У мінулыя выхадныя шмат людзей у Польшчы сачылі за тым, што адбывалася ў Балтыйскім моры. Польскі плывун Барталамей Кубкоўскі стаў першым у гісторыі чалавекам, які пераплыў Балтыйскае мора. Караліна Шчэпаняк таксама знаходзілася ў моры ў той жа час, таксама імкнучыся пераплысці Балтыку.
Барталамей Кубкоўскі па мянушцы «Фока» (Цюлень) уладальнік сусветнага рэкорду ў 24-гадзінным плаванні і неаднаразовы прызёр чэмпіянатаў Польшчы і свету ў мінулую нядзелю выйшаў з вады як першы ў гісторыі чалавек, які пераплыў Балтыйскае мора, ад Кёсеберга (Швецыя) да Дзіўнова (Польшча). Агулам гэта была пятая спроба плыўца паставіць такі рэкорд. Найбліжэй да дасягнення мэты ён быў у мінулым годзе, праплыўшы 159 кіламетраў за 53 гадзіны. Аднак за 11 кіламетраў да фінішу ён страціў прытомнасць і быў выцягнуты з вады.
Сёлета плывун пачаў заплыў у пятніцу, 31 ліпеня, на шведскім узбярэжжы. Каб завяршыць дасягненне, спартовец павінен самастойна выйсці з вады на польскі бераг і не мог дакранацца да выратавальнай шлюпкі падчас плавання, патлумачыў Марцін Цесляк з каманды Purely Athletics, якая падтрымлівала спартоўца.
— Бартэк пераадолеў 160 кіламетраў, гэта калі глядзець наўпрост па мапе, паводле дадзеных навігатара будзе крыху больш, магчыма, нават 170 кіламетраў. Бартэк плыў большы за 55 гадзін і за гэты час ані разу не дакрануўся да лодкі, не адпачываў, не спаў, плыў без перапынку тры дні. Каб яму залічылі яго дасягненне, яму неабходна даплыць, самому выйсці з вады і стаць на беразе.
У такой сітуацыі крызісы непазбежныя. Лепшы спосаб іх пераадолець – гэта дадатковае спажыванне калорый і псіхалагічная падтрымка, дадае трэнер Барташ Пашкоўскі.
— З-за вялізарнай стомленасці ў Бартка здараліся галюцынацыі, пару разоў ён губляў напрамак, казаў, што не ведае куды плыць. Але падчас цяперашняй спробы такія праблемы з’явіліся пасля 50 гадзін заплыву, нам удалося іх вырашыць. У нас было ў запасе некалькі трукаў, так бы мовіць. Мы паказвалі яму розныя відэа, паказвалі розныя фотаздымкі. Мы нагадвалі Бартэку, чаму ён гэта робіць, навошта і для каго ён гэта робіць. Вядома, мы таксама нагадвалі яму, што галоўная мэта — сабраць сродкі для хворых дзяцей з «Cancer Fighters». У нас ёсць некалькі спосабаў мабілізаваць Бартэка, прыдаць яму сілы.
Плывуну спатрэбіліся гады цяжкай працы, каб падрыхтаваць свае маторныя навыкі да перасячэння Балтыйскага мора, распавёў трэнер у інтэрв'ю TVP Info.
— Бартэк праводзіў жорсткія трэніроўкі, якія часам доўжыліся паўтара дня. Ён не спаў усю ноч, плаваў уначы і хадзіў у басейн на заплывы па некалькі дзясяткі кіламетраў. Гэта толькі частка падрыхтоўкі, бо былі таксама наземныя трэніроўкі, псіхалагічная падрыхтоўка і гэтак далей. Гэта была вельмі сурʼёзнай падрыхтоўкай, каб сёння быць тут.
Маршрут склаў прыблізна 160 кіламетраў і заняў 55 гадзін. 2 жніўня, каля 20:00, плывун даплыў і выйшаў на польскі бераг Балтыйскага мора ў Дзіўнове. Там яго чакаў натоўп заўзятараў.
Барталамей Кубкоўскі зладзіў сёлетні заплыў з дабрачыннай мэтай, каб назбіраць грошы для фонду « Cancer Fighters» (Змагары з ракам), які дапамагае ў лячэнні дзецям хворым на рак.
У пятніцу падобны заплыў пачала таксама алімпійская чэмпіёнка Пекіна і Лондана, уладальніца рэкордаў Гінеса і свету па 72 гадзінах бесперапыннага плавання Караліна Шчэпаняк. Гэта была яе другая спроба пераплысці Балтыйскае мора. Караліна Шчэпаняк плыла, каб дапамагчы 14-гадоваму Пятру Малолепшаму ў лячэнні ды рэабілітацыі.
У сацыяльных сетках каманда распавядала пра вычын і паказвала, як матывуе спартсменку.
— Памятаеш, што табе казала мама, праўда? Боль пройдзе, боль пройдзе, Караліна. Ты зможаш гэта зрабіць. Ведаеш, чаго табе ўжо ўдалося дасягнуць за гэтым час? Ты сабрала 192 тысячы злотых на лячэнне хваробы. Караліна, яшчэ крыху. Выпусці эмоцыі, паплач, калі баліць, пачні крычаць.
Плывуння планавала даплысці да Пабёрова, але на змагла і сышла з дыстанцыі прыблізна пасля 58 гадзін знаходжання ў вадзе. «Караліна Шчэпаняк завяршыла сваю спробу пераплысці Балтыйскае мора са Швецыі ў Польшчу. Яна плыла 58 гадзін. Дзякуй», – гаворыцца ў допісе на яе профілі ў Instagram.
Раней у сацыяльных сетках зʼявіліся паведамленні пра тое, што Шчэпаняк пакутуе ад мулякоў пад пахамі і складаных умоў надворʼя. Неўзабаве пасля абʼявы аб спыненні заплыву ў яе Instagram дадалася важная навіна.
— Караліна пад наглядам лекараў. Яна стамілася, у яе шмат мулякоў і ацёкаў, але ў астатнім яе стан стабільны», — гаворыцца на профілі спартсменкі.
— Такое дасягненне — гэта як падняцца на Эвэрэст, — кажа водны ратавальнік Лукаш.
— Я чытаў пра гэта. Для мяне — гэта як узыйці на гару Эвэрэст, толькі ў плаванні. Я сам не плаваў на такія вялікія дыстанцыі, але чуў, што на такой адлегласці недастатакова ўмець плаваць, але трэба змагацца са шматлікімі складанасцямі. Гэта і страх вады, асабліва ўначы, і марская хвароба.
Прыкладна за 55 гадзін чалавек упершыню ўплаў перасек Балтыйскае мора. Заплыў даўжынёй 160 км са Швецыі да Польшчы здзейсніў польскі плывун Барталамей Кубкоўскі. Таксама полька Караліна Шчэпаняк спрабавала пераплыць Балтыку ў гэтыя ж дні, але была вымушаная спыніць заплыў.
Юры Ліхтаровіч