У бамбасховішчах у Фінляндыі, насельніцтва якой налічвае 5,5 мільёна чалавек, маглі б схавацца 5 мільёнаў чалавек. У Фінляндыі сховішчы маюць двайное прызначэнне, паясняе ў размове з агенцтам PAP пасол згаданай краіны ў Польшчы Пайві Лайнэ, якая праз чатыры месяцы завяршае сваю місію ў Варшаве.
Паводле яе, будаўніцтва бамбасховішчаў можа стаць яшчэ адной сферай выдатнага супрацоўніцтва паміж Польшчай і Фінляндыяй. Польшча ўжо карыстаецца фінскім досведам у гэтай сферы, кажа амбасадарка.
— Дэлегацыі польскіх мясцовых органаў улады, якія адказваюць за будаўніцтва бамбасховішчаў у Польшчы, рэгулярна наведваюць Фінляндыю, каб азнаёміцца з сітуацыяй і тымі рашэннямі, якія можна адаптаваць на мясцовым узроўні. У пачатку ліпеня мы прымалі ваяводу Мазовіі Марыюша Франкоўскага. Ён наведаў аб'екты ў Хельсінкі і Куапіа, дзе ў 2024 годзе было адкрытае самае сучаснае грамадзянскае бамбасховішча ў Еўропе, якое, у крызіснай сітуацыі, можа змясціць 7 000 чалавек, — кажа дыпламатка.
Яна звяртае ўвагу, што ў Фінляндыі ўсе сховішчы маюць «двайное прызначэнне».
— Яны штодня служаць грамадзянскім мэтам — там размяшчаюцца паркоўкі або спартыўныя збудаванні, а ў часы вайны або крызісу забяспечваюць абарону насельніцтва. Гэта правераная мадэль, якую варта паўтарыць у Польшчы. Хачу нагадаць, што дзякуючы гэтым рашэнням, у Фінляндыі ў бамбасховішчах могуць схавацца 5 мільёнаў чалавек — краіне, насельніцтва якой складае 5,5 мільёна чалавек. Сітуацыя яшчэ лепшая ў Хельсінкі, дзе пражывае 600 000 чалавек, а ў сховішчах забяспечаныя месцы для 900 000 чалавек, — кажа Пайві Лайнэ.
Яна нагадвае, што ў Фінляндыі, згодна з заканадаўствам, кожны будынак плошчай больш за 1200 квадратных метраў павінен мець сховішча. За іх будаўніцтва адказвае забудоўшчык, а не мясцовыя ўлады ці дзяржава. Хоць, гэта крыху павышае кошт кватэры (на 2-3 працэнты), затое бяспека — бясцэнная, — кажа амбасарадка.
— У мірны час сховішчы ў шматкватэрных дамах выкарыстоўваюцца жыхарамі, напрыклад, для захоўвання ровараў або калясак. Яны будуюцца і абсталёўваюцца такім чынам, каб стаць паўнафункцыянальнымі сховішчамі на працягу 72 гадзін. Дарэчы, Мазавецкі ваявода здзівіўся, калі даведаўся, што 97 працэнтаў сховішчаў у Фінляндыі знаходзяцца ў прыватнай уласнасці, — заявіла Пайві Лайнэ.
Паводле яе, у Польшчы ўжо працуюць фінскія кампаніі, якія спецыялізуюцца на будаўніцтве сховішчаў, такія як «Temet Group» i «Verona Shelter Group». Яны ўдзельнічаюць у партнёрскіх праграмах.
— Аднак задача будаўніцтва бамбасховішчаў — гэта задача польскіх будаўнічых кампаніяў — гэта яны будуць заліваць бетон. Фінскія кампаніі могуць прапанаваць вопыт і неабходнае абсталяванне: узмоцненыя дзверы, сістэмы вентыляцыі і гігіены і г.д., — распавяла амбасадарка Фінляндыі ў Польшчы ў размове з агенцтвам PAP.
аз