Расійская крылатая ракета Х-101, якая 30 ліпеня ўвайшла ў паветраную прастору Польшчы і праляцела больш за 90 кіламетраў углыб краіны, выявіла праблемы ў сістэме супрацьпаветранай абароны. Аўтар аналізу гэтага здарэння Максіміліян Дура, надрукаванага парталам Defence24, сцвярджае, што неабходнасць візуальна ідэнтыфікаваць ракету была звязаная не з рызыкай збіць грамадзянскі самалёт, а з недасканалымі працэдурамі.
Паводле аўтара, вайсковыя працэдуры былі распрацаваныя яшчэ да поўнамаштабнай вайны ва Украіне і не ўлічваюць сучасных пагроз з боку Расіі. Прадстаўнік Аператыўнага камандавання відаў Узброеных сіл Польшчы падпалкоўнік Яцэк Гарышэўскі тлумачыў, што перад знішчэннем аб'екта неабходна візуальна пераканацца, што ён не з'яўляецца грамадзянскім паветраным суднам.
Аднак уначы ўздоўж усходняй мяжы дзейнічае зона поўнай забароны грамадзянскіх палётаў — на адлегласці ад 20 да 50 кіламетраў углыб краіны і на вышыні да 3 кіламетраў. Гэтая зона была ўведзеная па запыце ўласна Аператыўнага камандавання. Таму, як адзначае аўтар, ваенныя мелі падставы лічыць аб'ект ракетай: пра гэта сведчылі дадзеныя з Украіны, а таксама хуткасць і вышыня палёту, зафіксаваныя польскімі радарамі.
Адначасова застаецца незразумелым, ці быў дадаткова абмежаваны паветраны рух у раёне, дзе пралятала ракета. Польскае агенцтва аэранавігацыйнага абслугоўвання не раскрыла гэтай інфармацыі, спаслаўшыся на аператыўны характар звестак.
Максіміліян Дура лічыць, што сітуацыю неабходна расследаваць, у тым ліку высветліць, чаму ракета не была знішчаная раней і ці сапраўды існавала неабходнасць у яе візуальнай ідэнтыфікацыі.
эж