Пакупнік хацеў аплаціць тавар банкнотай наміналам 20 злотых, склееным клейкай стужкай. Касір адмовіўся прыняць такую купюру і прапанаваў безнаяўны разлік. Калі кліент не пагадзіўся плаціць карткай, продаж быў скасаваны.
Выданне тлумачыць, што польскае заканадаўства сапраўды гарантуе магчымасць разліку наяўнымі грашыма, аднак гэта не азначае, што кожная пашкоджаная банкнота абавязкова павінна быць прынята прадаўцом.
Згодна з законам аб Нацыянальным банку Польшчы, грашовыя білеты, якія ў выніку зносу або пашкоджання перасталі адпавядаць патрабаванням, устаноўленым кіраўніцтвам НБП, губляюць статус законнага плацежнага сродку і падлягаюць абмену.
Нацыянальны банк адносіць да такіх банкнот парваныя, падклееныя, надмерна забруджаныя, запэцканыя або абясколераныя купюры.
Пашкоджаныя грошы можна абмяняць у банку. Калі захавалася больш за 75 працэнтаў паверхні банкноты, яе ўладальнік можа атрымаць поўны намінал. Поўную суму таксама выплачваюць за банкнот, разарваны не больш чым на дзевяць частак, калі ўсе яны разам складаюць сто працэнтаў першапачатковай плошчы.
Калі ж захавалася ад 45 да 75 працэнтаў купюры, выплачваецца толькі палова яе намінальнага кошту. Фрагменты меншыя за 45 працэнтаў першапачатковай плошчы абмену не падлягаюць.
яс