Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Як падзеі 25 жніўня 1991 года ўспрынялі беларусы Беласточчыны? «Было поўнае адчуванне еднасці»

25.08.2026 13:13
Пра тагачасныя эмоцыі, спадзяванні і пра тое, чаму праз тры з паловай дзесяцігоддзі Беларусь апынулася зусім не там, дзе яе бачылі ў 1991 годзе, размаўляем са старшынём Беларускага гістарычнага таварыства, прафесарам Алегам Латышонкам.
Аўдыё
  • Як падзеі 25 жніўня 1991 года ўспрынялі беларусы Беласточчыны? «Было поўнае адчуванне еднасці»
Алег Латышонакфота: Польскае радыё

25 жніўня 1991 года Вярхоўны Савет тады яшчэ БССР надаў Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце статус канстытуцыйнага закона. Гэтым рашэннем была фактычна абвешчаная незалежнасць беларускай дзяржавы.

Сёння гэтая дата ў самой Беларусі не мае статусу дзяржаўнага свята. Рэжым Лукашэнкі адзначае Дзень Незалежнасці 3 ліпеня — у гадавіну вызвалення Мінска ад нацысцкай акупацыі ў 1944 годзе.

Як падзеі 25 жніўня 1991 года ўспрынялі беларусы Беласточчыны? У Польшчы тады таксама працягваўся складаны перыяд палітычнай і эканамічнай трансфармацыі, але навіна пра незалежнасць Беларусі была сустрэта з вялікай надзеяй. З ёй звязвалі чаканні беларусізацыі, развіцця нацыянальнай культуры і дэмакратычнай будучыні краіны.

Пра тагачасныя эмоцыі, спадзяванні і пра тое, чаму праз тры з паловай дзесяцігоддзі Беларусь апынулася зусім не там, дзе яе бачылі ў 1991 годзе, размаўляем са старшынём Беларускага гістарычнага таварыства, прафесарам Алегам Латышонкам.

Алег Латышонак: Усё было такое чаканае, усе гэтага чакалі. Таму не было нейкага пачуцця шоку, што такое здарылася. Я так гэта ўспрыняў: супер, нарэшце і мы. Усе навокал — ужо і мы. І было такое перакананне, што цяпер ужо ўсё будзе добра.

Былі мы на пасецы, во, цяпер успомніў. Былі мы на пасецы, і я так думаю: Божа, столькі крыві пралілі за гэтую незалежнасць, столькі людзей загінула, а тут — бах! — і няма Савецкага Саюза, і ёсць незалежная Беларусь. А мой тата кажа: ну, відаць, так. Было такое пачуццё пэўнай нерэальнасці. Дзякуй Богу, што так было. І думалася, што так цяпер і будзе.

Яраслаў Іванюк: А былі вялікія спадзяванні з боку беларускай нацыянальнай меншасці?

Алег Латышонак: Трэба памятаць, што ў нас таксама быў час трансфармацыі. Людзі мелі свае клопаты, пра гэта нельга забываць. Мянялася ўсё жыццё, да чаго людзі прывыклі.

Спадзяванні былі вялікія, асабліва сярод маладога, патрыятычнага пакалення. Тады якраз яно было вельмі шматлікае. І мы былі перакананыя, што Беларусь цяпер будзе развівацца гэтаксама, як і іншыя краіны, што проста будзе ў нас, у Польшчы, Еўропа, і будзе ў Беларусі. Усё абнадзейвала: беларусізацыя, беларускія школы, паўсюль афіцыйна гавораць па-беларуску. Нарэшце — наша краіна. Ну, калі сёння на гэта паглядзіш, то гэта проста неверагодна. Але я і надалей перакананы, што не мусіла так быць, не мусіла ўсё пайсці так, як пайшло. Шмат тут было памылак — і ўлады, і апазіцыі, — што ў выніку вырасла такая пачвара, як лукашэнкаўская ўлада. Тады гэтага немагчыма было прадбачыць. Проста ніхто не думаў, што такое ўвогуле можа стацца з Беларуссю.

Яраслаў Іванюк: Гаворачы пра гэтыя падзеі праз тры з паловай дзесяцігоддзі, напэўна, нельга забываць і пра тое, што было шмат сяброўства паміж маладым пакаленнем тут і тымі беларусамі, якія ў нейкім сэнсе прычыніліся да гэтай незалежнасці.

Алег Латышонак: Гэта асабліва добра відаць на фоне сённяшняй сітуацыі. Тады мы былі заадно. Проста дзякуючы «Басовішчу», дзякуючы таму, што мы ўвесь час ездзілі ў Мінск, чалавек бачыў усю беларускую інтэлектуальную эліту, а таксама палітычную — вядома, апазіцыйную. Але было такое адчуванне, што мы абсалютна адзін народ. Я прызнаюся шчыра: калі я ехаў у Мінск, мне нават здавалася... Гэта быў такі вялікі горад, але ціхі і спакойны. Думаў: ці пазнаю я яшчэ гэты Мінск праз нейкі час? Але тады абсалютна было адчуванне еднасці. Трэба сказаць, што мы былі заадно: адна культура і адны памкненні.

Яраслаў Іванюк: Што пайшло не так? Якія былі галоўныя памылкі?

Алег Латышонак: Першае — заўсёды найбольш вінаватая ўлада. Гэта значыць, Кебіч не разумеў, у якой краіне жыве, і якія настроі ў грамадстве. Ён хацеў быць прэзідэнтам, бо ўсе іншыя ўжо станавіліся прэзідэнтамі, і ён таксама хацеў. Але не разумеў, што не мае для гэтага патэнцыялу. Ну і, дарэчы, не здолеў утрымаць уладу.

Другое — апазіцыя думала, як, дарэчы, і вялікая частка з нас, што ўсё ўжо незваротна, што далей будзе толькі дэмакратызацыя і гэтак далей. І тут ужо памыліўся Пазьняк.

А трэцяе — народ быў да гэтага непадрыхтаваны. Незалежнасць не была вынікам вялікага змагання за яе, а хутчэй аб’ектыўным вынікам распаду Савецкага Саюза. Гэта, напэўна, была галоўная прычына.

Але я лічу, што народ ніколі ні ў чым не вінаваты, бо ён заўсёды, як крот, не ўсё бачыць і не ўсё разумее. Заўсёды адказнасць ляжыць на эліце — і на ўладзе, і на апазіцыі.

Дзякуем за размову.

Поўная размова з гісторыкам - у далучаным гукавым файле.

слухайце аўдыё