta Wyborcza».
Паводле выдання, у Гданьскім медыцынскім універсітэце на адно месца прэтэндуюць у сярэднім 16,9 чалавека, у Люблінскім — 14,5, а ў Беластоку — больш за 23.
Гэтыя рэкордныя лічбы звязаны не толькі з папулярнасцю медыцынскай спецыяльнасці. Сёлета на месцы прэтэндуюць большыя групы выпускнікоў сярэдніх школ.
У 2025 годзе выпускныя экзамены ў Польшчы здавала 256 тысяч выпускнікоў сярэдніх школ, сёлета — амаль 345 тысяч. Гэта вынік «рэформы шасцігодкаў», то бок зніжэння з сямі да шасці гадоў узросту паступлення вучняў у пачатковую школу, якую ў 2009 годзе спрабаваў ажыццявіць урад Дональда Туска.
Між тым, колькасць месцаў на 39 медыцынскіх універсітэтах амаль такая ж, як і ў мінулым годзе. Міністэрства аховы здароўя, якое вызначае ліміты прыёму, павялічыла іх колькасць на 2% на лекавым факультэце і на 4,4% на стаматалагічным.
Таксама павялічваецца колькасць месцаў у немедыцынскіх універсітэтах, якія набіраюць студэнтаў на лекавую спецыяльнасць. Такія ўстановы, як Акадэмія прыкладных навук у Новым Таргу і Новым Сончы, філіял Універсітэта імя Адама Міцкевіча ў Піле і Вроцлаўскі політэхнічны ўніверсітэт прапануюць ад 30 да 60 месцаў.
На пытанне газеты, ці ўлічвала Міністэрства аховы здароўя пры вызначэнні сёлетніх лімітаў большую колькасць абітурыентаў, ведамства адказала, што такія магчымасці ўніверсітэтаў і няма неабходнасці рыхтаваць больш лекараў.
Прэс-сакратар Вышэйшай медыцынскай палаты Якуб Касікоўскі ў інтэрвʼю выданню «Gazeta Wyborcza» прызнаў, што стацыянарныя медыцынскія факультэты не могуць змясціць больш студэнтаў.
Праблемай, перш за ўсё, з’яўляецца абмежаванне колькасці месцаў на занятках па аўтапсіі і на стажыроўках у клінічных бальніцах. Паводле Якуба Касікоўскага, прыём большай колькасці студэнтаў на дзённую форму навучання магчымы, але за кошт абмежаванняў на платных кірунках на замежных мовах (у асноўным для замежных студэнтаў – рэд.), якія зʼяўляюцца асноўнай крыніцай даходу гэтых установаў.
аз