Няспынная плыня людзей ад сённяшняга ранку рухалася да Архікатэдры святога Яна Хрысціцеля ў Варшаве. Бел-чырвоныя і бел-чырвона-белыя вянкі і кветкі ў руках сотняў беларусаў і палякаў. Слёзы ў вачах. Мы ўсе прыйшлі развітацца з выбітным беларусам, шчырым чалавекам, сумленным палітыкам, надзейным сябрам. Менавіта такім быў Аляксандр Мілінкевіч.
Ён сабраў на свой апошні мітынг людзей розных поглядаў і меркаванняў, розных пакаленняў ды інтарэсаў. Беларусаў, палякаў і ўсіх тых, для каго годнасць, шляхетнасць і павага — не пусты гук.
Развітальнае слова Святланы Ціханоўскай
— Ён быў тым палітыкам, за якога ніколі не было сорамна. На якога хацелася раўняцца. У ім беларусы бачылі прыстойнага і адказнага лідара. І тую іншую Беларусь — нармальную, несавецкую, еўрапейскую. Ён жыў Беларуссю. Дыхаў Беларуссю. Асабістае і нацыянальнае для яго былі непадзельныя. І ён вельмі любіў наш народ. Гэтая любоў рабіла яго такім сваім. Сваім для вельмі розных людзей. Спадар Аляксандр, дзякуй за ўсё, што Вы паспелі зрабіць. Беларусам будзе Вас вельмі не хапаць. Светлая памяць, — сказала на развітанні Святлана Ціханоўская.
І гэта сапраўды так. Можна было шмат у чым з ім не пагаджацца, спрачацца і заўсёды ведаць, што ад гэтага ні яго павага, ні яго стаўленне да цябе не зменяцца.
— Я ў гэтыя дні ўзгадваю, калі быў юнаком, у 90-ыя гады Аляксандр Мілінкевіч стаў віцэ-мэрам Гародні і тады ў мяне, як у маладога беларуса, з’явілася надзея. Надзея на перамены. Пазней, калі ён быў кандыдатам у прэзідэнты краіны, у мяне таксама была надзея. Сёння я задаўся пытаннем — ці з яго смерцю знікае гэта надзея? Не, не знікае. Яна застаецца. Такія людзі пакідаюць нам моц і сілу працягваць змагацца за рэалізацыю нашай супольнай надзеі, у якую верыў Аляксандр Уладзіміравіч — гэта вольная, дэмакратычная, незалежная Беларусь, — сказаў у развітальнай прамове Павел Латушка.
Мне здаецца, што калі б гэта развітанне адбывалася ў Беларусі, то мы пачулі б шмат цёплых словаў пра Аляксандра Мілінкевіча і ад тых, хто працягвае служыць рэжыму. Бо ён заўсёды стараўся шукаць паразуменне з рознымі людзьмі. Як трапна сказаў пра яго паплечнік і сябар Алесь Лагвінец: “Ён не спальваў масты, ён іх будаваў”.
Кажуць, што людзі жывуць, пакуль мы пра іх памятаем. Жывуць у нашых сэрцах, нашых учынках. Хочацца верыць, што спадар Аляксандр будзе з намі яшчэ вельмі доўга. Будзе назіраць за намі з нябёсаў. Бачыць, як мы адбудоўваем нанова Беларусь і пасміхацца. Так шчыра і цёпла!
Аксана Колб