Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Не ўдасца палітыкам перасварыць палякаў і беларусаў — Павал Мажэйка

27.08.2026 07:06
Пасля вызвалення з беларускай турмы журналіст і былы палітвязень Павал Мажэйка быў выгнаны з Беларусі. Цяпер жыве ў Беластоку.
Аўдыё
  • Пра Беласток, Гродна, жыццё пасля турмы і беларускія сувязі па абодва бакі мяжы – у размове Яраслава Іванюка з Паўлам Мажэйкам.
Павал МажэйкаБеларуская служба Польскага радыё/Я. Іванюк

Сухайце далучаны гукавы файл

Месцам свайго новага жыцця ён свядома выбраў Беласток — горад, які добра ведаў яшчэ з 1990-х гадоў і з якім яго даўно звязваюць асабістыя і прафесійныя сувязі.

Як выглядае Беласток вачыма гарадзенца? Што сёння дапамагае адчуваць сябе тут бліжэй да дому і як закрытая мяжа змяніла горад?

Павал Мажэйка пацвярджае, што менавіта мясцовыя беларусы, іх памяць, культура і магчымасць вывучаць уласную мінуўшчыну былі важнай крыніцай натхнення для беларускага руху ў Гродне.

Павал Мажэйка: Воляй лёсу я быў прымусова выкінуты з Радзімы, з Беларусі. А ўжо быць у Беластоку  гэта быў мой свядомы выбар, бо я вельмі люблю гэты горад. Я, барані Божа, не хачу казаць сталым жыхарам і аўтахтонам, што гэта «мой горад», кaб не было, што «прыехаў тут нейкі прышлы і кажа, што гэта яго горад». Не, ні ў якім разе. Але Беласток я вельмі моцна люблю. Гэта такая правераная любоў яшчэ з самага пачатку 90-х, калі ўжо і па ўзросце, і пасля таго, як адкрыліся межы, я мог прыязджаць у Беласток і ў Польшчу.

Канешне, цяпер я наноў для сябе адкрываю гэты горад, бо ўсё ж такі раней для большасці беларусаў гэта быў такі гандлёвы цэнтр, або, хутчэй, транзітны пункт далей у свет. І таму я з такім захапленнем, са здзіўленнем адкрываю для сябе гэты горад.

Вядома ж, адчуваецца, што зараз ён трошкі заціснуты гэтай зачыненай мяжой, цяжкасцямі. І мясцовы бізнес, які яшчэ нядаўна  да пандэміі і да палітычных падзей  можна сказаць, квітнеў, усе гэта бачылі. Але, калі б мяне папрасілі адным выказваннем ацаніць Беласток сёння, то я б сказаў, што гэта такі зубр, які за дрэвамі чакае лепшай сітуацыі, каб сапраўды выйсці на гэтыя вялікія прасторы.

Вядома ж, Беласток  не Варшава, а Гродна  не Мінск. Можа, менавіта ёсць нейкае падабенства паміж гэтымі гарадамі  Гроднам і Беластокам,  і таму ён табе падабаецца?

Павал Мажэйка: Хутчэй, я б сказаў, што гэта блізкасць, гэтая заўсёдная даступнасць, ну, прынамсі, да 2020 года. Ты не паспяваеш, едучы ў маршрутцы Гродна  Беласток, нават прыснуць, а ты ўжо ў горадзе, дзе табе вядомыя месцы. Гэта, безумоўна, стварае такую атмасферу ўвесь час, адчуванне свойскасці, што ты, прынамсі, недалёка ад дома.

Хаця, канешне, калі глядзець на архітэктуру, забудову, гарадскую сістэму, транспартную сістэму  гэта розныя гарады. Яны доўгі час развіваліся побач, але паміж імі існавалі гістарычныя сувязі, напэўна, ва ўсе часы.

Плюс, калі глядзець на гісторыю беларускага адраджэнскага руху ў 80-я гады, то, канешне, без такога ўдзелу ці без натхнення, якое прыносілі беластоцкія беларусы, назавем іх так, наш беларускі рух у Гродне, мне здаецца, некалькі пазней ажывіўся б, быў бы больш запаволеным, быў бы менш глыбокім у сэнсе ідэі. Таму, што тут захоўвалася беларускасць людзей, якія жылі тут спрадвеку. І як бы там ні было, але ў сацыялістычнай Польшчы было дазволена трошкі больш  і ў захаванні памяці, і ў вывучэнні сваёй мінуўшчыны. Таму гэта было вельмі важна.

Я хоць у 80-я яшчэ быў за малы, але ўжо ў 90-я, чытаючы «Ніву» і кантактуючы з беларусамі, якія прыязджалі з Беласточчыны, для мяне гэта было вельмі істотна. Я магу сказаць, што я ў іх вучыўся.

Гутарыў Яраслаў Іванюк